Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 24 лістапада 1999 г.


Альгерд Невяроўскі, Менск

Сёньня ў судзе Ленінскага раёну Менску распачаўся працэс над мастаком Алесем Пушкіным.

Яго абвінавачваюць у злосным хуліганстве й абразе дзяржаўнае сымболікі на падставе таго, што 21 ліпеня Алесь прывёз і вывярнуў каля ганку адміністрацыі прэзыдэнта вазок з гноем, партрэтамі Лукашэнкі, а таксама цяперашнімі гэрбам і сьцягам Рэспублікі Беларусь. Да вазка была прымацаваная паперка з красамоўным надпісам: "За пяцігадовую плённую працу".

Такім арыгінальным чынам сп. Пушкін адзначыў тады заканчэньне легітымных паўнамоцтваў першага прэзыдэнта.

Галоўнай мэтаю судовага разьбіральніцтва, якое вёў судзьдзя Сяргей Хрыпач, стала пытаньне: "Ці быў у дзеяньнях Алеся Пушкіна 21 ліпеня каля будынку адміністрацыі Лукашэнкі хуліганскі матыў, або гэта была толькі мастацкая акцыя?".

Нагадаю, што сп.Пушкін сваю акцыю называе мастацкім дзействам-пэрфомансам і не прызнае сябе вінаватым у злосным хуліганстве й абразе дзяржаўных сымбаляў. Таму сёньня адразу ж пасьля пачатку працэсу, які, як ні дзіўна, праходзіў без прысутнасьці пракурора, адвакатка падсуднага Ларыса Атаманчук заявіла хадайніцтвы аб допуску да ўдзелу ў працэсе грамадзкага абаронцы Барыса Гюнтара й прызначэньні мастацтвазнаўчай экспэртызы акцыі.

Судьдзя Сяргей Хрыпач першую просьбу задаволіў, другую – не, аднак дазволіў экспэрту-мастацтвазнаўцу Віктару Пятрову ўдзельнічаць у працэсе.

Тым часам сам падсудны сп. Пушкін абраў дзеля сваёй абароны сваеасаблівую тактыку. Ён адразу ж прызнаў, што сьвядома пайшоў на гэты крок і рыхтаваў акцыю каля адміністрацыі Лукашэнкі на працягу двух месяцаў. Да задумы правесьці пэрфоманс Пушкіна падштурхнула ўсьведамленьне таго, што Лукашэнка не зьбіраецца дабрахвотна разьвітвацца са сваімі паўнамоцтвамі пасьля 20 ліпеня.

Паводле словаў Алеся, яму ніколі не падабалася палітыка, якую праводзіў першы прэзыдэнт Беларусі, але ён прызнаваў статус Лукашэнкі, бо паважаў выбар народа. Аднак узурпацыі ўлады мастак сьцярпець ня мог. Пушкін адмыслова абраў дзеля правядзеньня сваёй акцыі негвалтоўную форму, паколькі ён зьяўляецца праваслаўным вернікам і ніколі не дапускае гвалту ў адносінах да іншых людзей.

Мастак таксама распавёў у судзе пра тое, як ён рыхтаваўся да сваёй акцыі і як незаўважана для міліцыянтаў яму ўдалося прывезьці вазок з гноем амаль да ганку адміністрацыі.

Тое, што Пушкін не рабіў аніякіх гвалтоўных дзеяньняў, падцьвердзілі й сьведкі-міліцыянты, якія яго затрымлівалі.

На падставе паказаньняў Алеся, а таксама меркаваньня мастацтвазнаўцы про тое, што акцыя Пушкіна была мастацкім дзеяньнем, адвакатка й грамадзкі абаронца прасілі суд апраўдаць свайго падабароннага. Сам жа Пушкін у сваім апошнім слове заявіў, што не шкадуе пра тое, што зрабіў, і прыме любы вырак суду.

Алесь таксама выказаў спадзяваньне, што надыйдзе час, калі яму як мастаку ня прыйдзецца выказваць адносіны да ўладаў такім чынам, бо ўлада ў Беларусі будзе прыстойнай і патрыятычнай.

Судзьдзя слухаў усе выступы сп.Пушкіна й іншых удзельнікаў працэсу спакойна і нават далучыў да матэрыялаў справы 22-і пункт дэклярацыі Стамбульскага саміту АБСЭ, у якім прызнаецца наяўнасьць у Беларусі канстытуцыйных праблемаў.

Гэты дакумэнт, на думку падсуднага, мусіць прадэманстраваць суду слушнасьць ягонага пратэсту 21 ліпеня. Аднак мастак лічыць, што такія лагодныя паводзіны судьдзі зусім не азначаюць, што прысуд будзе такім жа мяккім. Гаворыць Алесь Пушкін:

(Пушкін: ) "Прысуд будзе такі – трэба пакараць аднаго чалавека, каб другім не хацелася. Як Шыдлоўскага. Вось пакаралі – больш ніхто не распісваў графіці. Так і тут. Трэба Пушкіна пакараць, каб іншыя не цягалі два гады, да 2001 году, ніякае сьмецьце туды, ні кароў, ні казлоў, нічога не вадзілі".

Вырок па крымінальнай справе мастака будзе вынесены заўтра.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG