Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 26 лістапада 1999 г.


Юры Дракахруст, Менск

Тэрмiн падпiсаньня беларуска-расейскае хаўруснае дамовы перанесены з 26 лiстапада на больш позьнi час. Выказваюцца розныя меркаваньні што да прычынаў гэтай адтэрмiноўкi.

Афiцыйная вэрсiя таго, што адбылося, наступная. Учора з ранiцы Барыс Ельцын правёў двухгадзiннае паседжаньне Рады бясьпекi, на якiм абмяркоўвалiся пытаньнi беларуска-расейскай iнтэграцыi, а таксама сытуацыя на Каўказе. Пасьля паседжаньня прэзыдэнт Расеi адчуў сябе дрэнна й паехаў у шпiталь, дзе яму быў пастаўлены дыягназ: вiрусная iнфэкцыя i востры бранхiт. На просьбу Ельцына Ўладзiмер Пуцiн патэлефаніў у Менск Лукашэнку й са шкадаваньнем паведамiў, што з прычыны хваробы кiраўнiка Расеi падпiсаньне дамовы 26 лiстапада адбыцца ня можа.

Прэсавая служба Лукашэнкi паведамiла, што да 6 сьнежня адмененыя ўсе афiцыйныя сустрэчы Барыса Ельцына – у прыватнасцi, на больш позьнi тэрмiн перанесены вiзыт прэзыдэнта Летувы, першапачаткова прызначаны на 3 сьнежня.

Учора пад час сустрэчы з журналiстамi прэм'ер Расеi паведамiў, што стан здароўя Ельцына нельга назваць цяжкiм i дадаў: «Нiчога сур'ёзнага тут няма, у яго проста сеў голас, ён крыху прастужаны».

Сьпiкэр Дзяржаўнае думы Генадзь Селязьнёў выказаў вялiкае шкадаваньне з прычыны пераносу цырымонii. Ён сказаў: «Вельмi шкада, што дамова, якую мы спадзявалiся ратыфiкаваць гэтай Думаю, ня можа быць ратыфiкаваная».

Афiцыйныя беларускiя прадстаўнiкi ўчора ў адзiн голас заяўлялi, што, акрамя раптоўнае хваробы прэзыдэнта Расеi, анiякiх iншых прычынаў пераносу тэрмiну падпiсаньня няма. Але аналiз абставiнаў спараджае сур'ёзныя сумневы ў гэтым.

Дарэчы, наконт хваробы. Вiдаць, кожны хварэў на прастуду й ведае, што гэтая хвароба апаноўвае арганiзм не раптоўна. Да таго ж варта адзначыць заўвагу Пуцiна, што нiчога сур'ёзнага ў Ельцына няма. Дык лёсавызначальную паперу можны падпiсаць, нарэшце, i зь сіплым голасам.

Афiцыйныя прадстаўнiкi абедзьвюх дзяржаваў тлумачаць, што дамова будзе проста падпiсаная крыху пазьней – маўляў, палiтычная сытуацыя за гэты час анiяк ня зьменiцца.

Але з заявы сьпiкэра Дзяржаўнае думы Селязьнёва вынiкае, што яна як раз зьменiцца, прычым iстотным чыным. Калi б дамова была падпiсаная сёньня, яе пасьпела б ратыфiкаваць Дума гэтага склiканьня. Зараз вiдавочна, што гэтага не адбудзецца й ратыфiкаваць пагадненьне прыйдзецца Думе новага склiканьня.

А гэта значна мяняе ўсю карцiну. Пакуль Думу абяруць, пакуль яна зьбярэцца, вырашыць свае арганiзацыйныя пытаньнi – пройдзе як мiнумум месяц, а то й два.

У Крамлi гэта, безумоўна, выдатна разумеюць. I цалкам верагодна, што хвароба Ельцына мае дыпляматычны характар, што, як бы мовiць, мэта хваробы ў тым i палягала, каб падпiсаную дамову ратыфiкавала Дума новага склiканьня.

Наўрад цi Крэмль карэнным чынам зьмянiў сваё стаўленьне да iнтэграцыi. Проста палiчылi патрэбным зрабiць жэст добрае волi ў бок новага парлямэнту, пры якiм Ельцыну давядзецца пакiнуць прэзыдэнцкую пасаду. Да таго ж ратыфiкацыя дамовы парлямэнтам са «свежай» легiтымнасьцю надае пагадненьню большую вагу.

Дарэчы, апазыцыйныя палітыкі Беларусі таксама лічаць, што хвароба Ельцына мае палітычны характар.

Лідэр ПКБ Сяргей Калякін не выключае, што праз два тыдні, калі здароўе Ельцына палепшыцца, знойдуцца іншыя абставіны, якія перашкодзяць падпісаньню дамовы.

Кіраўнік Аб'яднанае грамадзянскае партыі Станіслаў Багданкевіч мяркуе, што Барыс Ельцын не хацеў даваць Думе гэтага скліканьня ратыфікаваць дамову.

Вінцук Вячорка лічыць, што перанос тэрміну падпісаньня стаў вынікам таго, што расейская палітычная эліта не змагла дамовіцца паміж сабою, якім чынам найлепш інкарпараваць Беларусь у склад Расеі.

Калі гэтыя інтэрпрэтацыі адпавядаюць рэчаіснасьці, застаецца яшчэ пытаньне: чаму нельга было проста адразу дамовiцца падпiсаць дамову пазьней? А вось гэта, магчыма, маленькая помста Ельцына за паводзiны Лукашэнкi напачатку абмеркаваньня праекту дакумэнта.

Нагадаем, што ў канцы верасьня беларускі кіраўнік раптам назваў дамову «сьмяхоцьцем» і заявiў, што ня будзе праводзiць яе абмеркаваньня ў Беларусi. I беларуская прапаганда загрукатала: «Сьмяхоцьце, сьмяхоцьце».

Потым сытуацыя зьмянiлася, прапагандысцкiя гарматы павярнулiся на 180 градусаў i грымнулi: «Аб'яднаньне, аб'яднаньне». У апошнiя днi моц прапагандысцкага агню дасягнула апагею: «26 лiстапада зьдзейсьнiцца спрадвечная мара беларусаў i расейцаў».

I раптам – «зьдзяйсьненьне мары адкладаецца з прычыны прастуды Ельцына». Гэта – за «сьмяхоцьце», спадар Лукашэнка…

Хаця выраз кiраўнiк Беларусi ужыў трапны. Толькi тычыцца ён ня столькi дамовы, колькi ўсей гульнi пад назваю «iнтэграцыя».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG