Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 24 лістапада 1999 г.


Юры Дракахруст, Менск

26 лістапада ў Крамлі Лукашэнка і Ельцын паставяць свае подпісы пад дамоваю аб стварэньні хаўруснае дзяржавы. У Расеі вакол плянуемага падпісаньня вядуцца палітычныя спрэчкі. Пры гэтым сэнс дакумэнта застаецца ня вельмі зразумелым.

У панядзелак у Маскве адбылося паседжаньне выканаўчага камітэту хаўрусу, на якім Сяргей Лінг і Ўладзімер Пуцін канчаткова ўзгаднілі тэкст дамовы.

Прем'ер Расеі лічыць, што стварэньне хаўруснае дзяржавы, колькі б сілаў гэта ні адабрала, зьяўляецца стратэгічна неабходным як для Расеі, гэтак і для Беларусі. Сярод магчымых наступстваў падпісаньня Ўладзімер Пуцін ўзгадаў ўзмацненьне геапалітычнага ўплыву, паскарэньне інтэнсыўнага эканамічнага росту, узмацненьне інтэграцыі ў нутры СНД. Ён таксама заявіў, што ў Расеі праціўнікаў дамовы няма.

Варта адзначыць, што гэта не зусім адпавядае рэчаіснасьці. Зьвяз правых сілаў і партыя "Яблоко" дастаткова жорстка крытыкуюць прапануемы праект. Палітыкі, якія належаць да гэтых арганізацыяў, нагадваюць, што яшчэ ў ліпені гэтага году Лукашэнка перастаў быць легітымным кіраўніком Беларусі, і таму ягоны подпіс пад дамоваю ня будзе мець аніякай юрыдычнае моцы.

Але расейскі ўрад робіць выгляд, што такой праблемы ня йснуе. На думку першага намесьніка прэм'ера Мікалая Аксёненкі, паколькі Беларусь удзельнічае ва ўсіх міжнародных інстытутах (у прыватнасьці ў ААН), то ні пра якую нелегітымнасьць казаць няма падставаў. Сп. Аксёненка лічыць, што сумневы ў легітымнасьці Лукашэнкі – ня больш чым "перадвыбарчыя заявы некаторых расейскіх палітыкаў".

Але сумневы выклікае ня толькі легітымнасьць Лукашэнкі, але й сэнс дакумэнта, падрыхтаванага да падпісаньня.

У нядзелю, выступаючы ў тэлепраграме НТВ "Итоги", лідэр Зьвязу правых сілаў Сяргей Кірыенка заявіў, што дамова аб стварэньні хаўруснае дзяржавы не адпавядае расейскай Канстытуцыі. Ён паведаміў, што сябра Зьвязу правых сілаў, самарскі губэрнатар Цітоў мае намер адразу ж пасьля падпісаньня накіраваць запыт у Канстытуцыйны суд Расеі на прадмет адпаведнасьці дамовы Асноўнаму закону Расейскае Фэдэрацыі.

Дарэчы, тут і высьвятляць няма чаго. У артыкуле 61 дамовы гаворыцца: "Палажэньні дамовы, рэалізацыя якіх можа запатрабаваць унясеньня зьменаў у Канстытуцыі дзяржаваў-удзельніцаў, набываюць моц пасьля ажыцьцяўленьня неабходных працэдураў па зьмене Канстытуцый кожнае дзяржавы-ўдзельніцы".

У якой частцы дамова супярэчыць Канстытуцыям – адказу на гэтае пытаньне ў тэксце дакумэнту няма. Пэўныя тлумачэньні на гэты конт прапанаваў расейскі міністар ў справах СНД Леанід Драчэўскі. Ён заявіў, што на дадзеным этапе не патрабуюцца зьмены ў Канстытуцыі, але ў будучым, магчыма, паўстане патрэба ў правядзеньні рэфэрэндумаў у абедзьвюх краінах.

Паводле меркаваньня сп. Драчэўскага, яны могуць адбыцца праз год, пасьля абраньня хаўруснага парлямэнту. Ён падкрэсьліў, што гэтыя рэфэрэндумы не супадуць ані з прэзыдэнцкімі, ані з парлямэнцкімі выбарамі ў Расеі, бо гэта не атрымліваецца ані паводле тэрмінаў, ані паводле закону.

Расейскі міністар таксама патлумачыў, што дамова не дае права беларускім грамадзянам галасаваць на бліжэйшых парлямэнцкіх і прэзыдэнцкіх выбарах у Расеі.

Са словаў расейскага міністра вынікае, што набыцьцё дамоваю поўнай моцы праз рэфэрэндум калі й адбудзецца, дык толькі пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у Расеі, якія пройдуць без Лукашэнкі.

Дык што ж падпішуць пасьлязаўтра лідэры дзьвюх краінаў, якія наступствы будуць мець падпісаныя імі паперы – адказу на гэтае пытаньне пакуль няма.

Вельмі трапна расейскія дылемы ў дачыненні да аб'яднаньня зь Беларусьсю сфармуляваў былы прэзыдэнт СССР Міхал Гарбачоў. Ён заявіў, што выступае за стварэньне канфэдэрацыі, але супраць хаўруснае дзяржавы.

Гарбачоў задаў рытарычнае пытаньне: "Калі Беларусь і Расея аб'ядноўваюцца на роўных, то як быць з Башкірыяй і Татарыяй? Калі ж мы паглынаем Беларусь, апускаючы яе на ўзровень суб'екту Фэдэрацыі, усе скажуць: гэта расейская імпэрыя, імпэрскія замашкі".

Спробы Расеі аб'яднацца зь Беларусьсю такім чынам, каб не разбурыць сваю Фэдэрацыю і пазьбегнуць інкарпарацыі, вельмі нагадваюць спробы стварыць "вечны рухавік".

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG