Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Навіны 19 лістапада 1999 г.


Сяргей Навумчык, Прага

Днямі ЦРУ ЗША рассакрэціла пакет дакумэнтаў, якія тычацца апошняга этапу існаваньня Савецкага Саюзу.

Прэзыдэнт СССР Міхаіл Гарбачоў атрымаў вялікую папулярнасьць у ЗША і ў Эўропе пасьля таго, як вывеў савецкія войскі з Афганістану і з краінаў Усходняй Эўропы. Але ўжо летам 1989 году Цэнтральнае Разьведвальнае Упраўленьне ЗША выказвала сумненьні ў палітычнай будучыні савецкага лідэра.

"Магчымасьці, што Гарбачоў пераадолее доўгатэрміновыя дылемы, шмат якія ім самім і створаныя, у лепшым выпадку, няпэўныя," – адзначалася ў справаздачы, падрыхтаванай для прэзыдэнта Буша і іншых палітычных лідэраў ЗША цэнтрам аналізу Савецкага Саюзу ЦРУ.

У прыватнасьці, сьцьвярджалася, што гарбачоўская праграма рэформаў палягае на "сумнеўных тэзісах і нерэальных меркаваньнях".

Гэты аналіз – частка 400-старонкавага архіву, які быў рассакрэчаны ў чацьвер. Дакумэнты ахопліваюць тры апошнія гады халоднай вайны, прыблізна зь лістападу 1988 і па 1991 год, калі Савецкі Саюз афіцыйна спыніў сваё існаваньне.

Дакумэнты, якія ахоплівалі папярэдні пэрыяд "халоднай вайны", былі рассакрэчаныя раней.

Новыя расскакрэчаныя дакумэнты выяўляюць глыбокія разыходжаньні ў ацэнках службы разьведкі, асабліва ў дачыненьні да Гарбачова. Так, насуперак іншым, аптымістычным прагнозам, намесьнік дырэктара ЦРУ Джон Гэлдэрсан у лістападзе 1989 года ўказваў на "істотную верагоднасьць" таго, што Гарбачоў будзе "страчваць кантроль над падзеямі".

Як вядома, напрыканцы лютага 1991 году Гарбачоў прыехаў ў Беларусь, наведаў чарнобыльскую зону і выступіў у Вярхоўным Савеце. Цэнтральнай падзеяй быў выступ Гарбачова ў Акадэміі Навук Беларусі, перад асобамі, якіх сабраў ЦК КПБ. Менавіта ў той прамове Гарбачоў зьнішчальна скрытыкаваў рэфармісцкую групу народных дэпутатаў СССР, дэмакратычныя нацыянальныя рухі ў рэспубліках і, фактычна, заявіў пра вяртаньне да марксісцка-ленінскіх догмаў. Тая прамова істотна падарвала аўтарытэт Гарбачова ў дэмакратычным асяродзьдзі тагачаснага СССР. І вось што ўжо праз два месяцы, 25 красавіка 1991 года, паведамлялася ў справаздачы ЦРУ, адмыслова падрыхтаванай для Рады Нацыянальнай Бясьпекі пры Белым Доме (цытую): "У выніку ягоных палітычных манэўраў і палітычных няўдачаў, ўплыў Гарбачова імкнецца да нулявой адзнакі"(канец цытаты).

Дакумэнты сьведчаць, што аналітыкі ЦРУ надавалі шмат увагі верагоднасьці посьпеху "антыгарбачоўскага" перавароту ў Маскве. Гарбачоў, аднак, перажыў пераварот у жніўні 1991-га, хаця ягоная ўлада зьмяншалася, у той час як Ельцын, як прэзыдэнт Расеі, набіраў сілу. 25 сьнежня 1991 году над Крамлём сьцяг Савецкага Саюзу быў заменены на расейскі сьцяг.

Дакумэнты сьведчаць і пра тое, што ЦРУ прагназавала пагаршэньне стану савецкай эканомікі і у сувязі з гэтым – рост сацыяльнай напружанасьці. Так, у лістападзе 1990 году аналітыкі не разьлічвалі на завяршэньне ўнутранага крызісу ў Савецкаім Саюзе ў бліжэйшай будучыні, а наадварот, прагназавалі ягонае паглыбленьне ў наступным годзе".

Аднак, тыя ж самыя дакумэнты выяўляюць і недаацэнку амэрыканскімі аналітыкамі тэмпаў зьменаў, якія адбываліся ў Савецкім Саюзе. Напрыклад, у чэрвені 91 году сьцьвярджалася, што Савецкі Саюз, магчыма, распадзецца на працягу пяці гадоў. Насамрэч, гэта адбылося ўжо праз шэсьць месяцаў.

"Сілы, якія вызваліліся ў выніку краху савецкай сыстэмы, паралізавалі ейнае апірышча – савецкую армію, і нішто ня можа спыніць гэты працэс", – адзначаецца ў апошняй справаздачы, над якой стаіць грыф "абсалютна сакрэтна".

XS
SM
MD
LG