Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 23 лістапада 1999 г.


Аляксандар Лукашук, Прага

Прэзыдэнт Клінтан не сустракаўся з Аляксандрам Лукашэнкам у Стамбуле. Пра гэта сёньня заявіла нашаму Радыё па тэлефоне з Вашынгтону прадстаўніца Дзяржаўнага Дэпартамэнту ЗША Эн Джонсан.

Нагадаем, што прэзыдэнт Беларусі Аляксандар Лукашэнка, чые законныя паўнамоцтвы скончыліся ў ліпені сёлета, у якасьці доказаў свайго міжнароднага прызнаньня заявіў, што меў гутарку ў Стамбуле з амэрыканскім лідэрам і запрасіў яго ў Менск.

Фатаздымак Біла Клінтана і Аляксандра Лукашэнкі быў надрукаваны ў газэтах. Міністар замежных справаў Беларусі Урал Латыпаў паведаміў ў гэтай сувязі, што атрымаў загад Лукашэнкі тэрмінова палепшыць адносіны з Амэрыкай.

Каб удакладніць погляд амэрыканскага боку на гэты конт, мы пазванілі ў Вашынгтон, да прадстаўніцы Дзярждэпартамэнту ЗША Эн Джонсан.

(Джонсан: ) "Прэзыдэнт Клінтан не сустракаўся з Лукашэнкам. Калі прэзыдэнт Клінтан выходзіў пасьля цырымоніі падпісаньня дакумэнтаў, Лукашэнка стаў перад ім з працягнутай рукой. З ветлівасьці прэзыдэнт яе паціснуў. Лукашэнка запрасіў прэзыдэнта наведаць сталіцу Беларусі Менск. Прэзыдэнт адказаў, што ён там ужо быў. Болей нічога не гаварылася.

У нашай палітыцы адносна Беларусі не адбылося ніякіх зьменаў. Мы працягваем заклік да беларускіх уладў паважаць правы чалавека і весьці шчыры дыялёг з апазыцыяй дзеля разьвязаньня палітычнага і канстытуцыйнага крызысу, што цяпер існуе".

(Лукашук: ) "Сп. Джонсан, падобныя гутаркі, нефармальныя больш-менш часта здараюцца на падобных сустрэчах у вярхох. Чаму вы ня лічыце, што адбылася менавіта сустрэча?"

(Джонсан: ) "Гэта не была сустрэча. Яна не была заплянаваная. І гэта не была гутарка ў поўным сэнсе гэтага слова. Сп. Лукашэнка стаў перад прэзыдэнтам Клінтанам калі, як я разумею, прэзыдэнт Клінтан пакідаў залю пасьля цырымоніі падпісаньня. Вакол яго былі рэпартэры. Спадар Лукашэнка стаў перад прэзыдэнтам з працягнутай рукой. І зь ветлівасьці прэзыдэнт паціснуў яе. Гэта не была сустрэча".

Гаварыла Эн Джонсан, прадстаўніца Дзяржаўнага Дэпартамэнту Злучаных Штатаў Амэрыкі.

XS
SM
MD
LG