Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 17 лістапада 1999 г.


У гэты час у менскай штаб-кватэры БНФ праходзіць чацьверты зьезд Свабоднага прафэсійнага зьвязу мэталістаў. Зьезд галіновага прафэсійнага зьвязу, які аб'ядноўвае прыкладна тры тысячы працаўнікоў менскіх маторнага, трактарнага ды аўтазаводаў, а таксама берасьцейскага прадпрыемства "Цьветатрон", павінен абраць новае кіраўніцтва гэтай арганізацыі й вызначыць тактыку дзеяньняў у справе абароны рабочых ад свавольства ўладаў.

Як паведаміў старшыня Свабоднага прафэсійнага зьвязу мэталістаў Міхал Марыніч, у зьезьдзе возьмуць удзел каля 30-ці дэлегатаў ад усіх першасных суполак прафэсійнага зьвязу.

Акрамя абраньня кіраўніцтва арганізацыі і ўнясеньня зьменаў у статут, дэлегаты зьбіраюцца прыняць шэраг зваротаў да грамадзкасьці аб уціску сябраў прафэсійнага зьвязу з боку адміністрацыяў прадпрыемстваў і мяйсцовых уладаў.

Паводле словаў сп. Марыніча, на некаторых заводах кіраўніцтва пагражае рабочым звальненьнем за ўдзел у руху прафэсійных зьвязаў, не жадае заключаць зь імі доўгатэрміновыя працоўныя кантракты, не выконвае гэнэральнага тарыфнага пагадненьня, а таксама разам з раённымі адміністрацыямі супрацьдзейнічае рэгістрацыі першасных суполак Свабоднага прафэсійнага зьвязу мэталістаў.

Так да прыкладу, адміністрацыя менскага аўтазаводу адмаўляецца прадстаўляць свабоднаму прафэсійнаму зьвязу юрыдычную адрэсу на прадпрыемстве, а мяйсцовы ворган улады ў сваю чаргу адмаўляецца рэгістраваць зьвязовую суполку МАЗа.

З гэтае нагоды прафэсійны зьвяз аўтазаводу зьбіраецца правесьці 24 лістапада ў Менску марш пратэсту. Рабочыя маюць намер прайсьці да амбасадаў ЗША, Расеі, Нямеччыны, Вялікабрытаніі, Францыі ды Італіі, каб зьвярнуць увагу заходніх дыпляматаў на парушэньне ўладамі іхных правоў.

Зьезд Свабоднага прафэсійнага зьвязу мэталістаў, таксама зьбіраецца зьвярнуцца да міжнародных структураў з прозьбаю націснуць на беларускія ўлады дзеля таго, каб прымусіць іх выконваць міжнародныя забавязаньні ў галіне абароны правоў працоўных.

Альгерд Невяроўскі, Менск

Падрабязнасьці аб рабоце зьезду – у нашым вечаровым выпуску.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG