Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 26 лістапада 1999 г.


Кастусь Бандарук, Прага

У сёньняшнім нумары газэты "International Herald Tribune" зьмешчаны артыкул Уільяма Сафіра пад загалоўкам "Што Захад павінен зрабіць у справе Чачні?" Гэтае пытаньне набыло надзвычайную актуальнасьць ў сьвятле заяваў Крамля, што вайна ў Чачні зьяўляецца ўнутранай справай Расеі, і што ўвесь лямант пра расправу над збунтаванай рэспублікай ды пакуты цывільнага насельніцтва – перабольшаныя.

Ельцынава "сям'я" і ейны фаварыт, былы дырэктар Фэдэральнай Службы Бясьпекі і цяперашні прэм'ер Уладзімер Пуцін
відавочна спрабуюць аднавіць сваю папулярнасьць перад выбарамі, – піша Уільям Сафір ў газэце "International Herald Tribune". – Пры гэтым яны скарыстоўваюць замежныя крэдыты для ўмацаваньня баяздольнасьці арміі і пад выдуманай прычынай барацьбы з тэрарызмам хочуць зьнішчыць узброеныя фармаваньні Чачні.

Пакуль што, – адзначае аўтар артыкулу, – іхная тактыка дае плён. Прыніжаныя чэчэнцамі пяць гадоў таму расейскія гэнералы скарыстоўваюць новую тактыку, аднак ў выніку ракетнага і артылерыйскага абстрэлу гіне цывільнае насельніцтва. Дзяржаўныя расейскія СМІ трубяць пра перамогу, але замоўчваюць лёс двухсот тысяч чэчэнскіх уцекачоў і не згадваюць пра ахвяры сярод расейскіх вайскоўцаў. Затое, папулярнасьць Ельцына і Пуціна расьце.
На хвалі, выкліканай посьпехамі і эйфарыяй, расейскія вайскоўцы атрымалі нават газавыя маскі. Гэнерал Станіслаў Пятроў патлумачыў гэты крок тым, што "бандыты маюць намер ужыць моцна таксічную хімічную зброю".

На захадзе, – піша Уільям Сафір, – дамінуе перакананьне, што ў гэтай вайне Расея сапраўды перамагае. Чэчэнцы моцна падзеленыя і зьбяднелыя: іхныя галоўныя гарады ледзь не зраўнаныя з зямлёю. У іх не хапае зброі, каб супрацьпаставіцца паветраным ударам, і тым болей, калі бачаць жаўнераў генерала Пятрова ў масках, ў іх адпадае ахота ваяваць.

Найгоршае ва ўсім гэтым тое – лічыць Уільям Сафір, што ў адміністрацыі ЗША няма палітычнай волі спыніць гэты, палітычна матываваны, генацыд чэчэнскага народу.

"Апошняе, што мы павінны зрабіць, гэта спрабаваць ізноў не ператварыць расейцаў у нашых ворагаў" – заявіла дзяржсакратар Мэдлін Олбрайт. Калі да гэтага дадаць вельмі лагодныя заявы Клінтана, дык ня дзіўна, што няма ніякіх дыпляматычных вынікаў гэтага людабойства і не спыняецца заходняя дапамога Расеі, якая ідзе на закупку ракетаў, – канстатуе аўтар артыкулу ў "Internatioan Herald Tribune".

Аднак тыя, што ўжо пасьпяшаліся з абвяшчэньнем расейскай перамогі ў Чачні могуць памыліцца, – піша Уільям Сафір. – Чэчэнцы могуць адказаць на расейскую тактыку разбурэньня гарадоў партызанскай вайною. Да іх могуць далучыцца афганскія маджахеды і ня выключана, што пачнуць паступаць грошы і зброя ад мусульманскіх сяброў з-за мяжы. Заўзятасьці чэчэнцаў ў свой час недаацаніў Сталін, і, відавочна, тую ж самую памылку робіць Ельцын, – сьцьвярджае Уільям Сафір. – Калі б вайна ў Чачні зацягнулася, зьмяніліся б і настроі ў расейскім грамадзтве, якія зараз спрыяюць вайне. У кожным разе, цяперашняя жорсткасьць Расеі ў дачыненьні Чачні, тысячы забітых і хваля ўцекачоў, мусяць мець свае вынікі, не зважаючы на дыпляматычныя выказваньні Клінатана і Олбрайт.

Дэспатызму проста неабходна супрацівіцца, – лічыць аўтар артыкулу, – хаця б прыпыняючы крэдыты Расеі і кантралючы, каб грошы перададзеныя Маскве на дэмантаж ядзернае зброі, скарыстоўваліся згодна іхнаму прызначэньню. Адначасова, ў адказ на ўсплёск расейскай крыважэрнасьці, Захад павінен хутчэй прыняць ў НАТО балтыйскія дзяржавы і, заміж Расеі, дапамагчы Азэрбэйджану і Грузіі. Уільям Сафір лічыць, што згодна прапанове Зьбігнева Бжэзінскага трэба адмовіцца ад ідэі "вялікай васьмёркі", паколькі дапушчэньне Расеі да "вялікай сямёркі" толькі ўмацавала прэстыж Ельцына. Да часу, пакуль рэжым Ельцына-Пуціна ня спыніць жорскую расправу над цывільным насельніцтвам ў Чачні, якую ён вядзе дзеля падвышэньня свайго рэйтынгу ў грамадзтве,
Расею нельга запрашаць на сустрэчы гэтага нефармальнага дэмакратычнага клюбу.

Штопраўда, ў сувязі з вайной ў Чачні "ня можа быць гутаркі пра ваеннае ўмяшаньне ў канфлікт, але Захад не бездапаможны" – лічыць Уільям Сафір ў газэце "International Herald Tribune".

XS
SM
MD
LG