Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 26 лістапада 1999 г.


Міхал Стэльмак, Менск

(эфір25 лістапада)
Сёньня апублікаваны дэкрэт Аляксандра Лукашэнкі "Аб некаторых захадах у пакрыцьці ўрону, нанесенага дзяржаве". У многіх айчынных правазнаўцаў зьяўленьне гэтага дэкрэту выклікала недаўменьне.

У Галоўнай дзяржаўна-праўнай управе адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі мне паведамілі, што непасрэднае дачыненьне да аўтарства дэкрэту мае кіраўнік управы Аляксандар Пласкавіцкі. Аднак ані сам спадар Пласкавіцкі, ані яго падначаленыя ня пажадалі выказацца наконт сутнасьці дакумэнту.

Між тым, у асяродзьдзі айчынных юрыстаў ён выклікае шмат пытаньняў. Напрыклад, невядома, якімі матывамі кіраваліся ягоныя распрацоўнікі.

Рэч у тым, што, паводле меркаваньня спэцыялістаў права, цяперашняя нарматыўная база для рэгуляваньня маёмасных стасункаў, у тым ліку й адносна пакрыцьця прычыненага дзяржаве ўрону, мае дастатковую колькасьць дакумэнтаў. У прыватнасьці, так лічыць сябра Рады Беларускага Зьвязу прадпрыймальнікаў Сяргей Балыкін. На ягоную думку, зьяўленьне новага дэкрэту толькі пагоршыць гэтую базу. І вось чаму:

(Балыкін: ) "Зразумець сэнс гэтага дэкрэту наогул немагчыма. Ён утрымлівае цэлы шэраг тэрмінаў, якія тут ня вызначаныя. Вось, напрыклад, як можна зразумець тэрмін "перадае дзяржаве"? Перадае – гэта канфіскацыя, альбо нешта іншае? Таксама ня вызначаны тэрмін "урон". Ён можа быць маёмасны, немаёмасны, маральны. І хто вызначае, які "урон" нанесены дзяржаве? Прэзыдэнт, суд? Гэта таксама не зразумела з гэтага дэкрэту. Больш за тое, канстытуцыя 1996 году прадугледжвае, што ніхто ня можа быць пазбаўлены маёмасьці інакш, як паводле прысуду суда. А тут маёмасьць перадаецца дзяржаве па рашэньню галавы дзяржавы. Гэта зразумець наогул не магчыма".

Адмыслоўцы не выключаюць, што ініцыятыва зьяўленьня дэкрэту належыць асбіста Аляксандру Лукашэнку. Паводле гэтай вэрсіі, ён пажадаў набыць права пазасудовага ўмяшаньня ў лёс грамадзянаў і прадпрыемстваў. І ўжо ад імя дзяржавы матэрыяльна караць іх. Сяргей Балыкін працягвае:

(Балыкін: ) "Асноўным пастулятам права зьяўляецца прэзумпцыя невінаватасьці. А вось гэтым дэкрэтам усё пастаўленае з ног на галаву. Спачатку маёмасьць грамадзяніна перадаецца дзяржаве, і толькі потым гэты грамадзянін павінен зьвярнуцца ў суд, каб яго прызналі невінаватым".

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG