Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 19 лістапада 1999 г.


Міхал Стэльмак, Менск

Міністэрства эканомікі краіны прыняло рашэньне аб пераглядзе энэргетычнай палітыкі для насельніцтва. На рэгістрацыю ў міністэрства юстыцыі накіраваны дакумэнт, у якім утрымліваюцца новыя нормы ільготнага выкарыстаньня электрычнасьці.

Паводле словаў кіраўніка аддзелу міністэрства эканомікі Тамары Астроўскай, новую энэргетычную палітыку найперш адчуюць маласямейныя. Для адзінокіх людзей і сем'яў з двух чалавек – нормы падвышаныя ўсяго ў паўтары-два разы. Варта падкрэсьліць, размова йдзе пра нормы спажываньня электраэнэргіі, якія аплочваюцца паводле ільготных коштаў.

Віктар Федасееў, намесьнік старшыні дзяржаўнага камітэту энэргаашчаджэньня, патлумачыў для нашага радыё, што такое рашэньне сталася наступствам грамадзкага пратэсту. Як вынікае з гэтага тлумачэньня, масавыя звароты грамадзянаў у ворганы ўлады аб пераглядзе палітыкі энэргетычнага нармаваньня мелі плён.

Нагадаю, нармаваньне электрычнасьці, на якую распаўсюджваюцца ільготныя тарыфы, было ўведзенае два месяцы таму. Ініцыятыва мела на мэце эканомію энэргарэсурсаў. А неабходнасьць эканоміі вынікала з вонкавай запазычанасьці Беларусі, якая завінавацілася Летуве й Расеі за купленую ў іх электрычнасьць каля ста мільёнаў даляраў.

Між тым, незалежныя экспэрты адразу ж прадказалі новаўвядзеньню нядоўгую будучыню. Рэч у тым, што чыноўнікі з дзяржаўных энэргетычных структураў і міністэрства эканомікі ў вызначэньні нормаў, на думку адмыслоўцаў-энэргетыкаў, засьведчылі сваю прафэсійную некампэтэнтнасьць. Яны груба памыліліся ў разьліках, з прычыны чаго маласямейныя людзі – а гэта пераважна пэнсіянэры – рэзка абмежавалі сябе ў выкарыстаньні сьвятла й побытавых электрапрыладаў.

Зрэшты, нават празьмерная эканомія не ўратавала значную частку насельніцтва, якая, паводле ўведзеных парадкаў, мусіла аплочваць дзяржаве так званае перавышэньне нормаў.

Пры пераважнай беднасьці насельніцтва зразумелым было масавае незадавальненьне дадатковымі фінансавымі выдаткамі за перавышэньне нормаў электрычнасьці. У прыватнасьці, паводле прызнаньня кіраўніка Менскага энэрганагляду Галіны Жынко, у апэрацыйных залях гэтае службы апошнім часам быў велізарны наплыў наведнікаў: не спадаў ажыятаж спажыўцоў электрычнасьці, незадаволеных верасьнёўскім новаўвядзеньнем.

Каб прадухіліць разьвіцьцё нэгатыўных настрояў у грамадзтве, і перш за ўсё ў асяродзьдзі пэнсіянэраў, улады, трэба меркаваць, і вырашылі зрабіць крок назад.

Пакуль, зразумела, невядома, як адрэагуе насельніцтва на адступленьне ўрадавых структураў. На думку назіральнікаў, падвышэньне нормаў павінна зьменшыць колькасьць праціўнікаў гэтае палітыкі. Разам з тым яе карэктывы, відавочна, паўплываюць на першапачатковыя пляны ўладаў. А менавіта: меркаваны эфэкт эканоміі насельніцтвам энэргарэсурсаў ня будзе дасягнуты.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG