Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 23 лістапада 1999 г.


Ягор Маёрчык, Менск

Cёньня больш дзясятка прадстаўнікоў Свабоднага прафэсійнага зьвязу Беларусі й рабочых менскіх прадпрыемстваў сустрэліся з кіраўніком Кансультатыўна-наглядальнае групы АБСЭ Гансам-Георгам Вікам. Прадстаўнікі місіі АБСЭ абяцалі вывучыць факты перасьледу прафэсійных зьвязаў і парушэньня законаў з боку афіцыйных уладаў, а таксама паспрыяць у арганізацыі шэрагу сэмінараў і наладжваньні сувязяў зь міжнароднымі праваабарончымі арганізацыямі.

Гадзіну (замест заплянаваных дваццаці хвілінаў) цягнулася сустрэча амбасадара Віка з актывістамі суполак Свабоднага прафэсійнага зьвязу Беларусі. Працоўныя перадалі спадару Віку дакумэнты, якія сьведчаць пра сыстэматычныя парушэньні законаў з боку адміністрацыяў прадпрыемстваў, невыкананьне падпісаных пагадненьняў, а таксама пра перасьлед Свабоднага прафэсійнага зьвязу з боку ўладаў.

У лісьце да кіраўніка місіі АБСЭ кіраўнікі суполак прафэсійных зьвязаў зазначаюць, што правядзеньне сэмінараў пад эгідаю АБСЭ з удзелам зьвязаў, адміністрацыяў прадпрыемстваў і прадстаўнікоў улады магло б спрыяць маючаму адбыцца дыялёгу паміж апазыцыяй і ўладаю.

Рабочыя запрасілі Ганса-Георга Віка наведаць прамысловыя прадпрыемствы для таго, каб на свае вочы пабачыць, наколькі заявы ўладаў пра выкананьне законаў і адсутнасьць перасьледу суполак Свабоднага прафэсійнага зьвязу адпавядаюць рэчаіснасьці.

Дыплямат прыняў запрашэньне. Ён заявіў, што група АБСЭ заклапочаная ўмовамі працы на прадпрыемствах і становішчам, у якім апынуліся незалежныя прафэсійныя зьвязы Беларусі.

У сваёй прамове Ганс-Георг Вік падкрэсьліў, што высновы, якія зробіць наглядальная група АБСЭ, не абавязковыя да выкананьня. А таму адзінае, што можа зрабіць місія, гэта параіць уладам Беларусі выконваць законы.

Свой выступ спадар Вік скончыў словамі: "Жадаю, каб у вашых кватэрах было цёпла, а вы мелі мейсца працы". Гэтае выказваньне выклікала ў прысутных усьмешкі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG