Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 24 лістапада 1999 г.


Алена Ціхановіч, Прага

(эфір 23 лістапада)
У Сэйме Літоўскай Рэспублікі адбылася прэсавая канфэрэнцыя з удзелам Старшыні Вярхоўнага Савета Беларусі 13-га скліканьня Сямёна Шарэцкага, а таксама дэпутатаў Вярхоўнага Савета Уладзімера Нісьцюка і Анатоля Лябедзькі.

Прэсавая канфэрэнцыя была заарганізаваная групай міжпарлямэнцкага беларуска-літоўскага супрацоўніцтва. На сувязі з намі Вільня. Ля тэлефону Анатоль Лябедзька.

(Карэспандэнт: ) "Спадар Лябедзька, перш за ўсё я хачу запытаць вось пра што. Паколькі на стамбульскім саміце Аляксандар Лукашэнка выступіў з рэзкай крытыкай Літвы і абвінаваціў яе ў парушэньні правоў чалавека, ці даводзілася Вам на прэсавай канфэрэнцыі неяк камэнтаваць гэтую тэму і ці былі пытаньні на гэтую тэму?"

(Лябедзька: ) "Мы закраналі гэтае пытаньне і натуральна, што літоўскія журналісты цікавіліся тым, што адбывалася на саміце і што гаварыў Лукашэнка пра Літву. Гэта абсалютны цынізм, таму што сёньня Беларусь разам з Кубай, Іракам і іншымі краінамі ўваходзіць у першую дзясятку краінаў, дзе адзначаныя парушэньні правоў чалавека. І ўзгадваць толькі таму, што табе не спадабаўся выступ кіраўніка суседняй дзяржавы, легітымнага кіраўніка, ну гэта проста нават не па джэнтэльмэнску. І гэта асабліва гучыць цынічна на фоне таго, што ў Беларусі мы ня ведаем, які лёс Віктара Ганчара, Юрыя Захаранкі, які лёс тых дзясяткаў палітзьняволеных, якія знаходзяцца ў турме, напрыклад, Чыгір, Кудзінаў, Клімаў. Таму на сёньняшні дзень можна канстатаваць, што сёньня на вялікі жаль справа правоў чалавека застаецца самаю актуальнаю для Беларусі".

(Карэспандэнт: ) "Як Вы думаеце, ці не была гэтая крытыка, гэты выступ выкліканы знаходжаньнем Сямёна Шарэцкага ў Вільні?"

(Лябедзька: ) "Гэта безумоўна, таму што Літва сёньня заявіла абсалютна празрыстую пазыцыю ў адносінах да беларускага рэжыму, і гэта вельмі моцны фактар, таму што ёсьць некалькі пытаньняў, у вырашэньні якіх зацікаўленая Літва. Але тым ня менш, яны свае дзяржаўныя інтарэсы паставілі трошку ззаду, паставіўшы на парадак дня беларускае пытаньне. Таму што яны разумеюць, што без дэмакратычнай Беларусі ня можа быць бясьпекі для Літвы, для Польшчы і, наогул, для архітэктуры эўрапейскай бясьпекі.

Таму мне вельмі падабаецца падыход і прэзыдэнта Адамкуса, і парлямэнта Літвы. Гэта – дзяржаўная палітыка, гэта – палітыка эўрапейскага ўзроўню, а не местачковая".

Гэтак Анатоль Лябедзька акрэсьліў тэмы, якія сёньня ўздымаліся на прэсавай канфэрэнцыі ў Сэйме Літоўскай Рэспублікі. Дэпутат паведаміў, што адразу пасьля прэсавай канфэрэнцыі ён накіроўваецца ў Менск, каб браць удзел у акцыі, прысьвечанай трэйцяй гадавіне лістападаўскага рэфэрэндуму.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG