Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 26 лістапада 1999 г.


Любоў Лунёва, Менск

Яшчэ адная ўстанова ў Беларусі, Міністэрства нутраных справаў, скарыстала прыклад КГБ і паставіла гэтак званы "тэлефон даверу".

Жыхары Менску на гэтым тыдні маглі бачыць шмат рэклямных улётак у мэтро з заклікам тэлефаніць па нумары так званага "тэлефона даверу" Міністэрства нутраных справаў. Ён быў пастаўлены сёлета яшчэ ў сакавіку, але чамусьці шырока не афішаваўся. Каб даведацца, як працуе "тэлефон даверу", мы зьвярнуліся да кіраўніка гэтае службы Аляксандра Траскоўскага.

(Траскоўскі: ) "Служба ўтварылася ў сакавіку гэтага году зь ініцыятывы міністра нутраных справаў Юрыя Сівакова. Неабходнасьць у гэтым была, таму што грамадзяне, якія сутыкнуліся зь няпраўнасьцю, мелі магчымасьць патэлефаніць і паскардзіцца. Гэта адна з формаў вуснага звароту ў МУС".

Усяго з моманту ўтварэньня гэтае службы паступіла каля 2000 званкоў. Бальшыня зь іх – гэта паведамленьні пра станоўчыя або адмоўныя паводзіны супрацоўнікаў міліцыі. Многія просяць параіць, куды і як падаць скаргу, інфармуюць пра парушэньні правілаў гандлю. Асобная група званкоў зьвязаная з сумнавядомым дэкрэтам № 1 (аб валютных апэрацыях). Ёсьць паведамленьні аб зьдзейсьненых злачынствах, а таксама пра розныя парушэньні грамадзкага парадку.

На пытаньне, ці гарантуецца ананімнасьць тых, хто зьвяртаецца па "тэлефоне даверу" – спадар Траскоўскі адказаў: "тыя, хто паведамляе апэратыўную інфармацыю пра крымінальныя злачынствы, могуць захоўваць ананімнасьць. Тыя, хто скардзяцца на супрацоўнікаў міліцыі ці выказваюць ім падзяку, называюць прозьвішчы".

Уся інфармацыя накіроўваецца на праверку ў ніжэйшыя структуры для разьбіральніцтва. Яны павінны даваць адказ, якія меры ўжытыя ў выніку праверкі.

Ці быў прыцягнуты да адказнасьці які-небудзь супрацоўнік міліцыі за зьбіцьцё чалавека? На гэтае пытаньне мы атрымалі адказ: "Не. Справа ў тым, што мы супраць работнікаў нашай установы не вядзем такіх дасьледваньняў. Тут трэба скардзіцца не сюды, а ў пракуратуру. Але за іншыя парушэньні 12 міліцыянтаў былі прыцягнутыя да адміністрацыйнай адказнасьці, а дваіх звольнілі з працы".

Кіраўнік службы "тэлефон даверу" кажа, што галоўная мэта службы –збор інфармацыі пра крымінальныя злачынствы. Але такіх званкоў мала.

А хваля званкоў антытэрарыстычнага зьместу, ад якой больш за ўсіх пакутуюць супрацоўнікі РАУСаў, накрыла й гэтую службу. Напалоханыя грамадзяне, так бы мовіць, "пастукваюць" на сваіх суседзяў, на ЖЭСы, якія чамусьці не зачыняюць склепы.

Карыстаюцца "тэлефонам даверу" й самі супрацоўнікі міліцыі: скардзяцца на сваіх кіраўнікоў, што тыя іх не адпускаюць у адпачынак, карыстаюцца службовым транспартам у асабістых мэтах, злоўжываюць пасадамі.

Пасьля праведзенай на гэтым тыдні рэклямы "тэлефону даверу" хваля "стукацтва" пачала прыкметна павялічвацца.

XS
SM
MD
LG