Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 18 лістапада 1999 г.


Валянцін Жданко, Стамбул

Сёньня ў Стамбуле распачаўся саміт Арганізацыі Бясьпекі і Супрацоўніцтва ў Эўропе, у якім бяруць удзел кіраўнікі 54 краінаў сьвету.

Сёньня, пад час першага дня працы Стамбульскага саміту беларуская тэма гучала эпізадычна. У часе адкрыцьця сустрэчы ў прывітальным слове пра беларускую праблему згадала старшыня Парялямэнцкай Асамблеі АБСЭ Гэлі Дэні. Яна выказала спадзяваньне на дыялёг паміж беларускай уладай і апазыцыяй, а таксама на тое, што ў наступным годзе ў Беларусі адбудуцца справядлівыя дэмакратычныя выбары.

На беларускіх праблемах акцэнтаваў увагу кіраўнікоў дзяржаваў прэзыдэнт Польшчы Аляксандар Квасьнеўскі. Ён заўважыў, што як кіраўнік суседняй з Беларусьсю краіны, зь вялікай заклапочанасьцю сочыць за маштабным парушэньнем правоў чалвека ў Беларусі, і што АБСЭ павінна браць дзейсны ўдзел у вырашэньні гэтай праблемы.

Напрамую беларуская тэма ў сёньняшніх выступах іншых кіраўнікоў дзяржаваў ня згадвалася. Галоўная праблема, на якой акцэнтавалі ўвагу лідэры вядучых заходніх краінаў – драматычная сытуацыя ў Чачні, выкліканая маштабнай узброенай акцыяй расейскай арміі.

Прэзыдэнт Расеі, які выступаў на саміце другім, загадзя ў катэгарычнай форме адкінуў гэтыя абвінавачаньні, сьцьвярджаючы, што Захад ня мае права крытыкаваць Расею за Чачню.

Назаўтра заплянавана падпісаньне выніковых дакумэнтаў саміту, галоўныя зь якіх – Хартыя бясьпекі ў Эўропе і абноўленая Дамова аб абмежаваньні звычайных узброеных сілаў і узбраеньняў у Эўропе.

Дэлегацыя апазыцыйных беларускіх палітыкаў сёньня ўдзень сустракалася спачатку з кіраўніком рабочай групы па Беларусі Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ Адрыянам Севярынам, а потым із сакратаром Дзярждэпартамэнту ЗША ў пытаньнях правоў чалавека Гаральдам Ху Ко. Пад час перамоваў апазыцыйныя палітыкі выклалі ўзгодненую пазыцыю, якая заключаецца ў тым, што беларускія ўлады нічога не зрабілі з узятых на сябе абавязальніцтваў, і што ніякія перамовы немагчымыя, пакуль ня будзе вырашаная праблема доступу да дзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі, і пакуль у турмах утрымліваюцца палітычныя вязьні.

Сёньня ўвечары дэлегацыя ад апазыцыі сустракалася таксама з удзельнікамі афіцыйнай польскай дэлегацыі на чале зь міністрам замежных справаў Браніславам Герэмекам.

Вельмі паказальны момант саміту – традыцыйнае фатаграфаваньне ўдзельнікаў саміту, якое праходзіла сёньня апоўдні ў палацы Чыраган.
Гэтая працэдура, якая расьцягнулася на некалькі дзясяткаў хвілінаў, суправаджалася звычайнымі ў такіх выпадках нефармальнымі дружалюбнымі зносінамі паміж прэзыдэнтамі. Аляксандар Лукашэнка ўвесь гэты час сярод шумнага натоўпу заставаўся ў адзіноце. Напружаны выраз ягонага твару зьмяніўся ўсьмешкай толькі ў той момант, калі фатограф даў каманду і замільгалі фотабліскавіцы. Потым гэтак жа моўчкі і са сьцятым тварам Лукашэнка ішоў у абедзеную залю, у той час як іншыя прэзыдэнты па дарозе ажыўлена гутарылі адзін з адным і з журналістамі.

(Алена Ціхановіч) "Валянцін, дазволь я ўдакладню, гэта былі здымкі групавыя, ці рабіліся індывідуальныя здымкі ўдзельнікаў?"

(Жданко: ) "Не, гэта быў групавы здымак, як звычайна робіцца на самітах, калі зьбіраюцца ўсе 54 прэзыдэнты краінаў, што ўваходзяць у АБСЭ і становяцца на загадзя вызначаныя месцы.

Раней, памятаеце, у Партугаліі, там таксама быў падобны інцыдэнт з Лукашэнкам. Звычайна такая працэдура суправаджаецца нефармальнымі зносінамі паміж прэзыдэнтамі. Таму яна зацягваецца на некалькі дзясяткаў хвілінпаў".

(Алена Ціхановіч) "А што можна сказаць пра кантакты афіцыйнай беларускай дэлегацыі?"

(Жданко: ) "Афіцыйная беларуская дэлегацыя, якя прыбыла сюды ў Стамбул, так званая група Сазонава, яна фактычна паўтарае тыя самыя сустрэчы, якія заплянаваныя АБСЭ і для дэлегацыі апазыцыйных палітыкаў. Гэта значыць, што сёньня яны таксама сустракаліся з Адрыянам Севярынам, але гэта былі асобныя сустрэчы. Асобна Севярын сустракаўся з апазыцыйнымі палітыкамі і асобна – з групай Сазонава. Тая дэлегацыя, што прыбыла з Лукашэнкам у адным самалёце, пакуль афіцыйных сустрэчаў ня мела".

(Алена Ціхановіч) "Што можна сказаць пра культурную праграму па-за межамі саміту?"

(Жданко: ) "Саміт вельмі кароткі, фактычна ён доўжыцца паўтара дні, заўтра ўдзень павінна быць завершаная праграма, і некаторыя ўжо цяпер пачынаюць пакідаць Стамбул, у прыватнасьці Ельцын. Але тут гавораць, што такая пазыцыя выкліканая яго жаданьнеем ня слухаць крытыку на свой адрас з нагоды Чачні. Бо чачэнская тэма тут гучыць вельмі актыўна і шырока ня толькі ў афіцыйнай залі, але і пад час неафіцыйных сустрэчаў. Тут вялікая дэлегацыя чачэнскага боку, якая вядзе актыўную работу сярод удзельнікаў саміту, шырока раздаюцца касэты, матар'лы пра тое, што робіцца цяпер у Чачні".

(Алена Ціхановіч) "На момант, калі мы запісваем дыялёг, выступленьне Лукашэнкі яшчэ не адбылося. Якой рэакцыі можна чакаць на гэтае выступленьне?"

(Жданко: ) "Галоўны зьмест выступу Лукашэнкі вядомы цяпер. Зразумела, што ён выступіць у абарону пазыцыі Расеі па Чачні, відавочна, што ён паспрабуе адказаць на тыя абвінавачаньні, якія прагучалі ў выступе Аляксандра Квасьнеўскага.

Але тут не адбываецца дыскусіі. Адбываецца 5-хвілінны выступ прэзыдэнтаў. Там важкая кожная фраза. Я думаю, што выступ Лукашэнкі ўжо падрыхтаваны, хоць ён па дарозе ў Стамбул і заявіў, што гэты выступ можа быць скарэктаваны ў залежнасьці ад таго, якія абвінавачаньні будуць тут гучаць на адрас Беларусі. Але я ня думаю, што спраўдзіліся найгоршыя апасеньні Лукашэнкі, бо беларуская тэма тут гучыць ня дужа шырока. Усё ж такі яна засталася ў ценю тэмы чачэнскай, тэмы балканскага крызісу і, як ня дзіўна, драмы Турцыі. Апошняя тэма гучала, фактычна, у выступах усіх прэзыдэнтаў. Іх выступы пачыналіся са словаў спачуваньня Турцыі.

Сэйсмолягі паведамляюць, што ў раёне Мармуровага Муру, дзе разьмешчаны Стамбул, магчымыя новыя штуршкі. Але заўважнай панікі з гэтай нагоды няма. Удзельнікі саміту, дарэчы, былі папярэджаныя пра небясьпеку новых землятрусаў, але ўсё ж сабраліся ў Стамбуле. У пэўным сэнсе гэта стала жэстам салідарнасьці з Турцыяй".

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG