Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 29 лістапада 1999 г.


Ганна Навумовіч, Менск

Міністэрства сельскае гаспадаркі, выпрацоўваючы стратэгію разьвіцьця аграрнага комплексу на наступны год, не зьбіраецца адмаўляцца ад дзяржаўнае падтрымкі ды ільготнага фінансаваньня калгасаў.

Па першае, значную частку дзяржаўных выдаткаваньняў плянуецца накіроўваць гаспадаркам у якасьці надбавак за прадукцыю жывёлагадоўлі ў рамках дзяржаўнага заказу. Такім чынам міністэрства спадзяецца кампэнсаваць калгасам нізкія кошты на іхнюю прадукцыю. Іншымі словамі, цэны на малако й мяса ў наступным годзе, як і раней, будуць стрымлівацца. Астатнія дзяржаўныя выдаткаваньні, паводле зьвестак "Интерфакса", будуць пералічвацца на мэтавыя праграмы.

Адметна, што кампэнсацыі за нізкія закупавыя кошты павінны быць значнымі. Напрыклад, каб зрабіць вытворчасьць малака ня стратнай, давядзецца даплачваць 54 адсоткі ад кошту прадукту, за свініну – 37 адсоткаў, за ялавічыну – 115. Пры гэтым рэнтабельнасьць павінна быць на ўзроўні 20 адсоткаў. Такім чынам, ізноў прадугледжаная "ўраўнілаўка": гаспадаркі, дзе добра ідуць справы, будуць фінансаваць тых, хто самастойна гаспадарыць ня ў стане.

Міністэрства лічыць, што трэба адтэрмінаваць выплату запазычанасьці калгасаў за таварныя крэдыты й за энэрганосьбіты. Але не выключана, што ўрад не захоча пайсьці на гэтыя меры.

Сытуацыя з катастрафічным недахопам энэргетычных рэсурсаў вядомая. Плянавалася нават адключыць ад ацяпленьня тыя калгасы, якія маюць асабліва вялікую запазычанасьць. Да таго ж адтэрміноўка плацяжоў банкам таксама небясьпечная. Банкаўская сыстэма й без таго апынулася ў цяжкім стане з-за рэгулярнага вымушанага фінансаваньня вёскі.

Паводле меркаваньня віцэ-прэзыдэнта Зьвязу прадпрымальнікаў Аляксандра Патупы, "дзяржава, як і раней выдаткуе грошы на неэфэктыўныя галіны эканомікі. Пры ўраджайнасьці, якая была на Беларусі сёлета, у заходніх краінах проста не вядуць сельскую гаспадарку. У Беларусі, каб падтрымаць неэфэктыўную сфэру, выкарыстоўваюцца грошы банкаў, прадпрыемстваў і грамадзянаў, якія плацяць падаткі".

XS
SM
MD
LG