Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 19 лістапада 1999 г.


Альгерд Невяроўскі, Менск

(эфір 18 лістапада)
Афіцыйная прапаганда вельмі часта любіць паўтараць, што ў выпадку стварэньня адзінае беларуска-расейскае дзяржавы беларускія вайскоўцы ані ў якім выпадку ня пойдуць служыць у гарачыя кропкі. Лукашэнка, Мясьніковіч ды іншыя высокія дзяржаўныя чыноўнікі сьцьвярджаюць, што расейская армія сама дасьць рады так званым чачэнскім тэрарыстам і, маўляў, беларусам там няма чаго рабіць. А тым часам, некаторыя прэзыдэнцкія экспэрты й журналісты спакваля падкідаюць грамадзкай сьвядомасьці ідэю аб тым, што беларускім хлопцам ваяваць за чужыя інтарэсы ўсё ж такі давядзецца.

Пад час правядзеньня на гэтым тыдні ў Менску круглага сталу на тэму "Хаўрус Беларусі й Расеі: шляхі фармаваньня агульнае дзяржаўнасьці" навуковы супрацоўнік Інстытуту сацыяльна-палітычных дасьледваньняў пры адміністрацыі прэзыдэнта Леанід Ганчар заявіў літаральна наступнае: "Будзем рэалістамі. Няўдзел беларускіх жаўнераў у канфліктах па-за межамі іх радзімы – гэта ідэал. У выпадку, калі сытуацыя будзе пагаршацца, ад ідэалу прыйдзецца адыходзіць, правіць Канстытуцыю і г.д.".

Заявы, падобныя на гэтую, ужо ня раз гучалі і ў эфіры Беларускага дзяржаўнага радыё. Дык, што могуць азначаць падобныя шчыраваньні з вуснаў прэзыдэнцкіх экспэртаў? Выказваньне асабістае думкі, ці ўсё ж прыхаваная да часу пазыцыя беларускіх уладаў адносна чачэнскага пытаньня?

Супрацоўнікі сакратарыяту міністэрства абароны пераконвалі мяне, што людзі, якія выказваюць падобныя думкі, проста нейкія правакатары. Маўляў, яны сьвядома ці несьвядома дэстабілізуюць сытуацыю ў грамадзтве, а Аляксандар Лукашэнка як і раней выступае супраць пасылкі нашых вайскоўцаў у Чачню.

Тады паўстае пытаньне – чаму людзі, якія займаюць дзяржаўныя пасады, амаль адкрыта выступаюць супраць палітыкі гэтае дзяржавы? Можа, у іх часам вырываюцца патаемныя мары й думкі, а можа праводзіцца сьвядомы экспэрымэнт з мэтаю высьвятліць, як адрэагуе грамадзтва на іхныя шчыраваньні.

Вось, што думае наконт магчымага ўдзелу беларускіх вайскоўцаў у замежных войнах лідэр "Народнае Грамады", падпалкоўнік Мікола Статкевіч:

(Статкевіч: ) "Тут міжволі выплыла, нарэшце, на паверхню сапраўды відавочнае. У выпадку, калі дойдзе да аб'яднаньня ў адну дзяржаву, удзел беларускіх жаўнераў у войнах, якія вядзе Расея, ён будзе перадвырашаны. Безумоўна, калі Расея захоча быць з намі ў адной дзяржаве – а яна хоча – то яна захоча таксама мець ад гэтага нейкія выгоды, ня толькі ж эканамічныя страты. Адна з такіх выгодаў – мець у войску беларускіх жаўнераў. Недарэмна пад час першай вайны ў Чачні расейскія афіцэры казалі, што ім тут вельмі не хапае беларусаў. У савецкім войску ў беларусаў быў імідж такіх талковых, дысцыплінаваных, паслухмяных, надзейных салдат".

На думку кіраўніка Сацыял-дэмакратычнае партыі, бальшыня дывізіяў расейскай арміі цяпер проста не баяздольныя, існуе вялікая недакамплектаванасьць гэтых вайсковых злучэньняў, і таму цяпер расейцы вымушаныя перакідваць на Каўказ свае элітныя падразьдзяленьні зь Сібіры й Далёкага Усходу.

Таму сп. Статкевіч лічыць, што расейскія афіцэры з зайздрасьцю пазіраюць у бок Беларусі, дзе армія ўкамплектаваная даволі добра. "У адзінай дзяржаве пазьбегнуць прызыву на вайну нашым хлопцам ня ўдасца", – гаворыць Мікола Статкевіч. Тым больш, што Беларусь знаходзіцца ад мяцежнай Ічкерыі значна бліжэй за Сібір.

XS
SM
MD
LG