Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 24 лістапада 1999 г.


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Сёньня завяршыўся візыт у Беларусь дэлегацыі камітэту захаваньня правоў парламэнтароў Міжпарламэнцкага зьвязу на чале са швэйцарскім дэпутатам Франсуа Барэлем.

Паводле інфармацыі "Хартыі-97", спадар Барэль за тыдзень знаходжаньня у Беларусі сустрэўся з шэрагам апазыцыйных палітыкаў і наведаў у турмах парламэнтарыяў Андрэя Клімава і Ўладзімера Кудзінава.

Дэлегацыя Міжпарламэнцкага зьвязу мела гутаркі са сваякамі й адвакатамі арыштаваных дэпутатаў, а таксама з жонкаю зьніклага намесьніка старшыні Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня Віктара Ганчара. Тэмаю гэтых гутарак былі абставіны й прычыны перасьледу апазыцыйных палітыкаў з боку ўлады, працэсуальныя ды іншыя парушэньні пад час сьледзтва й судовых працэсаў.

Наведаўшы менскі сьледчы ізалятар і калёнію УЖ-15-1, дэлегацыя Міжпарлямэнцкага зьвязу цікавілася ўмовамі ўтрыманьня вязьняў і захаваньня іхных грамадзянскіх правоў.

Сёньня спадар Барэль сустракаўся зь міністрам нутраных справаў Беларусі Юрыям Сіваковым і кіраўніком сьледчага камітэту пры Міністэрстве нутраных справаў Леанідам Глухоўскім.

Паводле паведамленьня прэсавага цэнтру Міністэрства нутраных справаў, Сівакоў і Глухоўскі "адказалі на ўсе пытаньні прадстаўнікоў камітэту Міжпарлямэнцкага зьвязу". У прэсавым рэлізе міністэрства таксама паведамляецца, што "госьці засталіся цалкам задаволеныя ўбачаным" у беларускіх турмах.

У "Хартыі-97" з гэтае нагоды выказваецца зьдзіўленьне. Паводле актывістаў "Хартыі", госьці са Швайцарыі прынцыпова не давалі аніякіх ацэнак таму, што ўбачылі ў Беларусі. Яны заявілі, што іх меркаваньне зьявіцца толькі ў справаздачы на сэсіі Міжпарлямэнцкага зьвязу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG