Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Навіны 17 лістапада 1999 г.


Алесь Мікалайчанка, Салігорск

(эфір 16 лістапада)
Салігорскі гарадзкі выканаўчы камітэт першым у краіне знайшоў палітычную крыніцу фінансаваньня сваіх структурных падразьдзяленьняў. Зь сёньняшняга дню тут уводзіцца ў дзеяньне практыка папярэдняй аплаты мяйсцовымі іншадумцамі заяўленых вулічных акцыяў.

Яшчэ на пачатку гэтага месяцу жыхары Салігорску Валеры Гарбацэвіч, Мікола Дзялендзік ды Мікола Зімін, якія ёсьць актывістамі вольных прафэсійных зьвязаў ды сябрамі розных партыяў нацыянальна-дэмакратычнага кірунку, прыватным чынам падалі заяўку ў мяйсцовы гарадзкі выканаўчы камітэт дзеля правядзеньня 18 лістапада на Цэнтральным пляцы гораду пікету супраць падпісаньня хаўруснае дамовы між Расеяй ды Беларусьсю.

Адказ, які гэтымі днямі прыйшоў да заяўляльнікаў з гарвыканкаму ня проста зьдзівіў іх, але, паводле выразу спадара Зіміна, нават агаломшыў. І не таму, што ўлады перавялі пікет з цэнтру гораду на аддалены стадыён "Будаўнік" – мейсца, адведзенае гарадзкім выканаўчым камітэтам дзеля правядзеньня мерапрыемстваў апазыцыі. Такі падыход уладаў да арганізацыі вулічных акцыяў і падобная палітычныя этыка для салігорскіх іншадумцаў – не навіна.

Навіной стаўся пункт № 3 пратаколу № 14 паседжаньня Салігорскага гарадзкога выканаўчага камітэту: "У адпаведнасьці з Палажэньнем "Пра парадак аплаты выдаткаў, зьвязаных з правядзеньнем масавых мерапрыемстваў у Салігорску" грамадзянам Дзялендзіку, Зіміну й Гарбацэвічу правесьці аплату аддзелу фізычнае культуры, спорту й турызму гарвыканкаму за эксплюатацыю стадыёну ў памеры 24 мінімальных заробкі ды ГРАУС за ахову грамадзкага парадку ў памеры 40 мінімальных заробкаў".

Далей аўтарам заяўкі паведамлялася , што ў выпадку, калі грошы ня будуць заплачаныя да 16 лістападу, пікет забароняць.

Паводле апошніх зьвестак, спадар Гарбацэвіч дзеля таго, каб уратаваць акцыю, вырашыў пазычыць згаданую суму (а яна ў эквіваленце роўная прыблізна 130 далярам ЗША) у сваіх знаёмых і сёньня ж перавесьці іх на рахунак салігорскае вэртыкалі. Натуральна, заяўнікі абураныя такім паваротам справы.

Намесьнік жа старшыні гарадзкога выканаўчага камітэту Ніна Кудраватых на ўсе мае пытаньні заявіла, што ў Салігорску ёсьць пэўны парадак, абавязковы цяпер і для мяйсцовай апазыцыі.

А вось як пракамэнтавала аплату палітычнай акцыі ў Салігорску загадчыца грамадзкай прыёмнай аддзелу БГК Менску й Менскае вобласьці Ванда Панамарэнка:

(Панамарэнка: ) "Тое, што патрабуюць улады гораду Салігорска – незаконнае іх патрабаваньне. Таму што ў Законе Рэспублікі Беларусь "Аб мітынгах, вулічных шэсьцях" няма такога, каб пікетуючыя плацілі грошы. Гэтае іх патрабаваньне парушае свабоду мітынгаў. Свабоду вулічных шэсьцяў.

Работнікі РАУС не павінны ніяк патрабаваць грошы, таму што гэта іх абавязак – ахоўваць пікетуючых. Ведаеце, у маёй практыцы такога не было аніводнага разу, ніколі".

Гэта была загадчыца грамадзкай прыёмнай аддзелу Гэльсынскага камітэту Менску й Менскае вобласьці Ванда Памарэнка.

Чым скончыцца фінансава-палітычны канфлікт у Салігорску, мы паведамім у адной з бліжэйшых перадачаў "Радыё Свабода".

XS
SM
MD
LG