Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 22 лістапада 1999 г.


Вольга Караткевіч, Менск

(эфір 20 лістапада)
У той час, калі статыстыка гаворыць пра звужэньне магчымасьцяў вучыцца па-беларуску, пра скарачэньне колькасьці надрукаваных кніг па-беларуску, пра дыскрымінацыю мовы карэннага насельніцтва Беларусі – замежныя спэцыялісты працягваюць вучыць беларускую мову й вераць, што надыйдзе час, і беларуская мова будзе цалкам запатрабаваная ў самой Беларусі, у міжнародных дачыненьнях краіны, сярод беларусаў, якія пражываюць за мяжою.

На філялягічным факультэце БДУ дзьве студэнткі – з башкірскай Уфы і польскага Любліну – вучацца па-беларуску, а таксама займаюцца моваю дадаткова – на індывідуальных занятках.

Студэнткі з Уфы й Любліну адразу мне паведамілі – а мы прызвычаіліся ўжо, што людзі тут дзівяцца: "Маўляў, што гэта вы ўзяліся за беларускую мову, калі ў самой Беларусі пачуеш яе нячаста?".

Агнешка Раманоўска нарадзілася за 70 кілямэтраў ад Любліну. У Люблінскім унівэрсытэце вучыла расейскую мову, а калі наладзіліся кантакты й студэнцкі абмен зь Беларускім Дзяржаўным Унівэрсытэтам, Агнешка вырашыла вывучыць беларускую мову. І прыехала ў Менск.

Сябры вельмі дзівіліся такому выбару, аднак Агнешка Раманоўская верыць у тое, што спэцыяліст, які жыве ў Польшчы й ведае беларускую мову, з часам зможа атрымаць прэстыжную працу.

(Карэспандэнт: ) "Што Вас найбольш уразіла і зьдзівіла ў Менску, у Беларусі?"

(Раманоўская: ) "Проста ў Польшчы людзі ня ведаюць, какія здзесь ўзровень культурны. Ну і кагда я гэта пабачыла, мне эта найбольш і зьдзівіла".

(Карэспандэнт: ) "Агнешка, скажы калі ласка, што табе найбольш перашкаджае ў вывучэньні беларускай мовы?"

(Раманоўская: ) "Руская мова".

Агнешка Раманоўская з польскага Любліну мае амбіцыі навучыцца й па-ўкраінску. Але ўжо ў Любліне.

Больш канкрэтныя пляны ў Аксаны Міхальчэнкі, якая прыехала са сталіцы Башкартастану. Тата Аксаны – беларус. Бабуля й дзядуля прыехалі ва Ўфу ў 1918 годзе – ратаваліся ад голаду. У сталіцы Башкартастану дастаткова моцная беларуская дыяспара, аб'яднаная ў суполку, якой кіруе Віктар Рамановіч. Дарэчы ён і арганізаваў гэтую стажыроўку для Аксаны Міхальчэнкі.

Рэч у тым, што ва Ўфе адчынілася філія Маскоўскага адкрытага гуманітарнага ўнівэрсытэту, пры якім ствараецца Славянскі цэнтар. Украінскае і польскае прадстаўніцтвы ўжо працуюць. Уфімскія беларусы выступілі зь ініцыятываю адчыніць беларускае прадстаўніцтва й вучыць сваіх дзяцей беларускай мове й культуры.

Аксана Міхальчэнка, якая паводле спэцыяльнасьці пэдагог-псыхоляг, скіравалася ў сталіцу Беларусі вучыць беларускую мову.

Мы гутарым з Аксанай Міхальчэнкай:

(Карэспандэнт: ) "Што Вас найбольш уразіла ў Беларусі?"

(Міхальчэнка: ) "Тут людзі больш ветлівыя, спакойныя. У параўнаньні з маёй рэспублікай, Беларусь больш эўрапейская".

(Карэспандэнт: ) "У Вашай асабістай матывацыі, апрача Славянскага цэнтру, дзе б Вы яшчэ хацелі выкарыстоўваць беларускую мову?"

(Міхальчэнка: ) "Мне, канешне, хацелася б больш там пашыраць беларускую мову. Шкада што тут менш зацікаўленыя сваёй роднай мовай. А ў нас там ёсьць зацікаўленасьць".

(Карэспандэнт: ) "Што Вам найбольш перашкаджае ў вывучэньні беларускай мовы тут у Беларусі?"

(Міхальчэнка: ) "Не хапае практыкі беларускага маўленьня. Я размаўляю толькі тут на катэдры і са знаёмымі".

(Карэспандэнт: ) "Вы гаворыце, што ва Уфе ёсьць зацікаўленьне беларускай мовай?"

(Міхальчэнка: ) "Там вельмі шмат беларусаў, і ёсьць беларускія паселішчы ў Іглінскім раёне, там створаныя дзьве школы, якія працуюць на беларускай мове. Тыя выпускнікі хочуць больш ведаць беларускую мову".

Аксана Міхальчэнка адзначыла, што выдаткі на яе навучаньне нясе беларускі бок. Зрэшты, як і ў выпадку кожнага студэнта з замежжа, калі гаворка йдзе пра навуковы абмен.

Як паведаміла мэтадыст навучаньня замежных грамадзянаў Валянціна Філімонава, цікавасьць замежнікаў да беларускае мовы расьце.

Адзін студэнт зь Японіі, які вывучыў нашую мову, цяпер працуе ў японскім міністэрстве замежных справаў і хоча курыраваць дачыненьні зь Беларусяй. Сёлета пачалі вывучаць беларускую мову два студэнты зь Нямеччыны – зь Енскага ўнівэрсытэту і ўнівэрсытэту з Бохуму.

Прычым адзін студэнт Андрэ Дом – вядомы нямецкі журналіст – перад тым, як зацікавіцца моваю і гісторыяй нашае зямлі, рабіў журналісцкія матэрыялы пра жыцьцё ў Беларусі.

Для ўсіх замежнікаў, хто вывучае беларускую мову, філялягічны факультэт прапаноўвае і курс "Культура Беларусі". Студэнты ходзяць у музэі, сустракаюцца з гісторыкамі і культуролягамі.

Валянціна Філімонава паведаміла, што на яе стале ляжаць дзясяткі лістоў ад людзей, якія хочуць прыехаць у Беларусь і вывучыць яе мову й культуру. Жывуць гэтыя людзі ў Польшчы, Украіне, Гішпаніі, Японіі, Пакістане.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG