Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 26 лістапада 1999 г.


Кастусь Бандарук, Прага

Учарашняе паведамленьне Крамля пра тое, што Масква папрасіла Менск адтэрмінаваць на некаторы час падпісаньне саюзнае дамовы, выклікала шэраг камэнтароў і здагадак з боку палітыкаў і аглядальнікаў.

Усе згодна задаюцца пытаньнем: што гэта на самой справе азначае? Ці сапраўды прычынай адтэрміноўкі зьяўляецца чарговае недамаганьне Ельцына, ці, можа, Масква зь нейкіх меркаваньняў наўмысна зацягвае справу.

Літаральна напярэдадні цырымоніі падпісаньня ў Маскве саюзнай дамовы, – піша Дэйвід Гофман у газэце "International Herald Tribune", – Ельцын неспадзявана захварэў і падпісаньне дакумэнту прыйшлося адтэрмінаваць. Расейскі прэзыдэнт, які за апошнія тры гады больш за дзесятак разоў пабываў ў шпіталі, ізноў быў адвезены ў Цэнтральны Клінічны Шпіталь з прычыны, якую ягоны сакратар Дзімітры Якушкін назваў "віруснай інфэкцыяй і войстрым бранхітам". Пазьней, як паведамлялася, Ельцын накіраваўся для адпачынку ў сваю падмаскоўную рэзыдэнцыю " Горкі-9".

Як заўсёды, адзначае Дэйвід Гофман, і гэтым разам паведамленьні пра недамаганьне Ельцына былі супярэчлівыя й недакладныя. Пасьля тэлефоннай гутаркі з прэзыдэнтам прэмер Уладзімер Пуцін акрэсьліў недамаганьне прэзыдэнта як "запаленьне горла". Ельцын, паводле ягоных слоў "ахрыплы", аднак прэм'ер тут жа запэўніў, што гэта – нічога сурьёзнага. "Мы ня лекары і ня можам акрэсьліць наколькі гэта сур'ёзная хвароба", – дадаў ад сябе намесьнік кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі Ігар Шабдурасулаў. Паводле ягоных слоў, "лекары перадбачаюць тыдзень або два лячэньня, аднак ведаючы энэргічны характар прэзыдэнта, ён можа скараціць перабываньне ў шпіталі ня хочучы занадта доўга заставацца па-за хадой падзеяў".

Дарэчы, – адзначае Дэйвід Гофман ў газэце "International Herald Tribune", – такія ж тлумачэньні з боку прэзыдэнцкай каманды можна было пачуць і ў 96-м годзе. Тады Ельцын ня проста перастудзіўся, але прайшоў апэрацыю каранарнага шунтаваньня сэрца, ўшыцьця гэтак званых "байпасаў". Акрамя таго ён кожную зіму мае праблемы з дыханьнем, язвай страўніка ды іншымі хваробамі.

68-гадовы Ельцын выступіў на мінулым тыдні ў часе саміту АБСЭ ў Стамбуле з гарачай прамовай і з таго часу ён публічна не паказваўся.

Заява Крамля, якая прагучэла ўчора па палудні, была тым больш неспадзяванаю, што некалькі гадзін раней Ельцын ўзяў удзел ў паседжаньні Рады Бясьпекі Расеі. У часе нарады з удзелам высокапастаўленых чыноў у прыватнасьці абмяркоўвалася падпісаньне саюзнай дамовы і вайна ў Чачні. Вось таму хвароба расейскага прэзыдэнта выклікала сьпэкуляцыі, што гэткім чынам ён спрабуе ўхіліцца ад падпісаньня саюзнага дагавору. Аднак
дараднікі Ельцына запярэчваюць гэтаму і падкрэсьліваюць, што цырымонія падпісаньня ўсяго толькі пераносіцца на сьнежань.

Сам дагавор, –піша Дэйвід Гофман, – зьяўляецца найнавейшай спробай прывесьці да аб'яднаньня Беларусі і Расеі, якое, прынамсі дагэтуль, мае хутчэй за ўсё сымбалічны характар. Шматлікія клятвы аб зацясьненьні эканамічных сувязяў дагэтуль не рэалізаваныя, хаця сама ідэя саюзу папулярная сярод расейскіх нацыяналістаў і камуністаў. Найбольш гарачым прыхільнікам інтэграцыі ў Беларусі зьяўляецца сам Аляксандар Лукашэнка, якога аўтарытарнае кіраваньне адштурхоўвае ад яго расейскіх лібэралаў. Яны падкрэсьліваюць, што ў адрозьненьне ад Расеі Беларусь не зрабіла нават кроку ў напрамку рынкавай эканомікі.

І што галоўнае, – піша Дэйвід Гофман ў газэце "International Herald Tribune", – Лукашэнка проста імкнецца да аб'яднаньня з Расеяй з асабістых меркаваньняў, паколькі сам хоча стаць вядучай палітычнай фігурай ў рэгіёне.

На гэтую акалічнасьць зьвяртаюць увагу шматлікія аглядальнікі. На думку маскоўскага камэнтатара Андрэя Піянткоўскага, акрамя пару кропак і косак цяперашні дагавор нічым не адрозьніваецца ад папярэдніх. На ягоную думку, Лукашэнка несумнена марыць аб тым, каб стаць на чале ядзрнай дзяржавы з насельцтвам амаль ў 160 мільёнаў чалавек, але галоўнай перашкодай для аб'яднаньня дзьвюх краінаў зьяўляецца сам беларускі кіраўнік.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG