Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Навіны 18 лістапада 1999 г.


Алесь Мікалайчанка, Менская вобласьць

(эфір 17 лістапада)
Маніпуляцыі з адключэньнямі–ўключэньнямі цепласыстэмаў дзеля эканоміі энэрганосьбітаў ў шэрагу населеных пунктаў Менскае вобласьці абярнуліся тэхналягічнымі ды іншымі наступствамі для насельніцтва. У выніку людзі засталіся дзе без гарачай вады, дзе без цяпла. Асабліва трывожнае становішча склалася ў мястэчку Радашкавічы, пасёлку Азярцо пад Менскам і ў Стаўбцоўскім раёне.

Амаль увесь мінулы тыдзень жыхары места Радашкавічы Маладэчанскага раёну былі змушаныя ўсё яшчэ абыходзіцца без гарачае вады й цяпла.

Як паведаміла мне сакратарка пасялковага выканаўчага камітэту Аляксандра Шнэйдэр, 28 кастрычніка старшыня раённага выканаўчага камітэту спадар Заяц даслаў сюды з Маладэчні тэлеграму, у якой загадаў адключыць дзеля эканоміі энэрганосьбітаў кацельню мяйсцовага керамічнага заводу, што абслугоўвае ня толькі сваё прадпрыемства, але і ўсё мястэчка. Гэтая каманда, паводле выразу Аляксандры Шнэйдэр, была тады ж выкананая.

5 лістапада кіраўнік Маладэчанскае "вэртыкалі" зноў загадаў: працу кацельні аднавіць! Але кацёл адразу не ўключыўся. Пад час змушанага прастою ён пасьпеў ахаладзіцца, тое-сёе ў ім сапсавалася. Таму толькі позна ўвечары мінулай пятніцай кацельня падала ў Радашкавічы цяпло. Аднак людзі ўсё адно пацярпелі: яны засталіся без гарачае вады. Прычына – вострая неабходнасьць эканоміць паліва, якога не хапае на керамічным заводзе.

Адміністрацыю Лукашэнкі гэтымі ж днямі наведвалі й прадстаўнікі яшчэ аднаго пасёлку, што знаходзіцца пад Менскам, – Азярцо. У тутэйшых жыхароў вялікія прэтэнзіі да начальніка дарожна-будаўнічай управы № 40 Аляксандра Балашчанкі. Як высьвятляецца, праз бойлерныя гэтае ўправы ў Азярцо падаецца гарачая вада. Аднак пасьля акцыі менскіх раённых уладаў па эканоміі энэрганосьбітаў гэтая вада, па-першае, падаецца ў кватэры з перабоямі, а, па-другое, тэмпэратура ў дамах стала далёкай ад нормы: усяго 13–14 градусаў вышэй нуля.

Такая сытуацыя, напрыклад, у кватэрах дома № 8. Жыхарка гэтага дома сп. Зінаіда расказала, што яна перад тым, як класьціся спаць, напаўняе гарачай вадою шкляныя ды паліэтыленавыя бутэлькі, а затым: "ложым у ногі, у сьпіну ложым. І во так і грэемся. Абагравальных прыладаў у нас няма, таму што няма грошай купіць прылады. І няма за энэргію плаціць грошай".

Церпяць з ацяпленьнем і жыхары прыватных дамоў. У прыватнасьці – насельнікі вёсак Бярэзінскага раёну, дзе ў кастрычніку рэзка ўзьняліся кошты тоны торфабрыкету: з 860 тысячаў да 6 мільёнаў рублёў. Праўда, цяпер мяйсцовыя ўлады скасавалі абмежаваньні ў набыцьці брыкету – дзьве з паловаю тоны на зімовы сэзон.

Калі ёсьць грошы, купляй колькі заўгодна. А грошы ў калгасьніка – пяць даляраў ЗША ў эквіваленце.

І яшчэ адна найвастрэйшая для рэгіёнаў праблема, выкліканая нядаўняй акцыяй эканоміі энэрганосьбітаў. Гэта – лазьні, якія зачынілі свае дзьверы для шырокай публікі. Так, з 33-х калгасных лазьняў Стаўбцоўскага раёну палова сёньня не працуе. Работнікі тамтэйшага Цэнтру гігіены і санітарыі ўжо выказвалі сваё незадавальненьне з гэтае нагоды. А прычына усё тая ж – працяг эканоміі сродкаў і паліва.

Паводле намесьніка галоўнага інжынэра вытворчага аб'яднаньня "Мінскэнэрга" Альбэрта Пагоскага, эканомія цяпла абярнулася цягам кастрычніку – пачатку лістапада перавышэньнем спажываньня электрычнасьці насельніцтвам Меншчыны ў 2–3 разы.

XS
SM
MD
LG