Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 24 лістапада 1999 г.


Юрась Карманаў, Менск

У гэтыя хвіліны ў Менску распачынаецца несанкцыянаваная акцыя "Гадзіна смутку", зарганізаваная Каардынацыйнай Радаю дэмакратычных сілаў.

Арганізатары несанкцыянаванай акцыі "Гадзіна Смутку" заплянавалі яе пачатак на 18 гадзінаў.

Да мейсца правядзеньня акцыі – пляцу Якуба Коласа – ужо сьцягнутыя ўзмоцненыя патрулі міліцыі.

Прадстаўнікі свабодных прафэсійных зьвязаў, няўрадавых арганізацыяў, дэмакратычных партыяў – БНФ, АГП, "Народнай Грамады" – спадзяюцца, што ўлады ня будуць перашкаджаць ім смуткаваць з нагоды 3-й гадавіны прэзыдэнцкага рэфэрэндуму.

А 18-й гадзіне ў Менску ўжо цёмна й сьвечкі як сымболі смутку будуць асьвятляць цэнтральны менскі праспэкт Скарыны ад пляцу Якуба Коласа да Акадэміі навук.

Лідэр Беларускага Народнага Фронту Вінцук Вячорка заявіў, што "Гадзіна Смутку" прысьвечаная ўсім беларускім палітвязьням, зьніклым палітыкам, а таксама тым, хто пацярпеў ад перасьледу афіцыйных уладаў. Акрамя таго, 26 лістапада ў Маскве плянуецца падпісаньне чарговае хаўруснае дамовы, і гэтая тэма таксама будзе адной з галоўных на сёньняшняй акцыі.

Лідэры Каардынацыйнае Рады дэмакратычных сілаў выказваюць спадзеў, што, нягледзячы на марознае надвор'е, у "Гадзіне Смутку" возьмуць удзел каля дзьвюх тысячаў чалавек. Гэта першая акцыя апазыцыі пасьля "Маршу Свабоды", разагнанага ўладамі, нагадаю, 17 кастрычніка.

Першапачаткова сёньняшняя акцыя заяўлялася як "Ланцуг Свабоды", аднак гарадзкія ўлады ў чарговы раз перанесьлі мейсца правядзеньня на пляц Бангалёр. У выніку заяўнікі адклікалі сваю просьбу на дазвол і вырашылі правесьці "Гадзіну Смутку" па-за санкцыямі ўладаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG