Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 26 лістапада 1999 г.


Галіна Айзенштадт, Менск

(эфір 25 лістапада)
Сёньня выйшаў першы нумар беларуска-расейскае газэты "Союз", якую заснавалі Выканаўчы камітэт і Парлямэнцкі сход Зьвязу Беларусі й Расеі.

Гэта першае сумеснае выданьне. На працягу апошніх чатырох гадоў было шмат лёзунгаў пра адзіную інфармацыйную прастору, аднак лёзунгамі справа і абмяжоўвалася.

Цяперашні праект таксама не выпадае назваць пасьпяховым: газэта "Союз" выйшла не як самастойнае выданьне, а як дадатак да газэты "Советская Белоруссия" і "Российской газеты".

Выданьне газэты "Союз" меркавалася пачаць два гады таму. На гэты конт была прынятая адмысловая пастанова хаўруснага Парлямэнцкага сходу. У ёй выканаўчаму камітэту Зьвязу прапаноўвалася выступіць сузаснавальнікам выданьня й пагадзіцца выдаткаваць на гэта з хаўруснага бюджэту больш як 6 мільярдаў расейскіх рублёў.

Але пастанова так і засталася на паперы, бо бюджэт расейскі бок выканаў толькі на 35 адсоткаў, а выданьне газэты, зразумела, не было першачарговай задачаю.

Напрыканцы таго ж 1997 году Барыс Ельцын і Аляксандар Лукашэнка падпісалі пагадненьне аб стварэньні сумеснае тэлерадыёкампаніі "Союз". Лёс яе быў такі ж, як і часопіса.

І справа тут ня толькі й ня столькі ў тым, што ў Расеі здарыўся фінансавы крызыс. Вельмі ўжо розныя падыходы ў расейскага й беларускага бакоў да стварэньня інфармацыйнае прасторы.

СМІ ў Расеі (і электронныя таксама), у асноўным у прыватных руках. У Беларусі яны галоўным чынам дзяржаўныя, а іхную палітыку вызначае кіраўніцтва Беларусі. І расейскія журналісты працаваць паводле савецкіх канонаў ня згодныя.

Не дамогшыся стварэньня тэлерадыёкампаніі, Лукашэнка ў лютым гэтага году прыняў старшыню Расейскае тэлерадыёкампаніі Міхала Швыдкога. Пасьля гэтага Швыдкой і старшыня Нацыянальнай тэлерадыёкампаніі Беларусі Рыгор Кісель падпісалі тры супольныя праекты, згодна зь якімі павінны былі выходзіць штотыднёвыя тэле- і радыёпраграмы, а таксама супольны тэлечасопіс. Рэалізацыя праектаў прызначалася на красавік сёлета.

Год скончваецца – праекты дасюль не рэалізаваныя. Таму толькі й застаецца як значную перамогу ў справе адзінай інфармацыйнае прасторы падаваць чытачам сёньняшні ўкладыш у "Советскую Белоруссию" і "Российскую газету".

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG