Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 25 лістапада 1999 г.


Юры Дракахруст, Менск

Падпісаньне беларуска-расейскае хаўруснае дамовы, заплянаванае на 26 лістапада, пераносіцца на больш позьні тэрмін.

Пра тое, што 26 лістапада цырымонія падпісаньня дамовы не адбудзецца, паведаміў сёньня журналістам прэсавы сакратар прэзыдэнта Расеі Дзьмітры Якушкін. Паводле ягоных словаў, прычына гэтага – востры бранхіт, на які захварэў Барыс Ельцын.

Гэтую інфармацыю ў інтэрвію "Радыё Свабода" падцьвердзіў намесьнік кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі Іван Пашкевіч. Ён патлумачыў, што пра гэта стала вядома літаральна сёньня: прэм'ер Расеі Ўладзімер Пуцін патэлефаніў Аляксандру Лукашэнку, паведаміў пра хваробу прэзыдэнта Расеі і пра тое, што падпісаньне трэба адкласьці на больш позьні тэрмін.

Іван Пашкевіч заявіў, што хвароба кіраўніка Расеі зьяўляецца адзінай прычынаю пераносу цырымоніі. Ён сказаў, што тэкст дакумэнта цалкам узгоднены й гатовы да падпісаньня.

Намесьнік кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі лічыць малаверагодным, што ў праект дамовы да падпісаньня будуць ўнесеныя нейкія дадатковыя зьмены. Паводле словаў Пашкевіча, падпісаньне адбудзецца, хутчэй за ўсё, у першай дэкадзе сьнежня.

Невядома, ці сапраўды прэзыдэнт Расеі раптам захварэў, ці ягоная хвароба мае дыпляматычны характар і ёсьць адлюстраваньнем палітычнае барацьбы ў Расеі ў пытаньні інтэграцыі зь Беларусьсю.

Варта прыгадаць, што ўчора, як было паведамлена – "з-за тэхнічных прычынаў" – быў адменены тэлемост паміж Менскам і Масквою, у якім павінны былі браць удзел Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімер Пуцін. Шэраг выпадковасьцяў аднаго кірунку – гэта ўжо заканамернасьць.

Некаторыя наступствы пераносу падпісаньня дамовы магчыма вызначыць ужо зараз. Першапачаткова меркавалася, што адразу ж пасьля падпісаньня дамова будзе ратыфікаваная Дзяржаўнай думаю Расеі гэтага скліканьня. Цяпер гэтая пэрспэктыва – пад вялікім пытаннем.

Іван Пашкевіч у інтэрвію "Радыё Свабода" прыгадаў, што Дума гэтага скліканьня сканчае сваю працу 3 сьнежня. Сп. Пашкевіч адзначыў, што, калі падпісаньне не адбудзецца да гэтага тэрміну, ратыфікаваць пагадненьне прыйдзецца Дзяржаўнай думе новага скліканьня: 19 сьнежня ў Расеі парлямэнцкія выбары.

Нельга выключаць, што Крэмль знарок адцягнуў тэрмін падпісаньня, каб прадставіць дакумэнт на ратыфікацыю менавіта парлямэнту новага скліканьня.

Па-першае, дзеля таго, каб не злаваць "навасьпечаных" дэпутатаў тым, што найважнейшае пытаньне было вырашана бязь іх, у апошнія дні йснаваньня Думы гэтага скліканьня.

Па-другое, зь легітымнасьцю падпісанае дамовы могуць паўстаць пэўныя міжнародныя праблемы. І таму ратыфікацыя яе расейскім парлямэнтам з, так бы мовіць, больш "сьвежай" легітымнасьцю можа надаць пагадненьню большую вагу.

XS
SM
MD
LG