Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 23 лістапада 1999 г.


Любоў Лунёва, Менск

Сёньня Савецкі суд Менску спыніў адміністрацыйную справу, ўзбуджаную супраць намесьніка старшыні Беларускага Народнага Фронту Юрыя Хадыкі паўгады таму за ўдзел у несанкцыянаваным шэсьці 2 красавіка.

Юры Хадыка напрыканцы траўня быў завочна асуджаны да выплаты штрафу памерам 30 мільёнаў рублёў за ўдзел у несанкцыянаваным шэсьці 2 красавіка. Ён падаў скаргу на гэтае рашэньне ў гарадзкі суд, якую той задаволіў. Але, нягледзячы на гэта, сума штрафу была ўтрыманая з заробку Юрыя Хадыкі.

У Савецкім судзе на мінулым тыдні судовае паседжаньне не адбылося з-за адсутнасьці сьведкаў з боку міліцыі. Сёньня адміністрацыйная справа, узбуджаная супраць Юрыя Хадыкі, у судовым паседжаньні пад старшыняваньнем Іны Шэйко была спыненая.

Адвакатка Юрыя Хадыкі Тацяна Вардомская так пракамэнтавала гэтае рашэнне: "Гэтая справа была спыненая на падставе артыкулу 227 Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэньнях. У сувязі з тым, што ў судовым паседжаньні было немагчыма даказаць, што ў дзеяньнях Юрыя Хадыкі быў склад адміністрацыйнага правапарушэньня, і ці ўвогуле была падзея правапарушэньня. Я лічу, што ў гэтай частцы судзьдзя вынесла адзіна правільнае рашэньне. А што тычыцца травеньскага рашэньня, якое пазьней было адмененае, то мне здаецца, калі б судзьдзя Савасьцян заслухала самога Хадыку, усіх сьведкаў, прагледзела б відэазапіс – яна б вынесла такое ж рашэньне".

"Увогуле, 2 красавіка ўдзельнікі мітынгу падпарадкаваліся патрабаваньню супрацоўнікаў міліцыі ды перайшлі на другое мейсца. Лічыць гэты пераход несанкцыянаваным шэсьцем абсурдна. І сёньня зноў супрацоўнікі міліцыі так і ня здолелі даць вызначэньне шэсьця, мітынгу, дэманстрацыі. Кажуць пра шэсьце, а апісваюць дэманстрацыю", – такі камэнтар дала нашаму радыё адвакатка Тацяна Вардомская.

Цяпер Хадыку павінны вярнуць грошы, якія вылічылі з заробку.

Невядома, якім чынам будуць кампэнсавацца ягоныя страты, паколькі, пачынаючы з траўня, інфляцыя абясцэніла беларускія грошы больш як у два разы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG