Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 29 лістапада 1999 г.


Сяржук Сокалаў-Воюш

(эфір 27 лістапада)
Сябры згуртаваньня беларусаў Канады атаўскага і таронцкага аддзелаў і сябры Асацыяцыі беларусаў Квэбэку 26 лістапада правялі перад беларускай амбасадай у Атаве дэманстрацыю салідарнасьці з суродзічамі на Бацькаўшчыне, якія 17 кастрычніка і 24 лістапада пратэставалі супраць дамовы аб саюзе Беларусі й Расеі. Старшыня Рады БНР сп. Івонка Сурвіла, якая жыве ў Канадзе, дала інтэрвію нашай праграме.

(Карэспандэнт: ) "Спадарыня Івонка, як вядома, Беларусь і Расея ўжо падпісалі шэраг інтэграцыйных дакумэнтаў, якія так і засталіся, так бы мовіць, пустымі паперкамі. Наколькі сур'ёзна можна ставіцца да падпісаньня чарговага дакумэнту?"

(Сурвіла: ) "Трэба ставіцца да гэтага вельмі сур'ёзна. Калі народ не разбудзіцца, гэта будзе пачаткам канца існаваньня Беларусі як незалежнай, сувэрэннай дзяржавы. Лукашэнка зноў абдурвае народ кажучы, што Беларусь захавае сваю сувэрэннасьць у новым саюзе з Расеяй. Ён добра ведае, што так ня будзе. Яго місія, можна сказаць адзіная місія ад мамэнту, калі стаўся кандыдатам у прэзыдэнты, была аднавіць маскоўскую імпэрыю. Бо праз усе гэтыя гады працаваў ён не для Беларусі, а супраць усяго беларускага, супраць Беларусі.

Як казаў у Калінінградзе, дагавор трэба падпісаць як найхутчэй, пакуль яшчэ жывуць старыя, бо моладзь супраць дагавору. Які ж ён беларус, калі інтарэсы Расеі для яго важнейшыя за інтарэсы нашай моладзі?..

За наступных 5 гадоў ад Беларусі будуць паціхоньку адбіраць адзін за адным яе дзяржаўныя атрыбуты. Баюся, што прачнецца народ запозна, калі ўжо ня будзе чаго бараніць. Тады Масква будзе ўжо ўважаць нас як сваю правінцыю і без змаганьня са сваіх кіпцюроў ужо ня выпусьціць. Баюся, што Беларусь станецца новай Чачнёй у цэнтры Эўропы".

(Карэспандэнт: ) "Гэта Вы адказвалі як старшыня Рады БНР. А якая Вашая пэрсанальная рэакцыя на падпісаньне такога дакумэнту?"

(Сурвіла: ) "Рэагую вельмі эмацыянальна. Бог даў беларускаму народу велізарны падарак – даў нам незалежнасьць без змаганьня, тады калі іншым трэба аддаваць сваё жыцьцё, каб здабыць ці ўратаваць незалежнасьць. Наш народ заміж ратаваць гэты Божы дар, ідзе сьлепа ў пропасьць. Як жа ж можна на гэта глядзець ды не хвалявацца?"

(Карэспандэнт: ) "А якія захады будзе рабіць Рада БНР і, калі ўзяць шырэй, беларуская эміграцыя пасьля падпісаньня дамовы?"

(Сурвіла: ) "Рада будзе прадаўжаць змагацца за незалежнасьць, як рабіла гэта праз увесь час свайго існаваньня. Будзем рабіць тое, што будзем магчы з нашага боку. Але трэба каб беларускі народ зразумеў, што ад яго залежыць будучыня Беларусі".

XS
SM
MD
LG