Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 24 лістапада 1999 г.


Юрась Карманаў, Менск

Затрыманьнем і зьбіцьцём удзельнікаў завяршылася сёньня ў Менску несанкцыянаваная акцыя апазыцыі "Гадзіна смутку". У трэцюю гадавіну прэзыдэнцкага рэфэрэндуму акцыя праводзілася на знак салідарнасьці з усімі палітзьняволенымі і насіла антыінтэграцыйны характар.

…Вы чуеце, як удзельнікі несанкцыянаванай акцыі апазыцыі беспасьпяхова спрабуюць адбіць трох маладых людзей, якіх людзі ў цывільным затрымалі і зьбілі ля ўваходу ў станцыю мэтро "Плошча Якуба Коласа". Агульная колькасьць затрыманых пасьля акцыі пакуль невядомая.

"Гадзіна смутку і салідарнасьці" – так назвалі апазыцыянэры сваю сёньняшнюю гадзінную акцыю пратэсту, якая распачалася а 18 гадзіне, калі ў Менску было ўжо цёмна.

Тысяча сьвечак запалілася сёньня на ходніках праспэкта Скарыны ад плошчы Якуба Коласа да Акадэміі Навук. Звычайных для апазыцыйных акцыяў сьцягоў і лёзунгаў сёньня не было.

Лідэр беларускіх сацыял-дэмакратаў Мікола Статкевіч гаворыць, што 10 гадоў таму такія ж сьвечкі адгарэлі ў краінах Цэнтральнай Эўропы, што змагаліся з савецкім таталітарызмам. Сёньня сьвечкі гараць у Беларусі.

(Статкевіч: ) "Мы адчуваем сябе эўрапейцамі, і мы, безумоўна, выкарыстоўзваем іх досьвед барацьбы за свабоду. Гэтая акцыя – гэта скарыстаньне эўрапейскага вопыту, эўрапескіх культурных традыцыяў".

(Карэспандэнт: ) "Спадар Статкевіч, для чаго сёньня гарэла Вашая сьвечка?"

(Статкевіч: ) "Яна гарэла на знак салідарнасьці з тымі, хто зараз за свае палітычныя перакананьні знаходзіцца ў турмах, хто знаходзіцца пад крымінальным перасьледам, з тымі, хто змагаецца, хто не скарыўся ў гэтай краіне".

Лідэр Беларускага Народнага Форнту Вінцук Вячорка прыйшоў на акцыю разам з жонкай і дзецьмі.

(Вячорка: ) "Мы прыйшлі ўсёй сям'ёй. Мы ня можам прадухіліць пасьлязаўтрашняга ганебнага падпісаньня, мы ня можам прадухіліць гэтай здрады дзяржаўным і нацыянальным інтарэсам Беларусі, але мы сваім учынкам хочам паказаць, што ёсьць спосабы супраціву, маральнага негвалтоўнага супраціву гэтай паўзучай агрэсіі і здачы нашай незалежнасьці. І мы хочам насьмеліць людзей. Таму я тут са сваімі дзецьмі, таму што для мяне Беларусь – гэта будучыня маіх дзяцей".

Падлічыць агульную колькасьць удзельнікаў сёньняшняй акцыі даволі цяжка. Арганізатары называюць лічбу 2000 тысячы, міліцыянты гавораць пра 1000 удзельнікаў.

Агульны матыў, які вывеў сёньня людзей на вуліцу аднолькавы. Гаворыць адна з удзельніцаў "Гадзіны смутку":

(Удзельніца: ) "Я тут дзеля таго, каб людзі ведалі, што мы супраць аб'яднаньня з Расеяй, за сваю незалежнасьць, і сёньня тры гады, як прайшоў незаконны рэфэрэндум, калі нас не спыталі, што мы хочам, як мы хочам, і зноў нас гоняць у гэтую казарму, у вялікі калхоз".

Пасьля акцыі жанчыне, якую вы толькі што чулі, давялося адбіваць у міліцыянтаў затрыманых удзельнікаў "Гадзіны смутку".

XS
SM
MD
LG