Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 18 лістапада 1999 г.


Вольга Караткевіч, Менск

Зь 1 лістапада выкладчыкі Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту павінныя адпрацоўваць ня менш як 30-ць гадзінаў за тыдзень – шэсьць за дзень. У гэтыя шэсьць гадзінаў уваходзяць разнастайныя віды дзейнасьці выкладчыка – навуковая і практычная. Супраць умацаваньня працоўнае дысцыпліны адкрыта выкладчыкі не выступаюць. Унівэрсытэцкія прафэсійныя зьвязы параіліся і актыўных захадаў не зрабілі.

Рэктарат Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту дзеля выкананьня пастановы Савета Міністраў Беларусі ад 4 кастрычніка 1999 году № 1532 аб працоўнай дысцыпліне пастанавіў: зь 1 лістапада забавязаць адміністрацыю і выкладнікаў адпрацоўваць за дзень 8 і 6 гадзінаў адпаведна.

БДУ адным з апошніх перайшоў на гэтую норму. Калі ў выкладніка ў дзень усяго дзьве лекцыі – ён усё адно павінен займацца ўнівэрсытэцкай працаю. І фіксаваць у сшытку ці журнале этапы сваёй працы.

Як паведаміла нашаму радыё дэкан філялягічнага факультэту Ларыса Мурына, у патрэбныя шэсьць гадзінаў залічваюцца – лекцыі, кансультацыі, індывідуальная праца са студэнтамі. Гавораць, што, калі выкладнік наведвае лекцыю калегі, яму залічваюцца дзьве гадзіны… На пытаньне, ці павінен выкладнік займацца адпрацоўкаю толькі ў сьценах унівэрсытэту, дэкан Мурына эмацыйна заўважыла –"аўдыторныя фонды ў нас малыя, а пасядзелкі нам не патрэбныя". Мы зьвязаліся з катэдраю беларускае мовы БДУ й папрасілі старэйшага выкладніка Аляксандра Радзевіча пракамэнтаваць ініцыятыву рэктарату:

(Радзевіч: ) "Работа выкладчыка, гэта ня толькі работа ў аўдыторыі, гэта яшчэ і навуковая работа. Зразумела, у гэтым пляне, вось гэтая рэглямэнтацыя паўплывае, мякка кажучы, на падыход да працы выкладчыка".

(Карэспандэнт: ) "Наколькі матар'яльна паўнацэнна пачуваецца цяпер выкладчык, для таго, каб ягоным адзіным месцам працы быў унівэрсытэт?"

(Радзевіч: ) "Зразумела, што зараз у цяжкіх эканамічных умовах вельмі цяжка пражыць на тое, што зарабляе выкладчык. Таму акрамя асноўнага месца працы прыходзіцца яшчэ падпрацоўваць".

(Карэспандэнт: ) "Які мэханізм таго, як выкладчык выконваве гэтае распараджэньне?"

(Радзевіч: ) "Ну гэта, як нам патлумачылі, пэўная сыстэма картак, дзе мы павінны адзначаць адпрацаваныя гадзіны".

(Карэспандэнт: ) "А ці былі нейкія спробы перамоваў з кіраўніцтвам, каб адкласьці гэтую пастанову, і ці былі нейкія спробы прафсаюзу ўнівэрсытэту нешта зрабіць у гэтым кірунку?"

(Радзевіч: ) "Мне здаецца, пэўных захадаў не было. Проста нас паставілі перад фактам".

(Карэспандэнт: ) "Беларускі выкладчык – гэта выкладчык, які можа працавць пры любых умовах. Фактычна, атрымліваецца так?"

(Радзевіч: ) "Сапраўды, ня гледзячы на песымізм, што рабіць?.. Прафэсія наша такая – несьці веды, а ў якіх умовах… Зразумела, што цяжка, трэба карміць сям'ю, дзяцяй, але тым ня менш, мне здаецца, беларускі выкладчык ужо прызвычаены да ўсялякіх умоваў. Будзем працаваць".

Аляксандар Радзевіч дадаў, што цяпер праца выкладніка базуецца на энтузыязьме. Галоўная кадравая праблема – маладыя выкладнікі неахвотна затрымліваюцца ва ўнівэрсытэце. Або разглядаюць унівэрсытэт як неасноўнае мейсца працы – зь фінансавых прычынаў.

Дзеля таго, каб высьветліць неабходнасьць часавай рэглямэнтацыі працы ўнівэрсытэцкага выкладніка, мы патэлефанілі ў рэктарат. Вось што паведаміў мне начальнік управы вучэбнай і навукова-мэтадычнае работы Віктар Самахвал: "якія могуць быць праблемы, калі выкладнік працуе менш за іншых – усяго шэсьць гадзінаў. А дакумэнт аб рэглямэнтацыі – гэта не распараджэньне, а напамін".

А ўвогуле, заўважыў Віктар Самахвал – "такая норма для выкладчыкаў была ўведзеная яшчэ за часамі бацькі Сталіна". Канец цытаты.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG