Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 17 лістапада 1999 г.


Міхал Стэльмак, Менск

(эфір 16 лістапада)
Міністэрства замежных справаў Беларусі зарганізавала сёньня ў Менску міжнародную інвэстыцыйную канфэрэнцыю. Экспэрты ўважаюць, што ўлада імкнецца з дапамогаю замежных інвэстараў засьведчыць беларускую цывілізаванасьць.

Цяперашняя Беларусь, сказаў пад час сёньняшняга інвэстыцыйнага форуму прэм'ер Сяргей Лінг, мае адкрытую эканоміку. Паводле словаў старшыні ўраду, а таксама іншых афіцыйных асобаў краіны, яе інвэстыцыйная прыцягальнасьць грунтуецца на шэрагу фактараў, якія маюць першачарговае значэньне для замежнага бізнэсу.

Сярод такіх фактараў – знаходжаньне Беларусі паміж Усходам і Захадам, добры, на думку прамоўцаў, стан яе прамысловасьці й сельскае гаспадаркі, і вядома ж, "сацыяльна-палітычная стабільнасьць" у краіне ды адсутнасьць "мафіі". Як падрэсьліў Лінг, у Беларусі страляюць толькі на паляваньні.

Менавіта ймкненьне ўладаў абараніць беларускае грамадзтва ад панаваньня крымінальных структураў і ад гэтак званае шокавае тэрапіі, на думку ўрадавых прамоўцаў, стварыла ў краіне прывабны інвэстыцыйны клімат. І, маўляў, дарэмна спраўныя колы сьвету не сьпяшаюцца сёньня ў Беларусь. А не сьпяшаюцца яны, як прагучэла на канфэрэнцыі, таму, што міжнародная грамадзкасьць кепска ведае пра сапраўднае становішча ў краіне.

Між тым, гэткая публічная пазыцыя атачэньня Аляксандра Лукашэнкі, мякка кажучы, ня адпавядае ацэнкам незалежных экспэртаў. На іхную думку, цяперашняе кіраўніцтва краіны вычарпала нутраны інвэстыцыйны рэсурс і зараз знаходзіцца перад вострай неабходнасьцю вонкавых капіталаўкладаньняў.

Напрыклад, асноўныя фонды вытворчасьці некаторых галінаў эканомікі састарэлі на 50-80%, што неўзабаве можа выклікаць катастрафічны заняпад эканомікі.

Што тычыцца замежных інвэстараў, то, паводле сёньняшняга форуму, яны ня супраць разьмяшчэньня сваіх капіталаў у эканоміцы Беларусі. Але пры пэўных умовах. Гэтыя ўмовы павінны спрыяць нарошчваньню тут капіталаў.

Паводле выступаў на форуме, прадстаўнікі міжнароднага бізнэсу зусім не знаходзяцца ў інфармацыйным вакууме наконт інвэстыцыйнага клімату ў Беларусі, як гэта бачыцца яе ўладам. Напрыклад, прэзыдэнт польскае гандлёва-прамысловае палаты замежных інвэстараў Стэфан Левандоўскі ў сваім выступе на форуме назваў прычыны, якія робяць гэты клімат непрывабным. Гэтыя прычыны закранаюць найважнейшыя кірункі эканамічнай палітыкі Беларусі, якія, на думку экспэрта, патрабуюць перагляду.

Спадар Левандоўскі, іншыя ўдзельнікі менскага форуму, перш за ўсё, лічаць заганнай цяперашнюю валютную палітыку ў краіне. Наступствам гэтае палітыкі сталася, у прыватнасьці, немагчымасьць атрыманьня замежнымі фірмамі ў Беларусі прыбыткаў у цьвёрдай валюце. Апроч таго, гэтыя фірмы, як і айчынныя суб'екты гаспадараньня, моцна церпяць ад адміністратыўнай цэнавай палітыкі.

Як вынікае з выступаў на канфэрэнцыі, прыход у краіну замежных інвэстараў стрымліваецца тут нярынкавымі зямельнымі стасункамі, калі, напрыклад, толькі прэзыдэнт вызначае, даваць ці не зямлю ў прыватную ўласнасьць.

Не ў пашане патэнцыйных замежных інвэстараў, як высьветлілася сёньня, і дзеючыя ў Беларусі парадкі, якія тычацца дзяржаўных гарантыяў. Бо дагэтуль такія гарантыі, як правіла, не спрыялі тут спраўным посьпехам іншаземцаў.

XS
SM
MD
LG