Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 18 лістапада 1999 г.


Сяргей Навумчык, Прага

"Лукашэнка – зусім не бяскрыўдны блазен, якім ён, часам, успрымаецца. Наадварот, ён – небясьпечны нашчадак Сталіна. ЗША павінныя быць заклапочаныя гэтым." – Піша сёньня "Washington Post" у сваім рэдакцыйным артыкуле "Хмара над Стамбулам".

Сёньня "Washington Post" зьмясьціла рэдакцыйны артыкул пад назовам "Хмара над Стамбулам".

Але пачынаецца ён зь менскіх падзеяў. Аўтар нагадвае, што 7 траўня зьнік Юры Захаранка, 16 верасьня зьніклі Віктар Ганчар і Анатоль Красоўскі. Усе трое былі ў апазыцыі да дыктатарскага рэжыму ў сваёй краіне. Ні пра воднага з таго часу няма ніякіх зьвестак.

"Washington Post" лічыць, што зьнікненьне гэтых людзей, роўна як і кіданьне за краты шмат якіх іншых праціўнікаў уладаў, ёсьць сьведчаньнем таго, што Лукашэнка – зусім не бяскрыўдны блазен, якім ён часам успрымаецца. Наадварот, ён – небясьпечны нашчадак Сталіна. ЗША павінныя быць заклапочаныя гэтым, і ня толькі з прычыны таго, што дзесяць з паловай мільёнаў зьбяднелых жыхароў Беларусі зьняважаныя.

Прэзыдэнт Клінтан на гэтым тыдні знаходзіцца ў Стамбуле на сустрэчы сусьветных лідэраў.

Арганізатар Канфэрэнцыі, АБСЭ, змагалася за правы чалавека ў часы жалезнай заслоны. Той час мінуў. Тэрмін "дысыдэнт" сёньня павінен быў бы ўспрымацца як анахранізм. Аднак у славянскім сэрцы старога Савецкага Саюза няма сьвята, і спадар Клінтан, роўна як і ягоныя партнэры – кіраўнікі дзяржаваў, павінныя гэта ведаць.

Расея вядзе брутальную вайну супраць чачэнскага народу. Прэзыдэнт Украіны толькі што перамог на перавыбарах, якія, безумоўна, былі менш дэмакратычнымі і роўнымі, чымсьці папярэднія.

І ў Беларусі кожны, хто падтрымлівае дэмакратыю, аўтаматычна ператвараецца ў дысыдэнта, а кожны дысыдэнт аўтаматычна апынаецца перад небясьпекай. "Хто будзе наступным?" – цытуе газэта пытаньне Анатоля Лябедзькі, які дадае, што "у турме мы часам адчуваем сябе ў большай небясьпецы, чым на вуліцах".

Спадар Лябедзька, які днямі вызвалены пасьля дзесяцідзённай адсідкі за арганізацыю вулічнага шэсьця пратэсту, лічыць, што лукашэнкаўскі варыянт таталітарызму – своеасаблівы "тавар для экспарту". Настальгуючыя камуністы і неафашысты як у Расеі, гэтак і ва Украіне, прыглядаюцца да яго як да мадэлі, якую можна ўвасобіць у іхных краінах.

Артыкул у "Washington Post" завяршаецца наступнымі словамі: "Гэтак жа, як і ў часы халоднай вайны, спадар Клінтан і іншыя кіраўнікі краінаў-удзельніцаў АБСЭ, якія сабраліся ў Стамбуле, павінны даць ясна зразумець, на чыім яны баку – побач з тымі, каго зьнішчаюць у Расеі і прыціскаюць у Беларусі, альбо – побач з прыгнятальнікамі".

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG