Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Навіны 25 лістапада 1999 г.


Альгерд Невяроўскі, Менск

Сёньня судзьдзя Ленінскага раённага суду Менску Сяргей Хрыпач вынес вырак у справе мастака Алеся Пушкіна, які абвінавачваўся ў злосным хуліганстве й абразе дзяржаўнае сымболікі. Cп. Пушкін асуджаны на два гады пазбаўленьня волі ўмоўна, з адтэрміноўкаю выкананьня выраку на два гады.

Судзілі мастака за тое, што 21 ліпеня ён прывёз да будынку прэзыдэнцкай адміністрацыі вазок з гноем, дзяржаўнымі сымбалямі Рэспублікі Беларусь і партрэтамі Аляксандра Лукашэнкі ды вываліў усё гэтае дабро паблізу ад рэзыдэнцыі.

Такімі сродкамі мастацкага пэрфомансу Пушкін выказаў свае адносіны да пяцігадовага кіраваньня першага прэзыдэнта й да незаконнага працягу паўнамоцтваў Аляксандра Лукашэнкі.

Мастака тады затрымалі, завялі супраць яго крымінальную справу, але выпусьцілі на волю пад падпіску аб нявыезьдзе.

Сьледзтва цягнулася тры месяцы, а вось суду спатрэбіўся ўсяго адзін учорашні дзень, каб разабрацца ў акалічнасьцях справы. Судзьдзя Сяргей Хрыпач не прызнаў акцыю 21 ліпеня мастацкім дзействам-пэрфомансам, на чым настойваў сам Алесь Пушкін. На думку судьдзі, у дзеяньнях мастака меў мейсца хуліганскі матыў.

Тым ня менш, суд палічыў, што сп. Пушкін ня зьдзекваўся над дзяржаўнымі сымбалямі РБ і зьняў з Алеся гэтае абвінавачваньне. Факт знаходжаньня ў вазку з гноем сьцяга й гэрба судзьдзя расцаніў як злоснае хуліганства, а не як зьдзек над сымболікаю.

Паводле судовага выраку, Алесь Пушкін на працягу двух гадоў будзе лічыцца ўмоўна асуджаным, і калі за гэты час ён ня зробіць аніякага іншага парушэньня, то судзімасьць зь яго здымуць.

Вось, што думае сам сп. Пушкін адносна таго, чаму судзьдзя вынес яму такі прысуд:

(Пушкін: ) "Напэўна, каб трымаць на кручку, каб яшчэ што небудзь ня ўчыніў. Вось і ўсё".

У блізкай будучыні падобных пэрфомансаў мастак рабіць не зьбіраецца:

(Пушкін: ) "Самы лепшы наш пэрформэнс – гэта ў 2000 годзе схадзіць прагаласаваць за кандыдата ў новы парлямэнт, кандыдата нашага, нацыяналіста. Вось і ўвесь пэрформэнс. А пасьля выбраць новага галаву выканаўчай улады".

Паведаміў нашаму радыё Алесь Пушкін.

На думку адвакаткі мастака Ларысы Атаманчук і грамадзкага абаронцы Барыса Гюнтэра, ад судзьдзі ня варта было чакаць больш мяккага выраку Пушкіну, бо апраўданьне ў цяперашніх беларускіх судох – зьява амаль неверагодная. Тым больш, калі размова йдзе пра палітычную справу.

XS
SM
MD
LG