Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Навіны 25 лістапада 1999 г.


Міхал Стэльмак, Менск

(эфір 24 лістапада)
Стварэньне аб'яднанае транспартнае сыстэмы Беларусі й Расеі – тэма перамоваў, якія правялі сёньня ў Менску прадстаўнікі транспартных ведамстваў дзьвюх дзяржаваў. "Вонкавыя" памкненьні бакоў да інтэграцыі суправаджаюцца іх працяглым канфліктам у сфэры міжнародных аўтаперавозак. Гэты канфлікт, у сваю чаргу, зьяўляецца наступствам глыбінных эканамічных супярэчнасьцяў.

Паводле афіцыйных тлумачэньняў, сёньняшняя сустрэча мела на мэце працяг двухбаковых намаганьняў у стварэньні транспартовага хаўрусу Беларусі й Расеі.

Так сталася, што сёлета гэтыя намаганьні не прынесьлі вялікага плёну. 22 лістапада на маскоўскім паседжаньні Выканаўчага камітэту "двойкі" прэм'еры Ўладзімер Пуцін і Сяргей Лінг у другі раз адклалі падпісаньне пагадненьня аб агульнай транспартовай прасторы.

І вось у Менску чарговы расейскі дэсант транспартавікоў на чале з першым намесьнікам міністра транспарту Расеі Анатолем Насонавым.

Між тым, усяго два тыдні таму прадстаўнічыя дэлегацыі транспартавікоў Беларусі й Расеі ўжо садзіліся за стол перамоваў. Прычым, лістападаўская сустрэча ў Смаленску, замест мяркуемага зьбліжэньня пазыцыяў, пазначыла паглыбленьне разыходжаньняў, найперш у сфэры міжнародных аўтаперавозак.

Намесьнік кіраўніка аўтамабільнага дэпартамэнту расейскага Міністэрства транспарту Леў Шойхет выступіў зь ініцыятываю, якая выклікала рэзкае незадавальненьне беларускага боку. Ён прапанаваў абмежаваць для беларусаў расейскі рынак транспартовых паслугаў. А менавіта: фактычна забараніць беларускім перавозьнікам вазіць грузы ў Расею з дванаццаці эўрапейскіх краінаў, якія даюць найбольшыя валютныя прыбыткі.

Якраз праблема разьмеркаваньня фінансавых даходаў ад міжнароднага грузавога аўтабізнэсу сёлета ў студзені справакавала так званую "транспартовую вайну" паміж Беларусьсю й Расеяй. Расейскія транспартавікі мяркуюць, што беларусы неабгрунтавана гаспадараць на іхным рынку, атрымліваючы за гэта штогод каля 400 мільёнаў даляраў. Тады спатрэбілася ўмяшаньне вышэйшых палітычных кіраўнікоў Беларусі й Расеі.

Але "вайна" не была спынена, яна проста набыла прыхаваныя формы. Дастаткова сказаць, што цяпер беларускія аўтаперавозьнікі могуць трапіць на расейскую тэрыторыю, толькі маючы дазволы на ўезд.

Згаданая сыстэма нанесла моцны ўдар па даходах Беларусі ад міжнароднага аўтабізнэсу, паколькі расейцы прапускаюць да сябе толькі кожнага чацьвертага аўтаперавозьніка з хаўруснае дзяржавы.

Нягледзячы на бясплённасьць папярэдніх перамоваў, бакі ўсё яшчэ ня пакідаюць спробу транспартовай інтэграцыі. Пры гэтым кожны спадзяецца на саступкі партнэра.

Між тым, на думку незалежных экспэртаў, рэальная інтэграцыя ў гэтай сфэры зараз немагчымая. І рэч ня толькі ў канкурэнцыі. Адмыслоўцы падлічылі, што транспартовыя сфэры Беларусі й Расеі працягваюць аддаляцца ў заканадаўчым пляне. На сёньняшні дзень нарматыўныя дакумэнты "хаўрусьнікаў" маюць тут ажно 77 разыходжаньняў.

XS
SM
MD
LG