Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 29 лістапада 1999 г.


Юры Дракахруст, Менск

Учора ў простым эфіры праграмы "Итоги" расейскага тэлеканалу НТВ Лукашэнка даваў сваю трактоўку адтэрміноўцы падпісаньня хаўруснае дамовы.

Аматары нядзельнага "Рэзанансу" былі вельмі зьдзіўленыя, калі, ўключыўшы любімаю праграму, убачылі расейскую праграму "Итоги" НТВ. Відаць, беларускія ўлады надавалі вельмі вялікае значэньне выступу Лукашэнкі.

Ёсьць у гэтым пэўнае прызнаньне сваёй другараднасьці, для кіраўнікоў Беларусі сталіца – гэта па-ранейшаму Масква.

Інтэрвію з Лукашэнкам заняло значную частку расейскае тэлепраграмы. У адказах беларускага кіраўніка варта адзначыць некалькі момантаў.

Ён, як і ягоныя падначаленыя, цьвёрда трымаўся вэрсіі пра тое, што хвароба Ельцына – гэта сапраўды хвароба, а не палітычны ход, ня спроба адцягнуць, а тое і навогул адмяніць падпісаньне. Ён выказаў ўпэўненасьць, што на працягу бліжэйшых 10 дзён пытаньне будзе вырашанае.

Праўда, нават з тлумачэньняў Лукашэнкі вынікала, што ня ўсё так адназначна: ён паскардзіўся вядучаму на тое, што пад час абмеркаваньня дамовы тэлеканалы ОРТ і РТР не давалі слова прадстаўнікам афіцыйнага Менску, і з крыўдай паведаміў, што заплянаваны на адным з гэтых каналаў тэлемост быў адменены.

А гэта ня толькі дзяржаўныя каналы, як справядліва адзначыў Лукашэнка, гэта яшчэ й каналы, якія ў сучаснай палітычнай барацьбе ў Расеі змагаюцца на баку Крамлю.

Але кіраўнік Беларусі быў вымушаны рабіць добрую міну пры дрэннай гульні: ён у чарговы раз заяўляў, што хоча падпісаць дамову менавіта зь Ельцыным, спрабаваў нават абараніць прэзыдэнта Расеі ад крытычных выпадаў НТВ.

Нават калі вядучы Яўген Кісялёў вымусіў суразмоўцу выказацца наконт магчымасьці падпісаньня дамовы ня зь Ельцыным, Лукашэнка выказаўся хутчэй на карысьць крэатуры Крамлю. Ён сказаў, што першай дамоваю, якую б падпісаў Пуцін, стаўшы прэзыдэнтам, была б хаўрусная дамова. А на заўвагу Кісялева, што Прымакоу і Лужкоў – таксама прыхільнікі інтэграцыі, Лукашэнка адказаў, што быць прыхільнікам – адное, а рабіць рэальную справу – іншае.

Калі беларускі кіраўнік і падазрае (ці нават дакладна ведае) пра нежаданьне Крамлю падпісваць дамову – ён вырашыў працягваць гульню менавіта з крамлёўскай камандаю. Сапраўды, калі прэзыдэнцкі рэйтынг Пуціна складае 42%, гуляць на баку Лужкова й Прымакова – справа няўдзячная.

Спасылаючыся на Пуціна, Лукашэнка паведаміў, што магчымыя тэрміны падпісаньня – 7 і 15 сьнежня. Беларускі кіраўнік выказаўся за больш раньні тэрмін, бо, калі цырымонія адбудзецца 15 сьнежня, гэтая Дума ратыфікаваць дакумэнт у любым выпадку не пасьпее.

Лукашэнку, сапраўды, трэба сьпяшацца, і Ельцын для яго на самой справе – найлепшы партнэр для інтэграцыі. Пераемнік Ельцына ня будзе мець "белавескага сындрому", да таго ж пры новым прэзыдэнце палітычныя супярэчнасьці ў Расеі будуць мець менш ідэалягізаваны характар. А гэта значыць, у Лукашэнкі будзе менш магчымасьцяў гуляць на гэтых супярэчнасьцях.

Пад час інтэрвію Кісялёў некалькі разоў паставіў Лукашэнку ў няёмкае становішча. Ён закрануў вельмі балючую для беларускага лідэра тэму мейсца жыхарства ягонае жонкі, хаця й ня стаў падрабязна разьвіваць яе. Былі зададзеныя пытаньні, ці ня хоча Ельцын стаць прэзыдэнтам хаўруснае дзяржавы й ці гатовы Лукашэнка падпісаць дамову з прэм'ерам Пуціным. Вядучы "Итогов" падкрэсьліў, што інтэрвію адбылося на просьбу беларускага кіраўніка (гэтае паведамленьне наўрад ці было Лукашэнку даспадобы).

Праўда, у адную пастку кіраўнік Беларусі патрапіў з уласнага жаданьня. Ён паведаміў пра свае нібыта цёплыя стасункі з прэзыдэнтам ЗША, распавёў пра зьмястоўную размову, якая адбылася ў яго зь Білам Клінтанам у Стамбуле, і адразу ж заявіў, што заходнія краіны на саміце АБСЭ зьдзекваліся зь Беларусі й Расеі, і што Менску й Маскве радавацца вынікам Стамбулу ня варта.

Узгадка пра зьдзек з расповедам пра шчырыя адносіны Лукашэнкі зь Клінтанам ня вельмі стасуецца. Варта адзначыць, што ацэнка Стамбульскага саміту, што прагучала ўчора з вуснаў Лукашэнкі, цалкам супярэчыць таму пераможнаму рэю, які вяла беларуская прапаганда пасьля саміту.

Тэлегледачы, відаць, задавалі сябе пытаньне: навошта НТВ навогул запрасіла Лукашэнку ў свой эфір. Менавіта гэтая тэлекампанія найбольш жорстка крытыкуе кіраўніка Беларусі. Яшчэ нядаўна, выказваючыся наконт НТВ, Лукашэнка ня выбіраў выразаў. У нас часам можна пачуць меркаваньні, што нехта ў Расеі ёсьць вораг Лукашэнкі, а нехта – ягоны сябра.

На самой справе, няма ані сяброў, ані ворагаў – ёсьць палітыка. Зараз НТВ змагаецца з Крамлём, а Крэмль увайшоў (ці можа ўвайсьці) у канфлікт з Лукашэнкам. Вораг майго ворагу – мой сябра. Да таго часу, пакуль зьмена сытуацыі ня зробіць сябра ворагам.

XS
SM
MD
LG