Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 29 лістапада 1999 г.


Алег Грузьдзіловіч, Менск

(эфір 27 лістапада)
Хадайніцтва Юліі Чыгір аб прыпыненьні справы супраць яе мужа, экс-прэм'ера Міхала Чыгіра, адхіленае. Калегія Ленінскага раённага суду, якая разглядае справу дэпутата Андрэя Клімава, прыняла рашэньне аб правядзеньні дадатковай экспертызы.

Юлія Чыгір кажа, што не сумнявалася ў адмове, калі пісала хадайніцтва пасьля азнаямленьня зь беспадстаўнымі, як яна лічыць, абвінавачваньнямі мужа. Куды большае зьдзіўленьне жонкі экс-прэм'ера выклікала тое, у якой нязвыклай форме быў напісаны гэты адказ за подпісам кіраўніка адмысловай сьледчай групы палкоўніка Аляксея Лаўранюка.

(Юлія Чыгір: ) "Без нейкіх спасылак на закон. Гэта больш на літаратурны твор, чым адказ сьледчага".

Паводле Юліі Чыгір, сьледчыя не абцяжарвалі сябе доказамі віны Чыгіра або выкарыстоўвалі проста абсурдныя аргумэнты. Прыкладам, яны паспрабавалі давесьці карысьлівасьць у дзеяньнях Чыгіра на тым прыкладзе, што ён, калі кіраваў "Белаграпрабанкам", выдаў крэдыт адной камэрцыйнай фірме – маўляў, каб мець магчымасьць таньней купіць аўтамабілі для банка.

Як лічыць Юлія Чыгір, гэтая вэрсія нічым не даказаная. Па-другое, яна задаецца пытаньнем: што дрэннага ў тым, што кіраўнік банку клапаціцца пра прыбытак сваёй установы?

Аднак сьледчыя лічаць інакш, і ня тое што не зьбіраюцца спыняць справу Міхала Чыгіра, але й вызваляць яго пад падпіску не жадаюць.

Між тым, тэрмін затрыманьня Чыгіра хутка канчаецца. Юлія Чыгір:

(Юлія Чыгір: ) "Чакаю, да 30-га ж павінны або прадоўжыць тэрмін або нешта зьмяніць. Пакуль пастанову не прыносілі, не знаёмілі".

У справах зьніклых дзеячоў беларускай апазыцыі нічога новага не адбылося. Ва ўсялякім разе, гэтак кажуць сьледчыя Сьвятлана Байкова й Сяргей Новікаў, якія расьледуюць зьнікненьне Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара й прадпрыймальніка Анатоля Красоўскага.

Аднак, калі Сьвятлана Байкова, якая шукае экс-міністра нутраных справаў, хоць бы адказвае на пытаньні журналістаў, то Сяргей Новікаў з гарадзкой пракуратуры зноў і зноў дэманструе свой індывідуальны падыход да праблемы галоснасьці. Сяргей Новікаў:

(Новікаў: ) (па-расейску) "Ідзе сьледзтва і новага нічога сказаць не магу".

(Касрэспандэнт: ) "Можа на некія новыя факты выйшла сьледзтва, нейкія новыя вэрсіі?"

(Новікаў: ) (па-расейску) "Усё, прабачце, я заняты, нічога новага сказаць не магу".

Дарэчы, жонка Віктара Ганчара Зінаіда заяўляе, што цалкам не задаволеная тым, як вядуцца пошукі яе мужа. За мінулы тыдзень, як і за пяпярэдні, асабіста у яе не было аніякіх кантактаў з тымі, хто быццам бы шукае Ганчара.

"Уражаньне, што яны ўсё ведаюць, а робяць выгляд, што ня ведаюць нічога", – кажа Зінаіда Ганчар. Пра тое, што пошукі дзіўныя, кажа й Вольга Захаранка. "Навошта гэтае сьледзтва, калі прэзыдэнт заяўляе, што мой муж на Ўкраіне? Хай бы яго адтуль прывезьлі, у чым праблема?", – задаецца рытарычным пытаньнем жонка Захаранкі.

Тым часам у Менску на працэсе над Андрэям Клімавым, на думку адвакатаў, зроблены крок да асуджэньня дэпутата Вярхоўнага Савету.

Чаму абарона Клімава робіць такую выснову? У пятніцу судовая калегія на чале зь Вераю Тупік прыняла рашэньне аб прызначэньні дадатковай экспэртызы, бо ранейшая экпэртыза, як высьветлілася на працэсе, была праведзеная са шматлікімі памылкамі.

Вось толькі экспэртызы чаго? Суд вырашыў пераспраўдзіць праект і каштарысную дакумэнтацыю дому на Лодачнай. Між тым, абарона настойвала на тым, каб экспэрты спраўдзілі ня толькі паперы, але й рэальна пабудаваны дом і параўналі адно з адным.

Абвінавачаныя і адвакаты ўпэўненыя, што пры такім параўнаньні высьветліцца запазычанасьць ня Клімава перад дзяржаваю, а наадварот.

Суд, аднак, не пажадаў ісьці шляхам правядзеньня комплекснай экпэртызы й вырашыў проста паўтарыць былое спраўджаньне. Прычым даручыў гэта зрабіць тым самым экспэртам Уладзімеру Жураўскаму й Марыі Радыне, якія ўжо выконвалі даручэньне сьледчых.

Той факт, што абарона й бальшыня абвінавачваных па гэтай справе заявілі аб недаверы экспэртам, суд да ўвагі не прыняў.

Я папрасіў пракамэнтаваць сытуацыю, якая склалася на працэсе, адваката Гары Паганяйлу:

(Паганяйла: ) "Я магу пракамэнтаваць толькі адно, што суд ужо, як кажуць, стаў у каляіну, і думайце далей, што хочаце".

Адновіцца працэс над Андрэям Клімавым праз тыдзень, за які экпэрты мусяць даць сваё заключэньне.

На завершаньне агляду – інфармацыя зь Івацэвічаў, ад жонкі дэпутата Ўладзімера Кудзінава. На гэтым тыдні яна мела спатканьне з мужам, другое за год.

Кудзінавы размаўлялі праз шкло і гэтая размова доўжылася толькі паўтары гадзіны. Паводле Зоі Кудзінавай, Уладзімер адчувае сябе нядрэнна, а вось ягонае палітычнае самаадчуваньне пагоршылася. Кажа, быў вельмі расчараваны вынікамі саміту ў Стамбуле: не спраўдзіліся пэўныя спадзяваньні.

Аднак Уладзімер упэўнены, што эканоміку ўсё роўна не падманеш, і яна яшчэ сваё слова скажа. Мяркуючы з наступнай інфармацыі Зоі Кудзінавай, з гэтым аптымізмам вядомага вязьня адміністрацыя калёніі УЖ–15-1 мірыцца не зьбіраецца. Зоя Кудзінава:

(Кудзінава: ) "Перадала перадачу. 8 кіляграмаў. Астатняе не ўзялі, што было. Назад прывезла. Бывае што больш бярць, і 10, і больш за 10, але ж у нас ніколі не бяруць. У нас – толькі 8 кіляграмаў і ўсё, і ні грма больш".

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG