Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 19 лістапада 1999 г.


Валянцін Жданко, Стамбул

Сёньня ў Стамбуле скончыў працу саміт Арганізацыі Бясьпекі і Супрацоўніцтва ў Эўропе. Беларуская тэма прагучала ў выніковай Дэклярацыі саміту. Сёньня ж на сустрэчы выступіў прэзыдэнт Беларусі Аляксандар Лукашэнка, чые легітымныя паўнамоцтвы скончыліся ў ліпені сёлета.

Аляксандар Лукашэнка выступаў на Стамбульскім саміце ў палацы Чыраган адным з апошніх – раніцай 19 лістапада. Такім чынам, у яго была магчымасьць адказаць тым прэзыдэнтам, якія ў гэтыя два дні закраналі ў сваіх выступах беларускую праблему. І ён гэтай магчымасьцю скарыстаўся. Значная частка ягонай 9-хвіліннай прамовы была адведзеная папрокам на адрас прэзыдэнта Польшчы Аляксандра Квасьнеўскага і прэзыдэнта Літвы Валдаса Адамкуса.

Квасьнеўскага Лукашэнка абвінаваціў у тым, што ў Польшчы пад выглядам навядзеньня парадку паліцыя, паводле словаў Лукашэнкі, зьбівае простых рабочых і сялянаў. А ў Літве, як заявіў беларускі кіраўнік, улады трымаюць у турме невінаватых састарэлых камуністаў.
Такім чынам, – заявіў Лукашэнка, – прэзыдэнтам Квасьнеўскаму і Адамкусу перш чым зазіраць у суседзкі агарод, нялішне было б навесьці парадак ва ўласным доме.

Апроч таго, зноў жа як папрок Квасьнеўскаму, прагучала паведамленьне Лукашэнкі, што нядаўна ён атрымаў падзяку ад Рады польскіх абшчынаў у Эўропе за тое, што ў Беларусі, нібыта, няма ніякіх праблемаў у польскай нацыянальнай меншасьці.

Увогуле, пра беларускія праблемы ў часе саміту згадвалі ня толькі польскі і літоўскі прэзыдэнты. Учора ўвечары пра неабходнасьць свабодных, дэмакратычных выбараў у Беларусі ўспомніла прэзыдэнт Швайцарскай Канфэдэрацыі Руф Дрэйфус, а сёньня беларуская тэма прагучала ў выступе прэзыдэнта Чэхіі Вацлава Гавела. Ён сказаў, што трэба прыслухацца да голасу беларускай "Хартыі-97", і што эўрапейскія лідэры ня маюць права падмануць спадзяваньні гэтых людзей.

Дэлегацыя беларускай апазыцыі разам з урадавай групай Сазонава сустракалася сёньня тут у Стамбуле з Раймутам Дувэ, упаўнаважаным у справе свабоды прэсы АБСЭ. Спадар Дувэ цікавіўся, як выконваецца дамова пра доступ апазыцыі да дзяржаўных мас медыя. Сазонаву давялося прызнаць, што пратакол пра доступ, па сутнасьці, не выконваецца. Пры гэтым ён спаслаўся на журналістаў дзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі, якія, нібыта, выступілі супраць такой дамоўленасьці.

Сёньня ж адбылася размова апазыцыйных палітыкаў з кіраўніцкай тройкай Эўразьвязу на чале зь міністрам замежных справаў Фінляндыі спадаром Нювэргам. Ён расказаў пра сваю ўчорашнюю сустрэчу зь міністрам замежных справаў Беларусі Уралам Латыпавым. Пад час яе была выказаная цьвёрдая пазыцыя Эўразьвязу – адносіны да Беларусі ня могуць быць перагледжаныя ў цяперашніх умовах, а свабодныя і дэмакратычныя выбары ў краіне павінны адбыцца ў адпаведнасьці з законам, які быў бы распрацаваны ў выніку перамоваў паміж уладай і апазыцыяй.

Апроч таго, заплянаваная таксама сустрэча апазыцыйных палітыкаў са Стывенам Сэстанавічам, спэцыяльным дарадцам Дзярждэпартамэнту ЗША ў справе краінаў СНД.

Беларуская тэма прагучала ў выніковай дэклярацыі саміту. У гэтым дакумэнце падтрымліваюцца намаганьні кансультацыйна-назіральнай групы АБСЭ ў Беларусі ў справе наладжваньня дыялёгу паміж уладай і апазыцыяй, а таксама канстатуецца ўжо вядомая пазыцыя эўрапейскіх структураў адносна шляху, якім у Беларусі можа быць адноўленая дэмакратыя. Аснова гэтага шляху – клімат даверу, свабода прэсы, палітычны дыялёг ды свабодныя выбары.

Відавочна было б перабольшаньнем сьцьвярджаць, што беларуская тэма прагучала ў афіцыйнай частцы стамбульскага саміту шырока і заўважна. Яна апынулася ў ценю больш значных і балючых для нашага кантэнэнту праблемаў, і найперш чачэнскай трагедыі. Большасьць кіраўнікоў эўрапейскіх дзяржаваў выступаючы на саміце, асудзілі Маскву за тое, што яна выкарыстоўвае неапраўдана жорсткія мэтады ў Чачні. Некаторыя лідэры краінаў СНД, напрыклад, Леанід Кучма і Нурсултан Назарбаеў, проста абыйшлі ўвагай гэтую тэму, каб не псаваць адносіны зь Ельцыным.

І толькі кіраўнік адной краіны Эўропы цалкам падтрымаў вайну, якую вядзе ў Чачні Расея. Гэта быў Аляксандар Лукашэнка.

(Кастусь Бандарук: ) "Валянцін, ці маглі б Вы яшчэ ўдакладніць, якая была рэакцыя ў пазьнейшых выступах на прамову Аляксандра Лукашэнкі?"

(Жданко: ) "Лукашэнка выступаў на саміце 47-м. Пасьля яго было літаральна некалькі выступаў, прытым краінаў, якія не мяжуюць зь Беларусьсю, разьмешчаныя далёка ад яе, і якія абсалютна не закраналі беларускую тэму. Так што рэакцыі, якую можна было б пачуць ад прэзыдэнтаў эўрапейскіх краінаў, не было.

І ўвогуле, выступы эўрапейскіх прэзыдэнтаў – гэта 5-хвілінныя прамовы, у якіх кіраўнікі дзяржаваў надзвычай далікатна казалі пра тэму двухбаковых адносінаў. Лукашэнка быў адзіны, хто ў такой рэзкай і катэгарычнай форме выступіў супраць суседніх дзяржаваў, адносіны зь якімі маюць для Беларусі такое значэньне. Бо тыя заўвагі на адрас Лукашэнкі і сытуацыі ў Беларусі, якія прагучалі ў прамовах Адамкуса і Квасьнеўскага – гэта былі кароткія рэплікі, вельмі далікатныя, вытрыманыя ў спакойным тоне. А адказ Лукашэнкі быў абсалютна неадэкватным".

(Кастусь Бандарук: ) "Згода некаторым зьвесткам, прэзыдэнта ЗША Клінтан меў сустрэцца з Аляксандрам Лукашэнкам. Ці Вам вядома нешта пра гэта?"

(Жданко: ) "Пра сустрэчы Лукашэнкі ўвогуле тут нічога не паведамляецца, апроч таго, што ў першы дзень, адразу пасьля прылёту ён сустрэўся з прэзыдэнтам Таджыкістану Рахмонавым і меў зь ім вельмі працяглую гутарку. Апроч гэтага, ніякай інфармацыі няма. Паводле таго, што можна было бачыць на маніторы ў прэсавым цэнтры, у залях, дзе працавалі недзяржаўныя арганізацыі, паводле тых сюжэтаў, якія можна было бачыць, Лукашэнка пачуваў сябе вельмі няўтульна, бо, фактычна, быў пазбаўлены нейкіх дружалюбных кантактаў з прэзыдэнтамі іншых краінаў, што звычайна на такіх самітах".

XS
SM
MD
LG