Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Навіны 29 лістапада 1999 г.


Міхал Стэльмак, Менск

Нацыянальны банк зацьвердзіў узоры новых беларускіх грошай, што будуць уведзеныя ў абарачэньне зь 1 студзеня 2000 году. Паводле свайго мастацкага афармленьня, новыя купюры болей ня ўтрымліваюць ані гэрбу "Пагоня", ані подпісу першага галоўнага банкіра незалежнай Беларусі Станіслава Багданкевіча.

Начальнік упраўленьня інфармацыі Нацыянальнага банку Анатоль Драздоў, камэнтуючы для нашага радыё адметнасьці вонкавага выгляду новых беларускіх грошай, паведаміў, што яны амаль цалкам паўтараюць цяперашнія.

Розьніца, паводле яго словаў, у 1000-разовай дэнамінацыі купюраў. Замест цяперашняй адной тысячы ў абарачэньне ўводзіцца адзін рубель, замест пяці тысячаў – пяць рублёў і гэтак далей.

Але прынамсі адна купюра будзе ўсё ж сапраўды новай. Гэта 10 рублёў. На ёй выява Нацыянальнае бібліятэкі Беларусі – былое так званае "ленінкі". Апроч таго, як паведаміў спадар Драздоў, на новых купюрах ня будзе гэрбу "Пагоня" і подпісу першага старшыні Нацыянальнага банку Станіслава Багданкевіча.

Спадара Багданкевіча зьнікненьне ягонага аўтографу на новых грашовых знаках, трэба сказаць, ня вельмі засмуціла. Іншага і быць ня магло, – заявіў ён сёньня нашаму радыё. – Як ня маглі ўлады пакінуць на купюрах і "Пагоню". Дарэчы, атачэньне Лукашэнкі чамусьці ўстрымалася ад замены "Пагоні" цяперашнім гэрбам.

Няма на новых грошах і лукашэнкавага сьцягу. Чаму? На гэтае пытаньне кіраўнік інфармацыйнае службы Нацыянальнага банку адказу ня даў. Разам з тым ён паведаміў, што дызайн новых купюраў распрацоўваў мастак, прозьвішча якога вырашана не называць.

Дарэчы, працэс друкаваньня новых грошай зараз у поўным разгары. Ужо два месяцы, як па замове Беларусі іх вырабам займаюцца фабрыкі ў Маскве й Санкт-Пецярбурзе.

Паводле афіцыйнага тлумачэньня, Расея была выбраная з прычыны параўнальна нізкіх расцэнак. Паводле нацбанкаўскіх крыніцаў, друкаваньне аднае купюры ў Расеі каштуе каля 2 цэнтаў.

Гэта значыць, выраб купюраў у адзін, пяць і дзесяць рублёў ужо сёньня даражэйшы за намінал гэтых купюраў.

Між тым, у сховішчах Нацыянальнага банку ўжо ёсьць надрукаваныя беларускія грошы, якія ня маюць анічога агульнага з цяперашняй дэнамінацыяй. Яны былі надрукаваныя ў 1994 годзе ў Нямеччыне. Паводле словаў Станіслава Багданкевіча, на іх выраб было выдаткавана 20 мільёнаў даляраў.

Напярэдані дэнамінацыі, што плянавалася ў сярэдзіне 90-х, меркавалася спачатку стабілізаваць макраэканоміку краіны. А менавіта: выйсьці на ўзровень інфляцыі, які б не пераўзыходзіў у год 10-12 адсоткаў. Адначасова плянавалася ўмацаваць фінансавую сыстэму.

Толькі пры такіх умовах, мяркуе спадар Багданкевіч, можна весьці размовы пра дэнамінацыю. Як вядома, зараз 10-12 адсоткаў – памер не гадавой, а штомесяцовай інфляцыі. У гэтых умовах, на думку Багданкевіча, ініцыятыва з новымі грашыма ня будзе мець плёну.

XS
SM
MD
LG