Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 18 лістапада 1999 г.


Валянцін Жданко, Стамбул

(эфір 17 лістапада)
Саміт АБСЭ пачынаецца 18 лістапада, а неафіцыйная яго частка пачалася ўжо сёньня. Як вядома, Беларусь у сталіцы Турэччыны прадстаўляюць дзьве дэлегацыі: афіцыйная на чале з Аляксандрам Лукашэнкам і апазыцыйная, Каардынацыйнае Рады.

У Стамбул сёньня прыбылі абедзьве беларускія дэлегацыі: і афіцыйная, якую ўзначальвае Аляксандар Лукашэнка, і неафіцыйная, у склад якой увайшлі кіраўнікі сямі апазыцыйных палітычных партыяў, што складаюць Каардынацыйную Раду. Так і ня змог выехаць у Стамбул восьмы ўдзельнік апазыцыйнай дэлегацыі Мікола Статкевіч, старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі "Народная Грамада". Улады не прыслухаліся да просьбаў кіраўніцтва місіі АБСЭ і не дазволілі яму выехаць за межы Беларусі.

Увогуле, у Стамбуле сёньня ня дзьве а, па сутнасьці, тры беларускія дэлегацыі. Трэцяя – гэта дарадца прэзыдэнта Сазонаў, намесьнік міністра замежных справаў Герасімовіч і супрацоўніца адміністрацыі Лукашэнкі Сьніткова. Дзіўным чынам так сталася, што яны дабіраліся ў Стамбул разам з апазыцыйнымі палітыкамі. Спачатку ў адным вагоне цягніка да Масквы, а потым – адным самалётам у Стамбул. І нават разьмешчаныя яны ў суседніх нумарох аднаго гатэлю. Іхную паездку, як і паездку апазыцыйных палітыкаў, арганізоўвала і фінансавала місія АБСЭ. І тыя і другія лічаць, што гэта было зроблена невыпадкова, і што гэта – зусім не пралік арганізатараў. Зрэшты, калі такая мэта – наблізіць адзін да аднаго перамоўшчыкаў – і ставілася, дык дасягнутая яна не была. Адна і другая групы трымаюцца падкрэсьлена адасоблена.

Удзельнікі апазыцыйнай дэлегацыі, зь якімі мне сёньня ўдалося паразмаўляць – а гэта Станіслаў Шушкевіч, Вінцук Вячорка, Юрась Беленькі, Станіслаў Багданкевіч – катэгарычна адмаўляюць нават магчымасьць размовы за адным сталом з урадавым бокам пасьля таго, як ён гэтак абыйшоўся з дамоўленасьцю пра доступ апазыцыі да дзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі.

У той жа час, урадавыя чыноўнікі – а я гутарыў некалькі гадзінаў таму зь віцэ-міністрам замежных справаў Герасімовічам – лічаць, што нічога надзвычайнага не адбылося, і што перамоўны працэс зусім магчымы. Хоць і яны не хаваюць таго, што скандал з пратаколам пра доступ апазыцыі да дзяржаўнага эфіру і газэтаў стаўся для іх асабіста поўнай нечаканасьцю.

Сёньня ўвечары асобныя гутаркі з апазыцыйнай і ўрадавай дэлегацыямі правёў кіраўнік групы АБСЭ у Беларусі Ганс Георг Вік.
Сустракаўся зь імі ў нефармальнай абстангоўцы і Адрыян Севярын, кіраўнік Рабочай групы па Беларусі Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ, але ў яго галоўныя перамовы, зноў жа асобныя, прызначаныя на заўтра.
Пры гэтым, чыноўнікі АБСЭ не хаваюць, што ўсё ж плянуюць пад час заўтрашняга абеду ці вячэры пасадзіць абедзьве групы за адзін стол.

Аляксандар Лукашэнка прыляцеў у Стамбул сёньня ўвечары і, мяркуючы па выяве на вялізным маніторы, устаноўленым у прэс-цэнтры ў гатэлі Гілтан, быў насьцярожаны і маўклівы. Выступы кіраўнікоў дзяржаваў пачнуцца на саміце заўтра, але Лукашэнку давядзецца чакаць сваёй чаргі, хутчэй за ўсё, да пасьлязаўтра, бо ён значыцца ў сьпісе ажно 47-м з 54-х выступоўцаў.

На атмасфэры саміту безумоўна адбіўся нядаўні землятрус на паўночным захадзе Турцыі – гэта ўсяго ў некалькіх сотнях кілямэтраў ад Стамбулу. Усе мясцовыя тэлеканалы запоўненыя поўнымі драматызму сюжэтамі з раёну бедства. Пэўная напружанасьць адчуваецца і ў Стамбуле, хоць людзі свае дамы тут не пакідаюць.

Натуральна, Стамбул перапоўнены паліцыянтамі, але паводзяць сябе мясцовыя службы бясьпекі ў дачыненьні да ўдзельнікаў саміту досыць карэктна і добразычліва.

XS
SM
MD
LG