Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 26 лістапада 1999 г.


Уладзімер Глод, Менск

Спробы прызначыць на пасаду дырэктара Iнстытуту сацыялёгii Нацыянальнай Акадэмii навук Беларусi Аляксандра Данiлава – супрацоўнiка адмiнiстрацыi Лукашэнкі – скончылiся няўдачаю.

24 лiстапада на агульным сходзе навуковых супрацоўнiкаў Інстытуту сацыялёгii абiралi новага дырэктара. Прэтэндэнт быў толькi адзiн – намесьнiк начальнiка галоўнай управы грамадзка-палiтычнай iнфармацыi адмiнiстрацыi прэзыдэнта, доктар сацыялёгіі Аляксандар Данiлаў.

Таемнае галасаваньне паказала, што ён не набраў неабходнай колькасьцi галасоў: 13 сябраў навуковага калектыву падтрымалi прапанаваную кандыдатуру, 28 – выказалiся супраць.

Апошнiм кiраўнiком Iнстытуту сацыялёгii быў акадэмiк Яўген Бабосаў. Магчыма, ён узначальваў бы гэтую навуковую установу й да сёньняшняга дню, калi б два гады таму ў статут Акадэмii ня ўнесьлi адмысловага пункту.

Згодна зь iм, дырэктарам акадэмiчнага iнстытуту ня можа быць чалавек, старэйшы за 65 год. Таму Бабосаў вымушаны быў саступiць пасаду свайму намесьнiку – Васiлю Бушчыку.

Але Бушчык – толькi кандыдат навук, i таму яго прызначылi выконваць абавязкі дырэктара й пажадалi хутчэй напiсаць доктарскую дысэртацыю.

Паводле меркаваньняў супрацоўнiкаў iнстытуту, працаваць з Бушчыкам было добра. Ён нiколi не рабiў таямнiцу са сваiх палiтычных схiльнасьцяў, падтрымлiваючы Партыю камунiстаў Беларускую на чале зь Сяргеям Калякiным. Але пры гэтым паважаў погляды iншых, i таму палiтычны густ любога супрацоўнiка ня адбiваўся на ягонай працы.

Чаму калектыў інстытуту не прыняў Данiлава? Кагосьцi спынiла тое, што ён яшчэ адносна малады – 44 гады. Iншых – тое, што паводле сваёй базавай адукацыi ён заатэхнiк. Трэцiя ўзгадалi такi выпадак: на апошнiх выбарах сябраў-карэспандэнтаў на вакантавае мейсца йшлi Данiлаў i ягоны былы навуковы кiраўнiк Сяргей Шавель. Шмат хто спадзяваўся: вучань здыме сваю кандыдатуру на карысьць настаўнiка. Але Данiлаў гэтага не зрабiў…

Да таго ж у кулюарах узгадвалi: калi пры ўладзе быў Кебiч, Данiлаў актыўна працаваў на яго, абяцаючы перамогу старшынi ўраду на першых прэзыдэнцкiх выбарах. Пасьля абраньня Лукашэнкi Данiлаў цалкам зьмянiў свае погляды й пачаў падтрымлiваць прэзыдэнта. Менавiта ён на працягу трох гадоў надзвычай актыўна абгрунтоўваў неабходнасьць правядзеньня рэфэрэндуму паводле лукашэнкаўскага ўзору…

Абавязкi дырэктара Iнстытуту па-ранейшаму выконвае Васiль Бушчык. Але, падобна, на гэтым гiсторыя ня скончылася. Ня выключана, што Бушчыка прымусяць напiсаць заяву аб складаньнi паўнамоцтваў па ўласным жаданьні. У такiм выпадку Данiлава могуць прызначыць на ягонае мейсца ўжо без галасаваньня, як часова выконваючага абавязкi дырэктара.

XS
SM
MD
LG