Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 17 лістапада 1999 г.


Альгерд Невяроўскі, Менск

(эфір 15 кастрычніка)
Экспэртавыя групы ад уладаў і апазыцыі па СМІ вырашылі сёньня ў другой палове дня працягваць перамовы пра доступ апазыцыянэраў да дзяржаўных мас-мэдыяў, нягледзячы на тое, што кіраўніцтва Беларусі адмаўляецца прадастаўляць сваім апанэнтам тэле- й радыёэфір. Такая дамоўленасьць была дасягнутая пасьля сустрэчы апазыцыйных экспэртаў з памочнікам Аляксандра Лукашэнкі Міхалам Сазонавым.

Пасьля сёньняшняй заявы беларускага лідэра пра тое, што вырашаць, дапускаць апазыцыянэраў у дзяржаўныя СМІ ці не – павінны самі рэдактары тэлевізыйных і радыёпраграмаў і газэтаў, далейшыя перамовы пры пасярэдніцтве АБСЭ апынуліся на мяжы зрыву.

Кіраўнікі палітычных партыяў, што ўдзельнічаюць у перамовах, заявілі, што не зьбіраюцца саступаць уладам. Відаць, і ўлады зразумелі, што зрыў перамоваў можа значна ўскладніць іхнае становішча пад час саміту кіраўнікоў дзяржаваў АБСЭ ў Стамбуле.

Паводле некаторых зьвестак, пасьля заканчэньня нарады ў прэзыдэнцкай адміністрацыі Міхал Сазонаў меў даволі працяглую гутарку з Лукашэнкам, пад час якой пераконваў свайго шэфа ў заганнасьці занятай ім пазыцыі адносна праблемы допуску апазыцыянэраў да дзяржаўных СМІ.

І, відаць, усё ж у нечым пераканаць Лукашэнку ўдалося, бо, прыехаўшы на сустрэчу з апазыцыйнымі экспэртамі, сп. Сазонаў паведаміў, што прэзыдэнт падтрымлівае сам тэкст дамовы аб допуску, але пратакол, у якім апісаны мэханізм прадастаўленьня эфіру й газэтных плошчаў апазыцыі, трэба дапрацаваць. Аляксандар Лукашэнка сьцьвярджае, што да тэхнічнага пратаколу ёсьць шмат прэтэнзыяў у журналістаў і рэдактараў дзяржаўных СМІ.

На думку Міхала Сазонава, перамовы трэба працягваць, якія б цяжкасьці не паўставалі. Ён гаворыць, што ня ведае, чаму праблемы па дамове аб СМІ паўсталі менавіта цяпер, напярэдадні саміту ў Стамбуле, але перакананы, што ўсе перашкоды можна пераадолець.

Сёньня прэзыдэнцкі памочнік прапанаваў апазыцыянэрам працягнуць працу экспэртавых групаў і выпрацаваць агульную пазыцыю адносна тэхнічных акалічнасьцяў прадастаўленьня апанэнтам Лукашэнкі эфіру. Ён сьцьвярджае, што ўлады возьмуць на сябе абавязак гарантаванага доступу апазыцыі да СМІ.

Гаворыць Міхал Сазонаў:

(Сазонаў: ) "Ужо сам пратакол, які прэзыдэнт падцьвердзіў, гэта і ёсьць прынятыя на сябе абавязацельствы. Я так разумею, будуць і нейкія канкрэтныя рэчы падпісаныя. Дастаткова нармальна гэты дакумэнт прапрацоўваўся, мы ж не спантанна яго зрабілі. Сядзелі адмыслоўцы з абодвух бакоў – так бы мовіць, калегі, бо ў адной жа дзяржаве жывем – і ўлічвалі ўсе канкрэтныя нюансы нашага рэальнага жыцьця. Так што, думаю, абавязацельствы будуць узятыя".

Абмеркаваўшы праблему, апазыцыйныя экспэрты вырашылі працягнуць кансультацыі, паколькі сп. Сазонаў запэўніў іх, што складанасьці гэтыя вырашальныя. Гаворыць экспэрт ад апазыцыі, дэпутат ВС Уладзімер Нісьцюк:

(Нісьцюк: ) "Экспэрты прапанавалі і вырашылі разам працягваць гэтую працу, таму што яна патрэбная. Яна дае магчымасьць нешта зрабіць, каб не завесьці Беларусь да нейкая сацыяльнага глупства. І мы будзем працаваць і будзем зноў вяртацца да нейкіх тэхнічных момантаў і зноў будзем іх дапрацоўваць".

Паводле дасягнутае дамоўленасьці, наступны раўнд перамоваў паміж уладай і апазыцыяй адбудзецца ўжо пасьля стамбульскага саміту АБСЭ.

Дарэчы, прадстаўнікі абодвух палітычных лягераў будуць удзельнічаць у стамбульскіх сустрэчах. Ад таго, якія рашэньні адносна Беларусі будуць прынятыя ў Стамбуле, відаць, у многім будзе залежаць лёс і менскіх перамоваў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG