Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Навіны 24 лістапада 1999 г.


Сяржук Сокалаў-Воюш, Прага

Расейскі друк актыўна камэнтуе меркаванае падпісаньне дамовы аб беларуска-расейскім саюзе.

"Дакумэнт, які будзе падпісаны 26-га лістапада, – чытаем у "Независимой газете", – будзе толькі пачаткам працэсу, а ня фактам стварэньня Саюзу Беларусі і Расеі". "Кажуць, што добрымі намерамі брукаваная дарога ў пекла. Зь вядомай нацяжкай гэтую прымаўку можна ўжыць да некаторых актыўных прыхільнікаў збліжэньня Беларусі і Расеі", – падае сваё бачаньне той самай праблемы "Российская газета", а "Коммерсантъ-Daily" называе беларуска-расейскі саюз фіктыўным шлюбам.

У Маскве створаная ініцыятыўная група грамадзянаў Расеі ў падтрымку правядзеньня рэфэрэндуму ў пытаньні аб'яднаньня Расеі і Беларусі. Старшыня гэтай групы дэпутат расейскай дзяржаўнай думы Нікалай Ганчар, які, паводле "Росийской газеты", "моцна хоча абняцца зь Беларусяй, каб адразу ж да сьмерці задушыць яе ў сваіх абдымках".

Паводле апошняга грамадзкага апытаньня 29-31 кастрычніка, – паведамляе газэта, – 62% расейцаў цьвёрда выказваюцца на карысьць аб'яднаньня паміж Беларусяй і Расеяй. А вось у пытаньні формы гэтага аб'яднаньня думкі самыя розныя. 28% бачаць у ім саюз двух роўных, 27% – адну дзяржаву, і 5% хацелі б бачыць Беларусь вобласьцю Расейскай Фэдэрацыі, а 16% – адной з расейскіх рэспублікаў. Як бачым, бальшыня расейцаў адразу ж адмаўляюць Беларусі ў праве на сувэрэнітэт. Гэткі спосаб мысьленьня прадказвае магчымыя наступствы стварэньня беларуска-расейскага саюзу.

Лукашэнка, – піша з нагоды стварэньня беларуска-расейскага саюзу "Коммерсантъ-Daily", – абставіў аб'яднаньне як волю двух славянскіх народаў: маўляў, праект прайшоў "усенароднае абмеркаваньне". Са 150 мільёнаў жыхароў Расеі і 10 мільёнаў грамадзянаў Беларусі ў абмеркаваньні ўзялі ўдзел каля аднаго з паловай мільёну чалавек. 1 мільён 34 тысячы зь іх – беларускія грамадзяне. Атрымліваецца, што 400 тысячаў расейцаў вырашылі лёс астатніх 150 мільёнаў.

Зрэшты, – працягвае "Коммерсантъ-Daily", – нават сёньня незразумела, што будуць праз два дні падпісваць прэзыдэнты Расеі і Беларусі. У тэкст дамовы было ўнесена 1,5 тысячы паправак. Дамова нагадвае шлюбны кантракт, у якім абумоўленыя пытаньні "сумеснага вядзеньня гаспадаркі": будзе створаная адзіная эканамічная прастора, уведзеная адзіная валюта (рубель), скаардынаваная валютная, цэнавая і падаткавая палітыка.

Лукашэнку задавальняе менавіта такая вэрсія дамовы – бо Расея пачынае выцягваць эканоміку і фінансы Беларусі. Ніхто пакуль не адважыўся палічыць, – піша газэта, – у што стане Расеі "гэткі шлюб паводле разьліку". (…) Аднак Лукашэнку гэта не хвалюе. Галоўнае – працэс пайшоў. Ужо прадугледжана, што 3 сьнежня дамова паступіць на ратыфікацыю ў Дзяржаўную Думу. Няцяжка здагадацца як прагаласуе цяперашні склад народных абраньнікаў. А потым можна падпісаць канстытуцыйны акт, які прадугледжвае зьмены ў канстытуцыях дзьвюх краінаў і зноў вынесьці яго на рэфэрэндум. Як запісана ў дамове. І зноў усё будзе законна. А там, глядзіш, можна і саму дамову падправіць пад сябе. Таксама законным чынам", – чытаем напрыканцы артыкулу "Фіктыўны шлюб", зьмешчанага ў апошнім нумары газэты "Коммерсантъ-Daily".

XS
SM
MD
LG