Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 22 лістапада 1999 г.


Валянціна Аксак, Менск

Абвясьціць наступны 2000 год годам Францішка Багушэвіча – з такой прапановаю да ўраду краіны рашыла зьвярнуцца рэспубліканская Рада Таварыства Беларускае Мовы імя Францішка Скарыны. Гэтае ды іншыя рашэньні прынятыя на агульным паседжаньні Рады, якое прайшло 21 лістапада.

Гэтае пытаньне на пачатку паседжаньня не значылася ў парадку дня Рады ТБМ. Яно паўстала ў ходзе абмеркаваньня праграмы акцыяў, якімі актывісты беларушчыны зьбіраюцца адзначаць дзесяцігодзьдзе прыняцьця Закону аб мовах.

Менавіта ад 26 студзеня 1990 году – дня прыняцьця Вярхоўным Саветам тады яшчэ БССР – у нашай краіне пачаўся актыўны працэс вяртаньня беларускае мовы ва ўсе сфэры жыцьця. Кожнай зь іх для поўнага пераходу на мову тытульнае нацыі краіны Закон вызначаў канкрэтны тэрмін у 2, 3, 5, але ня болей за 10 гадоў. І дзіўны зьбег датаў прыпадае на 26 студзеня 2000 году, бо менавіта за дзесяць гадоў ад дня прыняцьця Закон мусіў быць выкананы цалкам.

На практыцы гэта азначала б поўную беларусізацыю краіны. Народны паэт Беларусі Ніл Гілевіч, які тады быў адным зь ініцыятараў ды распрацоўнікаў Закону, выказаў у сваім выступе ўчора на Радзе ТБМ рашучую перакананасьць, што так бы яно й было. І дзесяцігодзьдзе прыняцьця Закону аб мовах адзначалася б менавіта як дата вяртаньня Беларусі да самое сябе.

На доказ свайго перакананьня Ніл Гілевіч нагадаў пра тыя нацыянальна-адраджэнцкія працэсы, якія адбываліся ў Беларусі ў першыя пяць гадоў дзеяньня Закону.

Наступныя ж пяць сталі люстраным адбіткам першых, зьвёўшы беларусізацыю да ранейшае кампартыйнае дэкляратыўнасьці. Розьніца, аднак, паміж пачаткам ды канцом гэтага дзесяцігодзьдзя ў тым, што за гэты час вырасла цэлае пакаленьне моладзі, для якой родная мова не асацыюецца з этнаграфічнымі аздобамі дзяржаўнага істэблішмэнту, а ёсьць грунтам самое дзяржавы.

На пашырэньне кола такіх грамадзянаў і разьлічаная праграма ТБМ у адзначэньні 10-годзьдзя Закону аб мовах. Яна ўлучае як навуковыя, асьветніцкія, прапагандыскія імпрэзы – а ў іх ліку канфэрэнцыі, сэмінары, "круглыя сталы", сустрэчы зь дзеячамі культуры й літаратуры – так і чыста практычныя пункты. Скажам, аднаўленьне рэспубліканскага бацькоўскага камітэту беларускамоўных школьнікаў, ці дамаганьне адкрыцьця беларускамоўных плыняў ва ўсіх вышэйшых ды сярэдніх спэцыяльных навучальных установах з адначасовай працаю ў стварэньні першага Беларускага нацыянальнага ўнівэрсытэту. Усё гэта не выключае і антырусыфікацыйных акцыяў пратэсту з патрабаваньнем забесьпячэньня беларускай мове рэальнага статусу дзяржаўнай.

У часе абмеркаваньня праграмы вядомы мовазнаўца Ўладзімер Содаль зьвярнуў увагу ТБМаўцаў на тое, што круглая дата Закону аб мовах прыпадае на год памятных датаў таго, хто першы выгукнуў пра фатальную пагрозу народу, які пакіне родную мову.

У 2000 годзе будзе 160 гадоў з дня нараджэньня Францішка Багушэвіча і 100 – з дня ягонае сьмерці. Супадзеньне гэтых датаў трэба ўспрымаць як адмысловы сымбаль і ўсю працу весьці пад знакам памяці званара беларусаў.

Рада ТБМ прыняла рашэньне зьвярнуцца ва ўрад краіны абвясьціць 2000 год у Беларусі годам Францішка Багушэвіча.

XS
SM
MD
LG