Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 25 лістапада 1999 г.


Вольга Караткевіч, Менск

(эфір 24 лістапада)
25 лістапада выходзіць 100-ы нумар штотыднёвае масава-палітычнае газэты Камітэту абароны правоў працоўных – "Рабочы". Кола чытачоў гэтага выданьня ўжо сёньня не абмяжоўваецца працоўным клясам. З наступнага году газэта "Рабочы" будзе распаўсюджвацца й па падпісцы.

Раніца ў рэдакцыі газэты "Рабочы". Так званая "гарачая лінія" – гутарка з чытачамі. Званок і першае пытаньне:

– Гэта апазыцыя?
– Не, рэдакцыя…
– Людзі лесьвіцу будавалі-будавалі, а вы разбурылі…
– Якую лесьвіцу? Калі?
– 17 кастрычніка…

Дыялёг супрацоўнікаў рэдакцыі і чытачоў падрабязна выкладзены ў 100-м нумары выданьня.

Першы раз чытач пабачыў газэту "Рабочы" 24 чэрвеня 1997 году. За два з паловаю гады былі разьбіральніцтвы з падатковай інспэкцыяй, пэрсанальнае папярэджаньне рэдактару Віктару Івашкевічу, перасьлед распаўсюднікаў газэты на прадпрыемствах. Два з паловаю гады газэту раздавалі бясплатна. Дапамагалі міжнародныя арганізацыі прафэсійных зьвязаў. Цяпер, калі выданьне сьцьвердзілася на рынку інфармацыі, рэдакцыя пастанавіла абвесьціць падпіску.

Хто чытач газэты "Рабочы"? Гаворыць дырэктар рэдакцыі Дзіяна Мікульская:

(Мікульская: ) "Гэта апазыцыйная сямейная газэта. І нашыя матэрыялы накіраваныя менавіта на сям'ю, на дзяцей, на праблемы бытавыя. Тое, чым жывуць людзі".

Спадарыня Мікульская паведаміла, што ў рэдацыю прыходзіць шмат лістоў, у якіх чытачы выказваюць падзяку за праўду. Зь верасьня ў "Рабочым" працуюць прафэсыйныя журналісты, газэту пачалі чытаць ня толькі на заводах… Пытаньне да карэспандэнта газэты "Рабочы" Сяргея Няханкіна:

(Карэспандэнт: ) "Скажыце як Вы ўяўляеце свайго чытача?"

(Няханкін: ) "Гэта звычайны нармальны чалавек, сямейны, затурканы жыцьцём, у якога няма часу чытаць шмат газэт. Інстыктыўна ён разумее, што ў краіне адбываецца нешта ня тое".

Мяркуючы зь лістоў чытачоў, падборка якіх зьмешчаная ў юбілейным нумары, чытаюць "Рабочы" эканамісты, студэнты, мэдыкі… Яны просяць не абмінаць увагаю гісторыю Беларусі й міжнароднае жыцьцё. Галоўны рэдактар "Рабочага" Віктар Івашкевіч гаворыць, што ў плянах рэдакцыі – рэгіянальныя выпускі кшталту "Рабочы Воршы" ці "Рабочы Наваполацку", а таксама тэматычныя дадаткі – жаночы, моладзевы. Цяпер "Рабочы" мае наклад 100 тысячаў паасобнікаў. І платнае распаўсюджваньне, на думку Віктара Івашкевіча, аўдыторыю ня звузіць:

(Івашкевіч: ) "Газэта рабочы для тых, хто ўмее працаваць. Шмат тых, хто зараз будзе падпісвацца, гэта якраз прадпрымальнікі рынкаў. Мы лічым, што зараз нам трэба будзе паказваць у выглядзе інтэрвію, рэпартажаў тых, хто… Мы даем інфармацыю пра парушэньне правоў чалавека толькі тады, калі людзі адстаялі свае правы. Усё можна зрабіць, калі захацець і пачаць рабіць. І кожны чалавек можа збудаваць сабе нармальнае жыцьцё, калі толькі ён гэтага захоча. Толькі трэба падняцца і пайсьці".

Гэта быў Віктар Івашкевіч, галоўны рэдактар газэты "Рабочы". Нагадаю, што 25 лістапада выходзіць 100-ы нумар выданьня. У выпуску – эканамічная і палітычная аналітыка, адрасы рэгіянальных лідэраў прафзьвязовага й праваабарончага руху, кансультацыі юрыстаў. Асобна варта адзначыць артыкул, прысьвечаны ўручэньню прызу й прэміі імя Элізабэт Веласкес, якімі была ўзнагароджаная старшыня Беларускай арганізацыі працоўных жанчынаў Марыя Аліева на Міжнароднай канфэрэнцыі прафэсійных зьвязаў у Амстэрдаме.

У інтэрвію з нагоды юбілею газэты Віктар Івашкевіч сьцьвярджае, што праект "Рабочы" ўдаўся таму, што ў свой час яго падтрымалі практычна ўсе дэмакратычныя сілы Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG