Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 24 лістапада 1999 г.


Сяргей Навумчык, Прага

Арганізацыя Аб'яднаных Нацыяў прыняла экстраны зварот да краінаў-донараў з просьбай тэрмінова выдаткаваць больш як 16 мільёнаў даляраў ў якасьці гуманітарнай дапамогі чачэнскім ўцекачом.

Нават паводле прагнозу Фэдэральнай міграцыйнай службы Расеі, да канца гэтага году колькасьць уцекачоў з Чачні дасягне 300 тысячаў чалавек (амаль траціны мільёна).

Тым часам, заходняя прэса зьвяртае ўвагу на імкненьне прадстаўнікоў Крамля зрабіць Гудэрмэс, другі паводле значнасьці чачэнскі горад, прарасейскай сталіцай так званай "вызваленай" фэдэральнымі войскамі тэрыторыі.

Агенцтва France Press цытуе словы прадстаўніка расейскага ўраду ў Чачні Мікалая Кошмана, які, наведаўшы горад, назваў Гудэрмэс ідэальным варыянтам для такой сталіцы, паколькі, як ён выказаўся, пашкоджаньні там мінімальныя.

Але тэлефонная сетка, якая была разбураная пад час мінулай вайны, так і не была адноўленая. У Гудэрмэсе існуюць праблемы з вадой і ацяпленьнем. Затое днямі былі адноўленыя пастаўкі расейскага газу ў Чачню. На цырымоніі ўрачыстага запальваньня "вечнага агню" ля магілы невядомага салдата Другой сусьветнай вайны прысутнічаў нават прэзыдэнт РАТ "ЭС Расеі" Анатоль Чубайс.

Аднак сотні расейскіх мацярок ня ведаюць, дзе пахаваныя, і ці пахаваныя навогул, іх сыны, якія ўдзельнічалі ў так званым "аднаўленьні канстытуцыйнага ладу" у Чачні пяць гадоў таму. Актывісткі расейскага Камітэту салдацкіх мяцярок былі вымушаныя самі шукаць салдацкія і афіцэрскія магілы, часьцей за ўсё – безвынікова.

Агенцтва Associated Press паведамляе, што, пачынаючы са жніўня, падчас ваеннай кампаніі ў Чачні былі забітыя альбо параненыя амаль дзве тысячы расейскіх вайскоўцаў. Гэта – лічба, якую прадстаўнікі расейскага ваеннага камандваньня лічаць за лепшае не ўзгадваць, паколькі гэта супярэчыла б агульным настроям у расейскім грамадзтве.

Што тычыцца забітых, то Associated Press падае лічбу ў 460 чалавек. Параненых – больш за паўтары тысячы. "Нават калі верыць толькі афіцыйным дадзеным пра "няшчасныя выпадкі", то і яны скалыхнулі б любую заходнюю краіну", – лічыць незалежны ваенны аналітык Павал Фелгенхаўэр. – І такая колькасьць ахвяраў там наўрад ці была б ўспрынятая як "ваенны посьпех".

Чачэнскі бок паведамляе, што больш як 4 тысячы мірных грамадзянаў былі забітыя ў выніку апэрацыі расейскіх фэдэральных войскаў, але не падае ніякіх дадзеных пра страты байцоў узброеных фармаваньняў.

На захадзе заўважана, што ў мінулую чачэнскую вайну грамадзкая думка Расеі, з большага, была на баку чачэнцаў – пры тым, што ахвяры ў тым ліку і сярод расейскіх вайскоўцаў былі непараўнальна большыя. Гэта тлумачаць імклівым прасоўваньнем расейскіх войскаў і распаўсюджаным меркаваньнем, што наступ фэдэралаў – гэта адказ на напад чачэнцаў на Дагестан.

Паводле сацыялягічнага апытаньня, праведзенага Незележным цэнтрам рэгіянальных палітычных дасьледваньняў, 65 адсоткаў апытаных расейцаў лічаць, што Расея выйграе чачэнскую кампанію, і толькі 13 адсоткаў лічаць наадварот. Астатнія не вызначыліся ў сваіх адносінах. Колькасьць апытаных – тры тысячы асобаў, мяжа памылкі – 1,8 адсоткаў.

Афіцыйнае расейскае тэлебачаньне дэманструе ўпэўненыя твары расейскіх вайскоўцаў і дзяржаўных чыноўнікаў, якія абяцаюць пасьпяховае і хуткае завяршэньне кампаніі.

Аднак ня кожны падзяляе афіцыйную пазыцыю.

"Ад самых савецкіх часоў, мы яшчэ ня чулі такую неверагодную хлусьню", – гаворыць Валянціна Мельнікава, кіраўнік вышэйпрыгаданага Камітэту салдацкіх мацярок. Яна сьцьвярджае, што, паводле актывістаў Камітэту, якія выязжалі непасрэдна ў зону баявых дзеяньняў, рэальная колькасьць ахвяраў вайны з фэдэральнага боку як мінумум у два разы пераўзыходзіць афіцыйныя дадзеныя.

XS
SM
MD
LG