Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 23 лістапада 1999 г.


Алесь Мікалайчанка, Слуцак – Менск

За права правесьці мітынг, шэсьце або пікет чыноўнікі многіх гарадоў Менскае вобласьці патрабуюць зь ініцыятараў акцыяў буйныя грашовыя сумы. Афіцыйныя асобы Менскага вабласнога выканаўчага камітэту сьцьвярджаюць, што гэтым яны пачалі выконваць указ Лукашэнкі.

Аляксандар Катляроў ды Мікола Сьмірноў, якія падалі заяўку на правядзеньне 26 лістапада ў Слуцку пікетаваньня супраць росту цэнаў, атрымалі зь мяйсцовага выканаўчага камітэту адказ: за права пастаяць з плякатамі на аддаленым ад цэнтру гораду стадыёне яны павінны пералічыць 9 мільёнаў рублёў на рахунак Слуцкага ГРАУС. Гэтая сума нібыта пойдзе на аплату клопатаў міліцыянтаў дзеля захаваньня грамадзкага парадку пад час пікетаваньня. Грошы неабходна пералічыць да 24 лістапада. Іначай акцыя не дазваляецца.

Слухачы "Радыё Свабода" ўжо ведаюць пра падобны выпадак у Салігорску, дзе людзі хацелі правесьці пікет супраць падпісаньня хаўруснае дамовы паміж Беларусьсю й Расеяй. Ад іх запатрабавалі каля 100 мільёнаў рублёў. На жаль, такіх грошай яны не здолелі знайсьці, і акцыя не адбылася.

Як бачна, апэтыты слуцкіх уладаў значна меншыя. Але, паводле меркаваньняў Аляксандра Катлярова й Міколы Сьмірнова, гэта зьвязана з чыста сацыяльнай тэматыкаю іхнага пікету. Бо за заяўлены імі ж на 28 лістапада мітынг у гонар 79-й гадавіны Слуцкага збройнага чыну ўлады просяць ужо некалькі дзясяткаў мінімальных заробкаў. Зразумела, заяўляльнікі ўпарцяцца, намагаюцца зьбіць кошты. Канчатковы канкрэтны рахунак яны атрымаюць заўтра разам з афіцыйным адказам.

Як паведаміў мне сёньня ў Менскім вабласным выканаўчым камітэце намесьнік старшыні Ўладзімер Дражын, зьдзіўляцца фінансавым патрабаваньням чыноўнікаў ня трэба, таму што яны адпавядаюць сёлетняму дэкрэту № 31 ад 9 верасьня "Аб некаторых мерах у папярэджаньні надзвычайных здарэньняў пад час правядзеньня масавых мерапрыемстваў". У 3-м пункце згаданага дакумэнту як раз і вядзецца гаворка наконт таго, што мяйсцовыя ўлады мусяць спаганяць грошы з заяўляльнікаў.

Паводле Ўладзімера Дражына, цягам верасьня – кастрычніка рэгіянальныя ворганы ўлады Меншчыны распрацавалі на гэты конт свае палажэньні, а ў лістападзе пачалі дэкрэт скарыстоўваць на практыцы. Жорстка вызначанага прэйскуранту на "паслугі" выканаўчых камітэтаў няма: "канчатковая сума залежыць ад таго, як дамовяцца між сабою прадстаўнікі апазыцыі ды ўладаў", – заўважыў Уладзімер Дражын. І дадаў: маўляў, салігорцам трэба было лепей дамаўляцца са сваёй "вэртыкальлю".

Даводзіцца толькі зьдзіўляцца: чаму заяўнікі павінны за права рэалізаваць свае грамадзянскія правы дадаткова плаціць міліцыі, хуткай дапамозе й камунальнікам, калі ўсім гэтым службам ужо заплачана з кішэняў падаткаплацельшчыкаў.

XS
SM
MD
LG