Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Навіны 18 лістапада 1999 г.


Віталь Тарас, Прага

(эфір 17 лістапада)
Вядомы беларускі навуковец з Гомелю, прафэсар Юры Бандажэўскі быў адпраўлены ўладамі Беларусі ў турму. Брытанская газэта "The Guardian" лічыць, што ягоны арышт быў зарганізаваны з мэтай здушыць кампанію выкрываньня наступстваў Чарнобыльскай катастрофы.

Прафэсар Юры Бандажэўскі, вядомы ў навуковым сьвеце экспэрт у галіне мэдычных наступстваў радыяцыйнага выпраменьваньня, быў арыштаваны ў сябе дома сярод начы чатыры месяцы таму і абвінавачаны ў хабарніцтве. Ягоныя калегі, – піша "The Guardian", – адзначаюць, што афіцыйныя ўлады імкнуліся замоўчваць крытыку прафэсара ў сувязі са зьмяншэньнем намаганьняў ураду ў справе пераадоленьня наступстваў Чарнобыля. Калі гэта так, ягоны арышт ёсьць праявай жаданьня кіраўніцтва Беларусі ігнараваць доўгатэрміновыя наступствы катастрофы і, не ў апошнюю чаргу, таму, што краіна занадта бедная, каб эфэктыўна змагацца з праблемай радыяцыі.

У апошнія гады Беларусь дэманстравала выразна розныя падыходы да праблемы ўнутры краіны і за мяжой. У той час як улады імкнуліся супакоіць насельніцтва, усхваляванае наступствамі радыяцыі ды асвойваць забруджаныя тэрыторыі ў сельскагаспадарчых мэтах, перад Захадам ўсяляк падкрэсьліваўся цяжар праблемаў і ўхваляўся прыток дапамогі.

У мэдычным інстытуце ў Гомлі, у самым сэрцы найбольш пацярпелага ад радыяцыі рэгіёну, Юры Бандажэўскі працягваў дасьледаваць наступствы ядзернай катастрофы, і ягоныя досьледы аказаліся небясьпечна супярэчнымі адносна афіцыйных зьвестак. У той час як прадстаўнікі афіцыйнае мэдыцыны прызнавалі сувязь паміж Чарнобылем і ракам шчытападобнай залозы ды лейкеміяй, Бандажэўскі паказаў у дадатак адназначную сувязь паміж наяўнасьцю радыяцыі і хваробамі сэрца й нырак.

Ён войстра скрытыкаваў міністэрства аховы здароўя Беларусі за тое, як яно распарадзілася сродкамі, адпушчанымі на навуковыя досьледы. Неўзадоўга да свайго арышту Бандажэўскі ськіраваў адкрыты ліст да Аляксандра Лукашэнкі, у якім дэтальна апісваў, на што і як былі выкарыстаныя гэтыя сродкі.

Прафэсар Бандажэўскі быў арыштаваны на падставе закону аб барацьбе з тэрарызмам ды іншымі асабліва небясьпечнымі злачынствамі. Амаль месяц яго трымалі ў турэмным ізалятары і адмовіліся выпусьціць з-пад варты да суду.

Беларускія адвакаты сьцьвярджаюць, што гэта незвычайная мера стрыманьня супраць тых, каго абвінавачваюць у хабарніцтве. І ў дадзеным выпадку супраць абвінавачанага няма неабвержных доказаў.

Навукоўцы ўсёй Эўропы былі ўзрушаныя, калі даведаліся пра арышт Бандажэўскага. Прафэсар Мішэль Фернэ з Базэльскага ўнівэрсытэту ў Швайцарыі сказаў пра яго: "Гэта адзін з самых мужных навукоўцаў, які пераехаў у забруджаны рэгіён пасьля (Чарнобыльскай) аварыі. Ягоная праца была вельмі важнай."

У некалькіх кілямэтрах ад Гомелю можна бачыць корпус напалову збудаванага шпіталю, прызначанага для ахвяраў Чарнобылю, – піша газэта "The Guardian". Ягонае будаўніцтва было спыненае з-за недахопу сродкаў.

Сьвятлана Гальдадэ, былы мэр гораду, кажа, што закінуты праект сымбалізуе стаўленьне ўладаў да ліквідацыі наступстваў катастрофы. Паводле словаў Гальдадэ, Бандажэўскі разьлічваў на тое, што дзяржава дапаможа людзям навучыцца жыць ва ўмовах пасьля Чарнобылю. Насамрэч, дзяржава імкнецца рабіць выгляд, што гэтых наступстваў не йснуе.

XS
SM
MD
LG