Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Навіны 19 лістапада 1999 г.


(эфір 18 лістапада)
Сёньня тыдзень як з-за кратаў, пасьля двухгадовага зьняволеньня, выйшаў на волю былы старшыня акцыянэрнага таварыства "Расьвет" двойчы герой сацыялістычнае працы Васіль Старавойтаў.

За тыдзень пасьля выхаду з турмы Васіль Старавойтаў ужо даў добры тузін інтэрвію. Дачка Тацяна, якая сёньня выпадкова выконвала абавязкі сакратара й зьвязвала нас з Васілём Канстанцінавічам, кажа, што бацька ўжо ледзь не прытаміўся размаўляць з журналістамі, але, пачуушы, што на сувязь зь ім выходзіць "Радыё Свабода", без ваганьняў узяў слухаўку. Маўляў, ён ацаніў вашую ўвагу і дапамогу.

Прыемна было гэта пачуць, а яшчэ прыемней, што голас Старавойтава гучаў у слухаўцы бадзёра й рашуча.

(Карэспандэнт: ) "Як пачуваецца Васіль Старавойтаў, як ягонае здароўе?"

(Старавойтаў: ) "Нармальна".

(Карэспандэнт: ) "Вы ўжо ня кашляеце?"

(Старавойтаў: ) "Дыхаю цяжка".

(Карэспандэнт: ) "А на вуліцу ходзіце?"

(Старавойтаў: ) "Спрабую хадзіць".

(Карэспандэнт: ) "Сьвежае паветра – яно не турэмнае?"

(Старавойтаў: ) "Гэта праўда. Тут ў нас шмат сонца, шмат кіслароду".

(Карэспандэнт: ) "Цікава, як Вас сустрэлі Вашыя аднавяскоўцы?"

(Старавойтаў: ) "Я нікуды не хадзіў, гаварыў толькі з тымі, хто прыходзіў. Мне няёмка хадзіць па вуліцы. Напэўна і новае кіраўніцтва гаспадаркі ня надта будзе любіць мае ўчынкі, калі я некуды буду нос саваць".

(Карэспандэнт: ) "Вы сябе стрымліваеце пакуль…"

(Старавойтаў: ) "Так, стрымліваю і, напэўна, буду ўвесь час стрымліваць сябе ад усякіх сувязяў. Буду сядзець дома. Калі хто хоча зайсьці, хай зойдзе. Нядобра не пускаць людзей у дом".

(Карэспандэнт: ) "А шмат заходзіць людзей?"

(Старавойтаў: ) "Так, шмат. Я не пытаю, што ў іх на душы…"

(Карэспандэнт: ) "Ну а як вы думаеце, што ў іх на душы?"

(Старавойтаў: ) "Я думаю проста. Яны разабраліся, што я ня той злодзей, якім паказаў мяне Глухоўскі (90 сьледчых, і Глухоўскі імі кіраваў), што я самы вялікі злодзей у Беларусі. Вось у гэтым яны добра разабраліся. А гэта мне самая галоўная, самая лепшая ўзнагарода".

(Карэспандэнт: ) "Ці праўда, што людзі прыносяць да Вас пачастункі, вось сьвежаніны прынесьлі, нават, пачаставацца?"

(Старавойтаў: ) "Так, яны ж ведаюць, што я нічога не атрымліваю, што пэнсія аднятая. Здзіўляюся, як мая жоначка магла жыць. Гэта было вельмі цяжка. Пэнсіі няма, яна не працуе. Мне дапамагалі мае сёстры, мой брат – пэнсіянэры. У мяне нічога няма, усё ў мяне забралі".

(Карэспандэнт: ) "А Вы ўжо беларускія грошы трымалі ў руках, новыя мільёны, пяцімільённыя?"

(Старавойтаў: ) "Мільён паказвалі мне, у першы дзень, як прыйшоў".

(Карэспандэнт: ) "Ці ёсьць у Вас ужо нейкае ўяўленьне, як жывуць Вашыя аднавяскоўцы?"

(Старавойтаў: ) "Мілы чалавек, Вы мне лепш такіх пытаньняў не задавайце. Ня трэба. Хай яны жывуць як хочуць. Яшчэ патрэбны нейкі час, каб яны самі загаварылі. Калі я буду рабіць заключэньні, гэта толькі будзе Глухоўскага разьюшваць".

(Карэспандэнт: ) "А што Вы яго баіцеся?"

(Старавойтаў: ) "Не, не баюся. Ён Старавойтава ў турму пасадзіў, над "Рассветом" расправу ўчыніў, 90 сьледчых два гады прапрацавалі – мільёнчык галасоў ад Лукашэнкі аднялі на наступных выбарах. Ён зрабіў прыгожую рэч. Лукашэнка яшчэ не разабраўся, што ён зрабіў яму".

(Карэспандэнт: ) "Васіль Канстантынавіч, дарэчы, ці мелі Вы нейкія стасункі, кантакты з прадстаўнікамі ўлады пасьля вызваленьня?"

(Старавойтаў: ) "Ай, я ня буду гаварыць, бо калі скажу, іх павыганяюць з працы. Пакуль камандуе калгасам усё ж Глухоўскі. Вось калі ён перастане камандаваць – на гэта патрэбны час, яшчэ патрэбны хаця б год, і тады яго каманда тут спыніцца. Ну скажыце, у нас Жырыноўскія тут ёсьць? А можа "Яблоко" у нас ёсьць? А вось калі будуць жырыноўскія, будуць "Яблоки", яўлінскія, хай бяляўскія, шчарбаковы, хай чарняўскія… калі будуць парлямэнты, тады будзе Беларусь. Вось калі Пазьняк будзе ў парлямэнце – так, калі Багданкевіч будзе ў парлямэнце – так".

(Карэспандэнт: ) "Васіль Канстантынавіч, ну і апошняе пытаньне да Вас. Што вы гэты тыдзень рабілі?"

(Старавойтаў: ) "Рознае… Вось на адным вакне падваконьне трэба паправіць. Сёньня-заўтра я адзін пакойчык скампаную, другі. Каб можна было людзей прыняць. Людзі заходзяць, а ў нас толькі на кухні месца ёсьць. Усё астатняе перавернутае дагары нагамі…"

Гэта быў Васіль Старавойтаў, які правёў два гады ў розных беларускіх турмах, але, як бачым, не згубіў тых якасьцяў, якія заўсёды вылучалі яго сярод астатніх людзей.

Алег Грузьдзіловіч, Менск

XS
SM
MD
LG