Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 22 лістапада 1999 г.


Валянцін Жданко, Стамбул-Менск

Сёньня ўначы дэлегацыя апазыцыйных беларускіх палітыкаў і група Міхала Сазонава, якія на запрашэньне місіі АБСЭ ўдзельнічалі ў Стамбульскім саміце Арганізацыі Бясьпекі й Супрацоўніцтва ў Эўропе, вярнуліся ў Менск. Разам зь імі вярнуўся карэспандэнт "Радыё Свабода" Валянцін Жданко.

Са Стамбулу лідэры апазыцыйных палітычных партыяў вярталіся гэтак жа, як і дабіраліся туды – у суседзтве з групаю памочніка Лукашэнкі Міхала Сазонава – тымі ж рэйсавымі самалётамі.

Няёмкая і двухсэнсоўная сытуацыя, калі палітычныя апанэнты вымушаныя былі штохвіліны сутыкацца ці то ў калідоры гатэлю, ці то ў салёне самалёта або аўтобуса, ці то ў кулуарах Саміту – так і захавалася да канца паездкі. Гэтыя людзі былі побач, але не разам. І шукаць паразуменьня або наладжваць нефармальныя дружалюбныя кантакты ані тая, ані другая група не імкнуліся.

Калі місія АБСЭ ставіла на мэце зьмяніць атмасфэру стасункаў паміж імі, злучыўшы гэтыя групы гэткім штучным чынам, – то мэта тая не дасягнутая.

Група Сазонава нават не прыйшла на агульную вячэру, наладжаную арганізатарамі паездкі ў апошні дзень побыту ў Стамбуле. Праўда, на наступную раніцу і Сазонаў, і Гурыновіч запэўнівалі, што прычыны ігнараваньня былі зусім не палітычныя.

Шлях апазыцыйных палітыкаў са Стамбулу мог быць зусім іншым, калі б яны прынялі прапанову Лукашэнкі. У былым султанскім палацы Чыраган, дзе праходзіў Саміт, афіцыйная і апазыцыйная дэлегацыі, натуральна, зь цікавасьцю (хоць і здалёку) назіралі адна за адной.

Урэшце, Аляксандар Лукашэнка, які, відавочна, быў у добрым гуморы пасьля таго, як у калідоры здолеў за руку павітацца з прэзыдэнтам Злучаных Штатаў Білам Клінтанам, – выслаў да апазыцыі парлямантараў – Паўла Шыпука ды Ўадзімера Канаплёва.

Яны паведамілі, што Лукашэнка запрашае іх вяртацца назад у сваім самалёце. На што Станіслаў Шушкевіч, як распавядаюць відавочцы, адказаў крылатай фразаю: "Мы гэтай кампаніяй ня лётаем".

Нечаканымі кантактамі з уладаю часткова здолелі пакарыстацца толькі кіраўнікі лібэрал-дэмакратаў Гайдукевіч і Рабатай, якія тут жа схапілі Шыпука й Канаплёва пад рукі ды сфатаграфаваліся зь імі на фоне султанскага палацу. А фатаграфіі пасьля прыезду ў Менск абяцалі аддаць у "Народную Волю".

Увогуле, лібэрал-дэмакраты паводзілі сябе ў Стамбуле неардынарна. У перапынках паміж сустрэчамі яны, паводле іхных уласных словаў, заключалі буйныя камэрцыйныя зьдзелкі. А на перамовах нязьменна зь вялікім імпэтам адстойвалі ідэі незалежнасьці Беларусі.

Прычым, на прыканцы паездкі, больш як гадзіну стоячы ў задушнай чарзе ў стамбульскім аэрапорце ля стойкі "Аэрафлёту", яны ў эмацыянальнай і даходлівай форме пасьпелі расказаць, што думаюць пра расейскія парадкі й згубнасьць аб'яднаньня з такой краінаю некалькім дзясяткам журналістаў галоўных расейскіх тэлеканалаў, якія афармленьнем свайго непамернага багажу марудзілі чаргу, што ўрэшце прывяло да пераносу рэйсу.

Быць незадаволеным расейскімі парадкамі ёсьць усе падставы яшчэ у аднаго ўдзельніка апазыцыйнае дэлегацыі. У маскоўскім аэрапорце "Шарамецева-2" ахвяраю расейскіх міліцыянтаў стаў лідэр Партыі камуністаў Сяргей Калякін. Спачатку ён у суправаджэньні міліцэйскага прапаршчыка шукаў дакумэнты, а потым быў накіраваны ў аддзел міліцыі, дзе расейскія ахоўнікі парадку прапанавалі яму па-добраму заплаціць дзесяць даляраў, калі хоча бесперашкодна гэтым самалётам выляцець у Стамбул. Калякін, аднак, на шантаж не паддаўся і хабар не заплаціў.

Яшчэ адное, на маю думку, істотнае ўражаньне ад стамбульскай паездкі. Усё меншая колькасьць кіраўнікоў дзяржаваў прамаўляе свае выступы па-расейску. На расейскай мове не выступаў аніводзін з прэзыдэнтаў суседніх зь Беларусьсю краінаў (натуральна, апроч самой Расеі). Прамовы кіраўнікоў Польшчы, Летувы й Латвіі прагучалі па-ангельску, а прэзыдэнт Украіны Леанід Кучма выступіў на ўкраінскай мове. Не карыстаўся расейскай моваю і прэзыдэнт Грузіі Эдуард Шэварднадзе – у яго была прамова на ангельскай мове.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG