Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Навіны 19 лістапада 1999 г.


Юрась Карманаў, Менск

Сёньня быў вызвалены старшыня Правабарончага цэнтру "Вясна-96" Алесь Бяляцкі, затрыманы ўчора ўвечары. Суд над спадаром Бяляцкім перанесены на бліжэйшы аўторак.

37-гадовага праваабаронцу Алеся Бяляцкага затрымалі ўчора ўвечары як аднаго з арганізатараў разагнанае ўладамі акцыі 17 кастрычніка "Марш Свабоды". Сёньня Бяляцкага павінны былі судзіць, аднак судзьдзя суду Савецкага раёну МенскуЛюдміла Севасьцьян перанесла судовы працэс на аўторак. Нагадаю, што Алесь Бяляцкі зьяўляецца таксама намесьнікам старшыні БНФ пад кіраўніцтвам Вінцука Вячоркі.

Сама працэдура затрыманьня Бяляцкага больш нагадвала кепскі шпіёнскі дэтэктыў. Учора Алесь Бяляцкі прыйшоў у аддзел міліцыі Цэнтральнага раёну, каб забраць свой кампутар, сканфіскаваны ў часе ператрусу ў штаб-кватэры "Вясны-96" 4 кастрычніка. Як патлумачыў Бяляцкаму ў часе арышту маёр аддзелу міліцыі Прузан, аказваецца, за Бяляцкім палявалі апошні месяц, і калі Бяляцкі сам зьявіўся ў Цэнтральным РАУСе, быў дадзены загад старшыню "Вясны-96" зарыштаваць.

З аддзелу міліцыі Цэнтральнага раёну Менску Алеся Бяляцкага даставілі ў аддзел Савецкага раёну, дзе пратрымалі да 12-ці гадзінаў начы. Гаворыць Алесь Бяляцкі:

(Бяляцкі: ) "Мяне пратрымалі там да 12 гадзінаў ночы. У 12 гадзін прыехаў так званы аўтазэк, мы былі загружаныя, тыя, хто па тых ці іншых прычынах павіне быў быць дастаўлены на Акрэсьціна, і мяне завезьлі на Акрэсьціна. Прычым дарога была доўгая, мы заязжалі ў нейкія іншыя РАУСы, было бачна, што ў краіне ёсьць напружаньне зь бэнзінам – адна машына зьбірае ўсіх. Мы прыехалі на Акрэсьціна толькі ў 4 гадзіны. Мяне завялі ў асобную камэру, а з раніцы мяне ізноў павезьлі ў Савецкі РАУС, адкуль завезьлі ў суд Савецкага раёну".

У судзе Савецкага раёну, як паведаміў Алесь Бяляцкі, судьдзя Людміла Севасьцьян нечакана заявіла, што справа пераносіцца на аўторак.

Сам Бяляцкі ўпэўнены, што яго вызвалілі толькі таму, што ў справу ўмяшалася амабсада ЗША ў Беларусі. Яшчэ ўчора "Вясна-96" паведаміла ў амбасады заходніх краінаў і місію АБСЭ ў Беларусі пра арышт Бяляцкага:

(Бяляцкі: ) "Я дакладна ведаю, што ёсьць рэакцыя заходніх амбасадаў. Менавіта гэта рэакцыя і была асноўнай прычынай майго вызваленьня сёньня".

Паведаміў Алесь Бяляцкі, суд над якім адбудзецца ў аўторак.

XS
SM
MD
LG