Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 29 лістапада 1999 г.


Галіна Айзенштадт, Менск

У той час, як на Захадзе шырока абмяркоўваецца тэма выплаты кампэнсацыяў ахвярам прымусовае працы ў Нямеччыне пад час другое сусьветнае вайны, у Беларусі яе замоўчваюць. Чаму?

Паводле словаў старшыні Беларускага фонду ўзаемапаразуменьня й прымірэньня Валянціна Герасімава, тэма выплаты кампэнсацыяў ахвярам прымусовае працы ў Нямеччыне ў нас шырока не абмяркоўваецца – "каб не трывожыць старых". Яшчэ, маўляў, невядомая сума, якую выдаткуе на гэтыя мэты Нямеччына, дык навошта загадзя біць у званы?

Тым больш, як сьцьвярджае Герасімаў, гэта і небясьпечна. Для тых жа старых. У Беларусі ўжо вядомыя шэсьць выпадкаў, калі сыны забілі сваіх бацькоў, каб завалодаць некалькімі сотнямі нямецкіх марак, атрыманых праз фонд ад нямецкага боку. А ў Маладэчне ўнук за трыста марак забіў дзеда.

Між тым, выглядае, што прычына ня толькі ў гэтым. Беларусь падыйшла да праблемы са звыклымі савецкімі меркамі. У нашай краіне амаль не зьмяншаецца колькасьць ня толькі ветэранаў вайны, але й вязьняў канцлягераў. Нават такога страшэннага, як "Азарычы".

Пра гэта "Радыё Свабода" паведаміў той жа Герасімаў. Прычына відавочная: дастаткова, каб двое сьведкаў падцьвердзілі, быццам нехта трэці быў разам зь імі ў лягеры – і такое сьведчаньне прымаецца ў якасьці законнага дакумэнту.

Кім і калі ў СССР было прынятае такое правіла – ніхто ня памятае, аднак яно працягвае дзейнічаць і ў постсавецкай Беларусі. Асабліва, калі з 1991 году пачаліся выплаты пацярпелым ад фашысцкага гэнацыду на акупаванай тэрыторыі. На сёньняшні дзень іх атрымалі ўжо сто дваццаць пяць тысячаў беларускіх грамадзянаў.

Даведаўшыся, што ў пэрспэктыве Нямеччына будзе выплочваць кампэнсацыі занятым на паднявольнай працы пад час другое сусветнае вайны, а таксама вязьням канцлягераў, Фонд узаемапаразуменьня й прымірэньня склаў сьпіс з 44 тысячаў беларусаў, якія працавалі на нямецкіх заводах, і з 25 тысячаў, хто працаваў у нямецкіх вёсках на баўэраў. Прынамсі, такімі лічбамі фонд апэраваў на пачатку гэтага году. Праўда, цяпер падцьвердзіць або абвергнуць гэтыя лічбы ў Фондзе адмаўляюцца. Усе з той жа прычыны: невядома, колькі канчаткова выявіцца людзей такой катэгорыі.

Хаця немцы даведкі, якія робяцца ў Беларусі часам за бутэльку гарэлкі, у разьлік прымаць ня хочуць. Ім патрэбныя архіўныя дадзеныя. Свае патрабаваньні яны вылучылі і ў адносінах да вязьняў канцлягераў. Кампэнсацыю атрымаюць толькі тыя, хто адносіцца да катэгорыі лягераў "А" – міжнародных – кшталту Асьвенцыма, Бухэнвальду, Дахаў.

Так што спроба атрымаць, так бы мовіць, "дармовыя" грошы, выкарыстоўваючы сумніўныя дакумэнты, наўрад ці ўдасца. Таму й маўчаць пра кампэнсацыі ў Беларусі. Хаця ў папярэднія гады пра іх гаварылі няспынна.

Мяркуючы па ўсім, не ўдалася й спроба Беларусі атрымаць сваю долю так званага нацысцкага золату. Летась Фонд выдаў накладам у 500 асобнікаў зборнік "Нацысцкае золата зь Беларусі. Дакумэнты й матэрыялы", які нават не паказалі журналістам, – пад зачэпкаю таго, што ён нібыта разьлічаны толькі на міжнародныя арганізацыі і амбасады. Каб тыя, уражаныя прачытаным, дапамаглі ўключыць Беларусь у сьпіс прэтэндэнтаў на золата. Мінуў год з таго моманту. У якім стане сёньня гэтае пытаньне? "Яно пакуль замарожанае", –прызнаў Герасімаў, адмовіўшыся патлумачыць, чаму.

Прычына ж, падаецца, усё тая ж: падбор, мякка кажучы, не зусім тых, што патрэбна, дакумэнтаў. Паводле сьведчаньня аднаго з гісторыкаў, які захацеў застацца неназваным, добра, калі ў зборніку набярэцца хаця б адсоткаў пяць дакумэнтаў, якія тычацца непасрэдна нацысцкага золату.

XS
SM
MD
LG