Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 17 лістапада 1999 г.


Сяргей Навумчык, Прага

"Тая ж ваенная расейская кліка, што захапіла аэрапорт у Прышціне, сёньня настойвае на працягу чачэнскай вайны. Аргумэнт адзіны: той, хто ва ўладзе, мае права зьнішчаць разам із сем'ямі тых, хто ня згодны з палітыкай уладароў. Хто спыніць паток даляраў на дапамогу рэжыму, які сьвядома скарыстоўвае амэрыканскія сродкі для зьнішчэньня мірнага насельніцтва?" – піша вядомы амэрыканскі публіцыст Уільям Сэфая у "New York Times".

Сусьветная супольнасьць спадзяецца, што на саміце АБСЭ ў Стамбуле, які распачынаецца заўтра, будзе абраны мірны варыянт вырашэньня чачэнскага канфлікту.

Сёньня Чарльз Бабінгтан у самай ўплывовай амэрыканскай газэце "Washington Post" паведаміў, што на заўтрашняй сустрэчы прэзыдэнт ЗША Білл Клінтан заявіць Барысу Ельцыну, што вырашэньне чачэнская праблемы патрабуе ўдзелу "трэцяй асобы".

Да гэтага часу Крэмль не жадае нават разглядаць варыянт такога пасярэдніцтва, заяўляючы, што гэта было б умяшальніцтвам ва ўнутраныя справы Расеі.

Так, прадстаўнік расейскага МЗС Уладзімер Рахманін лічыць, што куіраўнікі краінаў АБСЭ павінны засяродзіцца на больш шырокіх праблемах эўрапейскай бясьпекі, а не на Чачні. Ён сказаў, што Расея адкіне любую спробу ціску ў дачыненьні да чачэнскага канфлікту. Аднак, дарадца прэзыдэнта ЗША ў справах нацыянальнай бясьпекі Сэндзі Бэргер паведаміў карэснандэнту "Washington Post", што Біл Клінтан уздыме на саміце тэму Чачні нават тады, калі Ельцын паспрабуе ўхіліцца ад абмеркаваньня канфлікту.

Пры гэтым амэрыканская дыпляматыя працягвае спробы пераканаць Маскву ў мэтазгоднасьці сесьці за стол перамоваў.

Прадстаўнік Дзярждэпартамэнту ЗША Джэймс Рубін, тым ня меньш, выказаў спадзяваньне, што Крэмль пойдзе на дыялёг з чачэнскімі лідарамі.

(Рубін: ) "Дзяржсакратар Олбрайт апошнімі днямі знаходзіцца ў цесным кантакце з міністрам замежных справаў Івановым ў справе Чачні і Дамовы аб звычайных узбраеньнях у Эўропе. Мы задаволеныя тым, што прэм'ер Пуцін пацьвердзіў імкненьне шукаць палітычны варыянт вырашэньня канфлікту. Мы зьвяртаемся да Расеі з заклікам пачаць дыялёг з легітымнымі чачэнскімі лідэрамі. Мы ня верым у пазытыўнасьць ваеннага варыянту. Але пакуль мы ня ўпэўненыя, што Расея распачала такі сур'ёзны дыялёг."

Гэтая заява прадстаўніка Дзярждэпартамэнту ЗША Джэймса Рубіна падмацоўваецца і меркаваньнем дарадцы ў справах бясьпекі Сэндзі Бэргера, на якое спасылаецца "Washington Post". Пры гэтым Бэргер лічыць, што ролю пасярэдніка ў перамовах магла б ўзяць на сябе АБСЭ, якая сёньня прадстаўляе 54 краіны.

Будучы саміт у Стамбуле знаходзіцца і ў цэнтры ўвагі расейскай прэсы. Аглядальнікі адзіныя ў прагнозе, што тэма Чачні будзе ключавой. Ніхто не спрачаецца і з тым, што расейская дэлегацыя апынецца ў незайздроснай сытуацыі. Але ацэнкі аналітыкаў і назіральнікаў – палярныя.

Ота Лацыс у "Новых Известиях" піша: "Расеі, канечне, трэба тлумачыць сваю пазыцыю сусьветнай супольнасьці. Але калі сьвет адмыслова стварае сытуацыю, якая выключае раўнапраўную размову, Расея павінна насьцярожыцца. Калі да нас падыдуць зь нечым, што нагадвае ўльтыматум, самае праільнае было б – зноў начысьціць чаравік, якім Хрушчоў грукаў у Ню-Ёрку. Прэзыдэнту Расеі ня варта выслухоўваць мараль ад каго б там ні было". Гэта была цытата з артыкула Ота Лацыса.

А вось іншы падыход, выказаны ў артыкуле праваабаронцы, колішняга дысыдэнта Вадзіма Балацаркоўскага, які зьявіўся сёньня ў "Независимой газете".

"У 96-ым годзе, – піша Белацаркоўскі, – маскоўскі "Мэмарыял" выдаў зборнік, у якім узгадваліся шмат выпадкаў, калі расейскія войскі выкарыстоўвалі мірнае чачэнскае насельніцтва ў якасьці жывой заслоны і, нават, захоплівалі шпіталь у Грозным у жніўні
96-га. Вось такія паводзіны для расейскіх войскаў былі сапраўды ганебныя.

Шаміля Басаева можна параўноўваць зь Ясірам Арафатам, – піша Белацаркоўскі. – Апошні запляміў свае рукі шматлікімі актамі сапраўднага тэрору, але калі ён яго спыніў і пайшоў на мірнае пагадненьне з Ізраілем, ён быў узнагароджаны Нобэлеўскай прэміяй міру разам з Ізраільскім прэм'ерам Іцкахам Рабінам. Нядаўна галоўны змагар із сусьветным тэрарызмам Барыс Ельцын цалаваўся з Арафатам.

Навогул, чачэнцы, абараняючы сваю незалежнасьць, аб'ектыўна спрыялі вызваленьню нашай краіны ад зьнішчальнага рэжыму, падрываючы яго, дэманструючы ягоную жорсткасьць і гніласьць адначасна. Аднак, нашае грамадзтва ня здолела скарыстацца ўрокамі той вайны і дапусьціла ейны паўтор, што пагражае краіне непрадказальнымі наступствамі…

А радыкальнае рашэньне, прычым адзіна эфэктыўнае, гэта – прызнаньне незалежнасьці Чачні, што забясьпечыць ейную бясьпеку (рэспубліка зробіцца суб'ектам міжнароднага права), пазбавіць тым самым глебы басаеўскую апазыцыю і дазволіць Масхадаву ўзяць рэспубліку пад кантроль". Нагадаю, гэта была цытата з артыкула расейскага праваабаронцы Вадзіма Белацаркоўскага ў сёньняшняй "Независимой газете".

Расейскі палітоляг Аляксей Ківа адзначае, што (цытую) "у становішчы, у якім мы цяпер апынуліся, трэба цьвяроза пралічыць, што сапраўды зьяўляецца нашым нацыянальным інтарэсам і прыярытэтам, а што – капрызам кіраўніцтва, праявай настальгіі па былой магутнасьці, і цьвяроза ўзважыць, на што мы здольныя, а што – вышэй за нашыя магчымасьці. Бо нікуды не сысьці ад таго факту, што Расея сёньня слабая і знаходзіцца ў беспрэцэдэнтнай залежнасьці ад Захаду. Не было б у нас ад савецкіх яшчэ часоў магутнага ракетна-ядзернага патэнцыялу, аб нас разьвітыя краіны даўно б выціралі ногі". – адзначае Аляксей Ківа ў сёньняшняй "Московской правде".

Вядомы амэрыканскі публіцыст Уільям Сэфая ў "New York Times" наступным чынам апісвае канфлікт у Чачні. "Дзясяткі ракетаў СС-20 і "Скады" абстрэльвалі Чачню ў якасьці помсты за незалежнасьць, якую чачэнскія партызаны адстаялі пяць год таму. Расейскія гэнералы выкарыстоўваюць грамадзкую думку дзеля таго, каб атрымаць яшчэ большыя сродкі на ўзбраеньне. Былы супрацоўнік КГБ Уладзімер Пуцін выкарыстоўвае чачэнскі канфлікт ў інтрарэсах ўласнага палітычнага рэйтыгну".

"Сёньня зразумела, – піша Сэфая, – чаму Масква падтрымлівала Мілошавіча і лічыла брутальныя этнічныя чысткі сярод касавараў "унутранай справай" – пазьней тыя ж мэтады былі прымененыя і ў Чачні.

Тая ж ваенная расейская кліка, якая захапіла аэрапорт у Прышціне, сёньня настойвае на працягу чачэнскай вайны. Аргумэнт адзіны: той, хто ва ўладзе, мае права зьнішчаць разам із сем'ямі тых, хто ня згодны з палітыкай уладароў.

Хто спыніць паток даляраў на дапамогу рэжыму, які сьвядома скарыстоўвае амэрыканскія сродкі для зьнішчэньня мірнага насельніцтва?" – скончвае Уільям Сэфая свой артыкул у "New York Times".

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG