Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 17 лістапада 1999 г.


Сяргей Шупа, Вільня

(эфір 16 лістапада)
У нашай перадачы ў мінулую пятніцу мы пераказвалі інтэрвію літоўскай газэце «Рэспубліка» нямецкага палітоляга Аляксандра Бэкера, у якім ён даволі непрыхільна паставіўся да беларускай апазыцыі. Тым часам, у сьвежым нумары нямецкай газэты «Die Welt» зьявіўся вялікі артыкул, аўтар якога прапануе Захаду шукаць кантактаў з Лукашэнкам, а не зь ягонымі крытыкамі.

«З Божай дапамогай назад да дэмакратыі?» Гэткае пытаньне вынес у загаловак свайго артыкулу ў нямецкай газэце «Die Welt» прафэсар сучаснай гісторыі Свабоднага Бэрлінскага Унівэрсытэту Арнульф Барынг. Спадзяюся, Радыё Свабода пасьпее падаць гэты матэрыял першае, бо гэты тэкст здавалася б, напісаны нібы на замову Лукашэнкавай адміністрацыі, асабліва напярэдадні сустрэчы ў Стамбуле.

За часы прэзыдэнцтва Лукашэнкі, – піша прафэсар, – Беларусь сталася краінай-парыяй Эўропы. Апазыцыя пастаўленая на калені, гаспадарка ляжыць, а рэжым стаіць. І ўсё ж пачалі паказвацца першыя азнакі пераменаў. І эўрапейцам варта было б зараз ужыць стары рэцэпт: ператварэньне праз збліжэньне.

Што такое «Менск»? Ангельская мятная цукерка? Модны колер апошняга сэзону? Пушная альпійская жывёліна? Ня ўсе ведаюць слушны адказ на гэтае пытаньне. Вось жа Менск, – тлумачыць нямецкі прафэсар, – гэта горад на 1 мільён 700 тысячаў жыхароў, на поўдарозе паміж Варшавай і Масквою. Гэта – сталіца дзяржавы з назвай Беларусь. Там жыве дзесяць мільёнаў сьціплых бедных людзей. У гарадох – як і ў іншых краінах разьвітага сацыялізму – шмат аднастайных шэрых будынкаў. Затое за горадам – любата: палі, лясы, азёры, некранутая прырода.

У Беларусі ніхто толкам ня можа растлумачыць, чаму гэтая краіна так завецца. Магчыма, гэта найбольшая праблема яе жыхароў, зь якой бяруцца ўсе астатнія. Далей аўтар артыкулу ў газэце «Die Welt» адхіляецца ў глыбіні беларускай гісторыі, сканчаючы аповед жахамі Другой сусьветнай вайны, калі ад рук немцаў загінуў кожны чацьверты жыхар краіны. Прафэсара дзівіць, што сёньняшнія беларусы зусім не адчуваюць нянавісьці да краіны колішніх крывавых забойцаў – Нямеччыны.

Адзінае, – працягвае Арнульф Барынг, – што мы збольшага ведаем пра Беларусь – гэта імя ейнага прэзыдэнта Лукашэнкі. Аляксандра Грыгор'евіча малююць на Захадзе нейкім Дракулам, змрочным тыранам, які прывёў да перамогі кашарнага сацыялізму і да таго ж хоча ўзьяднаць сваю краіну з Расеяй.

Шмат у чым сёньняшняя Беларусь нагадвае нямецкаму прафэсару позьнюю ГДР. Тут пануе парадак і не відаць ніякага руху. Зямля бедная, але чыстая. Было б абсурдна прымяраць Беларусь да Захаду. Было б таксама недарэчна параўноўваць яе з новымі парлямэнцкімі дэмакратыямі накшталт Польшчы, Чэхіі, Вугоршчыны ці балтыйскіх краінаў. Відавочна розьніцца Беларусь і ад суседніх Расеі і Ўкраіны. У Беларусі амаль няма злачыннасьці. Не было тут і прыватызацыі на расейскі ці ўкраінскі манер. У Менску, як выглядае, тон задае ня мафія, а намэнклятура, пануе стагнацыя адміністрацыйнага камунізму. Рэжыму не падабаюцца вальнадумцы, апазыцыянеры, прадпрымальнікі. Аднак няма й гаворкі пра тое, што краіна жыве ў страху і тэроры. Тут, як і ў ГДР, аўтарытарны, а не таталітарны лад, – супакойвае чытачоў газэты «Die Welt» прафэсар гісторыі з Бэрліну.

Дык як жа ставіцца да такога рэжыму? – падыходзіць аўтар да галоўнага пытаньня. – Пазыцыя Захаду тут неадназначная. Злучаныя Штаты прадстаўляе ў Менску малады ідэаліст, але недасьведчаны дыплямат, які, абапіраючыся на максымалістаў-праваабаронцаў, з поўнай сьведамасьцю справядлівасьці справы дамагаецца краху Лукашэнкавага рэжыму. Амэрыканскі амбасадар, прынамсі напачатку, выступаў як падбухторнік.

А вось затое эўрапейскія дыпляматы зь Нямеччыны, Францыі, Брытаніі, Грэцыі ды Італіі, якія працуюць у цеснай лучнасьці зь місіяй АБСЭ (прычым і там і там, заўважае прафэсар, рэй вядуць мянецкія дыпляматы), спрабуюць шукаць трэці шлях – падобны на той, што быў абраны ў дачыненьні да ГДР у часы гэтак званай разрадкі. Яны з разуменьнем ставяцца да асаблівасьцяў думак і паводзінаў Лукашэнкі і да праблемаў Беларусі, не здраджваючы пры гэтым прынцыпам дэмакратыі і свабоднай думкі. Яны даўно ўжо змагаюцца за адмену памылковай і пасьпешлівай пастановы Эўразьвязу пра забарону афіцыйных кантактаў. Ці ж можна рознымі байкотамі і карантынамі дамагчыся канструктыўных пераменаў у думках апанэнта? Ці ж не бязглузда ізаляваць і тым самым абражаць прэзыдэнта, які мае відавочныя сымпатыі да Нямеччыны (!), што выяўляецца хоць бы ў тым, што абодва ягоныя сыны вучылі ў Боне нямецкую мову.

Карацей кажучы, – зазначае аўтар артыкулу ў газэце «Die Welt», – у колах эўрапейскіх дыпляматаў уважаюць, што Лукашэнку патрэбная дэмакратычная легітымізацыя. За ім і так стаіць большасьць насельніцтва, так што ён мае ўсе шанцы перамагчы на будучых выбарах.

Заходняя Эўропа таксама спадзяецца, у адрозьненьне ад часткі беларускай апазыцыі, не на крах цяперашняга рэжыму, а на ягоную паступовую мірную трансфармацыю.

У нас няма ніякіх падставаў прыхарошваць гэтага прэзыдэнта, – апраўдваецц прафэсар Барынг. – Аднак маляваць яго адной чорнай фарбай было б таксама неабачліва, бо гэтага прэзыдэнта мы яшчэ будзець мець доўга. Аднак нам ня трэба доўга чакаць, каб зрабіць нешта для беларускага народу, каб адкрыць перад ім заходнія пэрспэктывы будучыні.

Гэтак заканчвае свой артыкул у апошнім нумары газэты «Die Welt» прафэсар сучаснай гісторыі Свабоднага Бэрлінскага Унівэрсытэту Арнульф Барынг.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG